Нябачныя збоі сістэмы

Жорсткія тэрміны зняволення Ціханоўскаму і кампаніі за тое, што яны з турмы здолелі «кіраваць пратэстамі» — гэта не толькі абуральнае дзеянне, але і спроба зцэментаваць сістэму, што пачынае даваць збоі. А тое, што сістэма «збаіць», — відавочна нават па словах Лукашэнкі.

system_error.jpg


Думаецца, відавочна, што тэрмінамі звыш 10 гадоў Сяргею Ціханоўскаму адпомсцілі за жонку. Мікола Статкевіч — увогуле ледзь не «персанальны вораг» Лукашэнкі з даўніх часоў. Усім астатнім проста не пашанцавала (ці наадварот, пашанцавала) трапіць у іх пачэсную кампанію.
Але адначасова гэта — і спроба паказаць, найперш, сваім прыхільнікам, і таму самаму «апошняму амапаўцу», што ўлада яшчэ ўтрымліваецца, і, нібыта, мае намер трымацца доўга. Маўляў, мы даем такія тэрміны таму, што ўпэўненыя — яны столькі і будуць сядзець. Але насамрэч усе разумеюць, што «ад званка да званка» ніхто сядзець не будзе. Бо званочкі таго, што сістэма пачынае крышыцца, праслізгваюць ужо нават у прамовах Лукашэнкі.
На тыдні першым такім «званочкам» стала адстаўка Лідзіі Ярмошынай з пасады кіраўніка ЦВК і замена яе на Ігара Карпенку. Нягледзячы на тое, што Ярмошына даўно прасілася ў адстаўку, відавочна: прэзідэнцкая кампанія 2020-га нанесла ёй траўму, несумяшчальную з далейшым палітычным жыццём. Але Лукашэнка нізавошта б не пазбавіўся ад сваёй звышлаяльнай кіраўнічкі ЦВК, калі б на то не было вельмі важкіх прычынаў. І сярод іх — праблемы з фармаваннем выбарчых камісій (пра што ўжо пісалася ў НЧ) на маючым адбыцца рэферэндуме. Гэтую задачу павінен вырашыць Карпенка, але яна невырашальная.
Як пішуць розныя тэлеграм-каналы, такая праблема сапраўды паўстала, і ўжо паступаюць сігналы пра тое, што людзі адмаўляюцца ўдзельнічаць у гэтых камісіях. Больш за тое, за адмову ва ўдзеле пачынаюцца звальненні сярод настаўнікаў. Нават апазіцыя ўжо ўступілася за такіх «адмоўнікаў», прапануючы ім пагаджацца на ўключэнне ў камісіі — з аднаго боку, пазбягаючы рэпрэсій, з іншага, — каб забяспечыць «унутранае назіранне» за працэсам галасавання.
А як будуць дзейнічаць у камісіях людзі, якіх туды ўключылі пад пагрозай звальнення? Відавочна, што камуніст Карпенка, рэалізуючы ў сённяшніх умовах ленінскую стратэгію па «чырвоным тэроры» і запужванні, не падумаў пра наступствы сваіх першых крокаў. Яно і не дзіўна: цяперашнія ўлады пра іх не думаюць зусім.
Праўда, пакуль звесткі пра рэферэндум дазваляюць казаць, што ён яшчэ віламі па вадзе пісаны. Праект Канстытуцыі нам абяцалі паказаць да канца лістапада, напачатку снежня, снежань ужо падыходзіць да канца, а Лукашэнка кажа, што «правядзем на тыдні яшчэ адно пасяджэнне (канстытуцыйнай камісіі — Рэд.), дашліфуем нешта, аддадзім вам — вырашайце».
Мне, безумоўна, падабаецца тут слова «нешта». Асабліва з улікам таго, што наступны тыдзень — гэта ўжо Каляды. Да Новага года засталося часу зусім крышачку, а ў Лукашэнкі ў гэтым годзе яшчэ запланаваная сустрэча з Пуціным, куды ён, напэўна, і павязе гэты праект Канстытуцыі. Прычым, большасць аналітыкаў адзіныя ў меркаванні, што новы лукашэнкавы Асноўны закон Пуціну не спадабаецца. Значыць, прыйдзецца «дашліфоўваць» яшчэ і яшчэ.
