Ярмошына больш не старшыня ЦВК Беларусі

Аляксандр Лукашэнка змяніў старшыню Цэнтрвыбаркама. Лідзія Ярмошына пакідае сваю пасаду. Замест яе Цэнтральную выбарчую камісію ўзначаліць міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Лідзія Ярмошына. Скрыншот відэа 

Лідзія Ярмошына. Скрыншот відэа 

Пра гэта са спасылкай на тэлеграм-канал «Пул первого» паведамляе reform.by.
«Ігар Карпенка ўзначаліў Цэнтрвыбаркам Беларусі», — паведамілі аўтары набліжанага да Лукашэнкі рэсурсу.
Трэба адзначыць, што бягучы кантракт Лідзіі Ярмошынай заканчваецца. Раней яна казала, што не збіраецца заставацца на чале ЦВК пасля 2022 года.
Па словах Лукашэнкі, новаму старшыні ЦВК давядзецца правесці рэферэндум па Канстытуцыі. Калі праект новага Асноўнага закону будзе зацверджаны, то Карпенка павінен атрымаць ухвалу Усебеларускага народнага сходу.
Лукашэнка дадаў, што Карпенка, верагодна, будзе першым старшынём ЦВК, абраным ВНС.
Таксама сёння Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўнікоў двух аблвыканкамаў. Новыя старшыні з'явіліся ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях.