Ярмошына vs Карпенка: Праблему не бачыш? А яна ёсць!

Замена нязменнай дагэтуль кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай на «шчырага ленінца» Ігара Карпенку сведчыць пра праблемы як ва ўладзе, так і ў магчымым рэферэндуме.

Ігар Карпенка

Ігар Карпенка


У прынцыпе, тут няма нічога нечаканага. Спадарыня Ярмошына даўно прасілася «ў спакой». Яна і раней казала, што прэзідэнцкая кампанія 2020-га — для яе, напэўна, апошняя, і ёй час на пенсію. Працоўны кантракт яе заканчваецца ў 2022 годзе, а 29 студзеня 2022 года ёй будзе 69 гадоў.

Карпенку ж усяго толькі 57, і ён можа працаваць далей.

Канешне, шмат хто скажа, што гэтая ракіроўка яшчэ раз сведчыць, што ў Лукашэнкі «кароткая лава запасных», і ў сістэме не вельмі багата адданых яму людзей, якія б пагадзіліся на такое нервовае прызначэнне. Апроч таго, будуць размовы пра тое, што Лукашэнка пазбавіўся «вельмі таксічнага актыву». Менавіта з імём Ярмошынай звязваюць усе рэферэндумы і выбары ад 1996 года. І, нагадаем, абсалютна ўсе яны былі не прызнаныя міжнароднай супольнасцю як транспарэнтныя, празрыстыя, вольныя і справядлівыя.

Аднак змена Ярмошынай на Карпенку ў гэтым нічога не зменіць, таму што ніхто не можа зрабіць былое небылым. Адзінае, што Лідзія Ярмошына цяпер можа з’ехаць дажываць свой век у любімы Калінінград, дзе ў яе сяброўкі. Калі, канешне, яны яшчэ засталіся сяброўкамі пасля 2020-га, і калі яе туды адпусцяць. Таму што Лукашэнка вельмі не любіць адпускаць ад сябе людзей, якія шмат раскажуць пра яго і пра яго дзеянні пры нагодзе.

Што ж тычыцца прызначэння Карпенкі, то, верагодна, улады асэнсавалі праблему, з якой наўрад ці справілася б Лідзія Ярмошына, калі б яна захоўвала сваю пасаду. Справа тут, ізноў жа, у тым, што народ «прачнуўся» ў 2020-м, і што грамадства ўжо не будзе такім ціхенькім, як раней.

Гэтая праблема — у фармаванні камісій па рэферэндуме. Не сакрэт, што значную частку чальцоў гэтых камісій складаюць настаўнікі. І тым больш не сакрэт, што пасля 2020-га, асабліва пасля таго, як на гэтых настаўнікаў — чальцоў камісій абрынулася грамадская абструкцыя, набраць новых «паслухмяных» чальцоў камісій будзе вельмі складана. Да таго ж, не выключана верагоднасць, што сярод гэтых настаўнікаў будуць людзі, якія «прачнуліся». Таму што адна справа была — проста падпісаць выбарчыя пратаколы прэзідэнцкай кампаніі (і нават з гэтым узніклі складанасці), а другая рэч — на ўласныя вочы пабачыць, да чаго такое падпісанне прывяло. А прывяло яно да таго, што ці не ў кожным класе ёсць дзіця, бацькі якога так ці інакш пацярпелі ад рэпрэсій за гэтыя месяцы.

Настаўнікі не жывуць у вакууме, яны вымушаныя адказваць на пытанні хаця б сваіх вучняў. І гэта для іх — вялікі цяжар.

Таму адна з асноўных задачаў перад рэферэндумам — гэта фармаванне «паслухмяных» камісій. Гэта тая самая праблема, якую і павінен вырашыць экс-міністр адукацыі, а цяпер старшыня ЦВК Карпенка. Яго прызначылі на гэтую пасаду, таму што ён, прынамсі, павінен ведаць свой былы «калектыў» у маштабах краіны. Ён павінен завабіць у камісіі тых самых настаўнікаў, і забяспечыць «правільнае галасаванне» на ўчастках, якія месцяцца, у асноўным, канешне ж, у школах.

З аднаго боку, крок абсалютна лагічны. З іншага — ці прывядзе ён да запланаванага выніку?

З гэтым, безумоўна, ёсць сумневы. Таму што міністр Карпенка наўрад ці з’яўляецца аўтарытэтам для сваіх экс-падначаленых. Гэта пры ім навучальныя праграмы змяняліся ў залежнасці ад паспяховасці Колі Лукашэнкі: пачынаючы ад матэматыкі і знакамітых «чэрвяў на палову падручніка», і заканчваючы пераносам часу пачатку ўрокаў ад таго, што Колю Лукашэнку было цяжка ўставаць.

Гэта пры Карпенку здарылася трагедыя ў Стоўбцах, калі вучань напаў з нажом на настаўніцу і аднакласнікаў.

Гэта Карпенка не пагаджаўся на тое, каб школы сыходзілі на каранцін у перыяд пандэміі, і нават супраціўляўся пераносу школьных вакацыяў. Дарэчы, ён упарта працягвае гнуць гэтую лінію, хаця ў нас заканчваецца ўжо чацвёртая хваля covid. Не кажучы ўжо пра тое, што Міністэрства адукацыі дагэтуль не здолела распрацаваць дзесяць разоў абяцаную платформу дыстанцыйнага навучання.

Таму задача Карпенкі па стварэнні камісій выглядае невыканальнай. Да таго ж Карпенка, у адрозненне ад Ярмошынай — не юрыст. Ён усё жыццё правёў на «ідэалагічнай рабоце», пачынаючы ад кіраўніка аддзела выхаваўчай работы ў розных універсітэтах, і, уласна, заканчваючы пасадай міністра адукацыі. І яму цяжка будзе знаходзіць тыя юрыдычныя зачэпкі і выверты, за якія журналісты (прызнаемся шчыра) усё ж любілі Лідзію Ярмошыну. Цяпер, напэўна, выбарчыя кампаніі будуць праходзіць з «ленінскай мэтазгоднасцю», і без надання ім хаця б нейкай юрыдычнай афарбоўкі.

Калі такія кампаніі, канешне, увогуле будуць — мы ж яшчэ не ведаем, што напісана ў праекце Канстытуцыі, які нам усё не могуць паказаць…