Лукашэнка, канешне, майстар «забалбатаць» праблемы, тэрміны і гэтак далей, спрабуючы пад гэтай маркай трымацца за ўладу, але час працуе не на яго. Па-першае, «вялікі брат» больш не дае грошай пад балбатню. Па-другое, вернемся да трывожных званочкаў.
Валіцца сацыяльная сістэма. Аж да таго, што правадыр адпраўляе чыноўнікаў жабраваць, каб назбіраць на рамонт Віцебскай абласной бальніцы. Ён так і сказаў, што «паспрабуе» дапамагчы з закупкай абсталявання, а на рамонт памяшкання «збірайце грошы, з шапкай хадзіце па вобласці, але гэта хоць бы зрабіце».
Калі б у Лукашэнкі былі Матолька і Стрыжак, гэтую праблему хутка бы вырашылі. Аднак тых, хто ўмее кіраваць краўдфандынгамі, у нас абвясцілі «экстрэмістамі». І таму ўзнікаюць вялікія сумневы, што нехта нешта ў тую шапку кіне.
А сапраўды, каму кідаць, калі валіцца гаспадарка? Сам Лукашэнка вызнаў, што ў Віцебскай вобласці 72% сельгаспрадпрыемстваў не могуць існаваць без дзяржаўнай падтрымкі. То-бок, амаль тры чвэрці сельскай гаспадаркі рэгіёну самі стаяць з такой жа шапкай.
Неспакойна ў сілавым блоку. Па паведамленнях СМІ кіраўніка «Алмаза» «сышлі» з пасады і адправілі намеснікам дырэктара па бяспецы спарткомплекса «Стайкі». Ачмурэнная кар’ера!
Па паведамленнях тых жа тг-каналаў, у міліцыі плануецца вялікая «чыстка», да 50% будзе звольнена ў цэнтральным апараце, не кажучы ўжо пра іншыя структуры. Пры тым, што дэфіцыт супрацоўнікаў, нягледзячы на вонкавы спакой, складае ўжо 25% персаналу, а ў асобных РАУС — і да 50%. Кажуць, што гэтай чыстцы паспрабаваў запярэчыць сённяшні кіраўнік ведамства Кубракоў, дык яго «вычысцілі» і самога. Яго на пасадзе міністра, нібыта, павінен змяніць яго першы намеснік Назаранка, які камандаваў унутранымі войскамі ў перыяд пратэстаў 2020-га.
Падаецца, адбываецца тое, пра што неаднаразова казалі яшчэ ўвосень таго ж 2020-га, пра што папярэджвалі шматкроць: логіка таталітарных рэжымаў палягае ў тым, каб пазбаўляцца ранейшых прыхільнікаў. Па трапнай песні Бутусава: «Если есть те, кто приходят к тебе, найдутся и те, кто придёт за тобой». За некім, ёсць адчуванне, прыйдуць яшчэ да таго, як улада зменіцца…
Разважаючы пра магчымасць абвастрэння ў перыяд рэферэндуму, і імаверны паўтор падзеяў 2020-га Лукашэнка папярэдзіў сілавікоў: «Хачу папярэдзіць вас, міліцыю і кантралюючыя органы: перабору быць не павінна».
І тут шмат пытанняў. Няўжо Лукашэнка вырашыў утаймаваць сілавы блок? Што яго змусіла да гэтага кроку? І як на яго прамовы адрэагуюць самі сілавікі, якія ўжо звыклі да ўсёдазволенасці і беспакаранасці?
Увогуле, усе апошнія пасажы пакуль кіраўніка дзяржавы выглядаюць так, нібыта ён спрабуе згуртаваць вакол сябе сваіх жа чыноўнікаў, сваю апору і надзею. Гэта азначае, што ў калідорах улады ідуць нябачныя нам дэзынтэграцыйныя працэсы, якія не бачым мы, але адчувае Лукашэнка. І тое, што ён адчувае, яму вельмі не падабаецца.