Карбалевіч: «Чыноўнікі таксама чакаюць, што да іх у любы момант можа пастукаць ГУБАЗіК»
Палітолаг Валерый Карбалевіч дзеліцца з «Филинам» сваімі развагамі наконт вынікаў вялікай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.
Кіраўнік Беларусі 16 снежня правёў вялікую нараду з эканамічным блокам ўрада, казалі аб санкцыях і спробах ім супрацьстаяць.
Праўда, гэтым тэмы не скончыліся, шмат было сказана пра тое, што і сярод кіраўніцтва краіны хапае людзей з «антыдзяржаўнымі поглядамі», Лукашэнка нават прапаноўваў ім ехаць у Польшчу і Літву і ўладкоўвацца да апазіцыі.
Пра вынікі нарады Филин пагаварыў з палітолагам Валерыем Карбалевічам.
— Галоўнае з пачутага — гэта спроба мабілізацыі дзяржаўнага апарата на рашэнне задач, якія стаяць перад рэжымам: процідзеянне санкцый, правядзенне рэферэндуму, спроба растлумачыць сітуацыю наменклатуры. Усім гэтым дзяржава займаецца ўжо больш за год, нічога асаблівага я не ўбачыў, — адзначае эксперт.
Чаму Лукашэнка стаў гаварыць аб тым, што сярод чыноўнікаў шмат тых, хто яго не падтрымлівае?
— На самай справе — гэта адлюстраванне рэальнасці. Як бы Лукашэнка ні казаў, што яго праціўнікі — гэта «купка адмарозкаў», але высвятляецца, што нават на кіруючых пасадах дзяржаўных прадпрыемстваў ёсць яго апаненты. Гэта разбурае ўсю карціну, якую выбудоўвае дзяржаўная прапаганда паўтара года.
Па-другое, гэта папярэджанне, што ён за ўсім сочыць, усё ведае, каб ніхто не спрабаваў выступаць супраць яго.
Разам з тым, былі новыя тэзісы адноснага таго, што не трэба звальняць тых, хто падпісаўся супраць яго на мінулых выбарах. У пэўным сэнсе — гэта змена тону і стылістыкі.
Магчыма, Лукашэнка спрабуе гуляць у ліберала, а дзеянні сілавікоў як быццам праходзяць не з ягонай ініцыятывы. У нешта падобнае гуляў Сталін, калі крытыкаваў тых, хто перагнуў палку калектывізацыі, абвінавачваў Яжова ў тым, што занадта шмат людзей расстраляў і арыштаваў.
Да гэтага часу сэнс пасланняў з боку ўладаў быў наступным: вас білі, вас катавалі, і мы будзем далей так рабіць. Тыя ж вялікія тэрміны ў «справе Ціханоўскага» арыентаваныя на тое, каб запалохаць людзей. А сённяшнія заявы трохі ў іншы бок.
Атрымліваецца, ёсць і кіраўнікі з «антыдзяржаўнай пазіцыяй», але не трэба звальняць тых, хто падпісаўся супраць яго. Гэта частая з'ява, калі ў выступах Лукашэнка суседнічаюць ўзаемавыключальныя тэзісы. Чыноўнікі пасля такога не разумеюць, што ж ім рабіць: бегчы ці стаяць.
Як любы аўтарытарны кіраўнік, Лукашэнка нікому не давярае, усіх падазрае. Невыпадкова адбываюцца ўсе гэтыя кадравыя змены. Вельмі характэрна, што ён лічыць: свой пункт гледжання можна мець толькі ў Літве, але не ў Беларусі.
Жывуць цяпер у страху прадстаўнікі ўлады?
— Страхам назваць гэта, можа, няправільна, але ёсць перманентны стрэс. З аднаго боку, людзі чакаюць, што да іх у любы момант можа пастукаць ГУБАЗіК (не важна па якой прычыне, у гэтай сістэме ніхто не абаронены), а з другога — баяцца, што ў выпадку змены ўлады стануць адказнымі, усё ж нешта падпісвалі, кагосьці звальнялі.
Стрэс з двух бакоў. Яны бачаць, што тыя чыноўнікі, якія сышлі з пасадаў публічна, галоўныя ворагі і здраднікі, іх судзяць, садзяць у турму, але і не забываюць аб магчымых наступствах сваіх дзеянняў.