Усебеларускі народны сход — гэта наша ўсё, але не для ўсіх
У кожны сезон спее свая ягада, таму ці варта чакаць станоўчага эфекту ад пераносу векавога нацыянальнага ўкладу жыцця ў сучаснасць?
Снежань. Час падводзіць вынікі. Ліквідацыя 270 НКА ў Беларусі і абяцанне выразаць усіх мярзотнікаў, «якіх вы фінансавалі», — важныя, але лакальныя падзеі Года народнага адзінства.
Снежань. Час павышанага попыту на айчынных і замежных настрадамусаў. Нічога з гэтым не паробіш. Жаданне зазірнуць у будучыню ў чалавеку невынішчальнае. А дзе попыт — там і прапанова. Аднак, улічваючы пастаянны дэфіцыт прарокаў у сваёй Айчыне, прапаную звярнуцца да прарокаў замежных, сярод якіх адно з вядучых месцаў займае дацкі Saxo Bank са сваімі «шакавальнымі прагнозамі».
Прагнозы дацкіх банкіраў у асноўным датычацца малаверагодных і недаацэненых, але разбуральных для сусветнай эканомікі падзей — так званых «чорных лебедзяў».
Галоўная тэма прадказанняў на 2022 год — рэвалюцыя, у якасці асноўнай прычыны якой выступае няроўнасць, якая расце ў грамадстве. Для беларусаў, што нібыта даўно вычарпалі ліміт такога кшталту мерапрыемстваў (іх каляровыя аналагі не лічацца), такі прагноз выглядае нечакана. Зрэшты, дырэктар па інвестыцыях Saxo Bank Сцін Якабсэн супакойвае, што тэма рэвалюцыі ў шок-прагнозе не азначае гвалтоўных дзеянняў: гэта не зрынанне палітычнага ладу, а пераварот у мысленні і паводзінах, адмова ад ранейшых парадыгмаў.
Адлягло. Тым не менш расслабляцца рана. Я не спецыяліст у пытаннях заходняга правасуддзя, але досвед, набыты сярод родных бяроз і асін, падказвае, што пераварот у мысленні і паводзінах — задавальненне не з танных. Пра наступствы, выкліканыя адмовай ад ранейшых парадыгмаў, лепш прамаўчаць.
Не абышлі сваёй увагай дацкія банкіры і перспектывы «зялёнай» энергетыкі. Рэкордны рост цэнаў на газ у Еўропе ў другой палове гэтага года зменшыў аптымізм змагароў з выкапнёвым палівам. Палітыкі (вось ужо дзе бесхрыбетныя прыстасаванцы!) зрэагавалі імгненна і навыперадкі кінуліся даказваць неабходнасць перанесці тэрміны дасягнення кліматычных мэтаў.
Рост цэнаў на сыравіну выклікаў падаражанне дызельнага паліва і ўгнаенняў. Адпаведна, скіраваліся ўверх і цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Адначасова пачалі расці цэны на металы.
Эфект даміно, аднак. Чаму б ім не скарыстацца? Па выніках 2020 года экспарт прадукцыі АПК склаў 19,9% ад усяго беларускага экспарту пры долі сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі ў ВУП 6,8%. За студзень-кастрычнік 2021 года паказчык падняўся да 7,7%. Ведай нашых! У «зялёных» па выніках года наскрабём не менш за 6,2 млрд супраць 5,8 млрд годам раней. Такі прагноз намеснік міністра сельскай гаспадаркі Ігар Брыло агучыў 2 снежня ў праграме «Маркаў. Нічога асабістага» на АНТ. У мяне няма падстаў не давяраць такому высокаму чыноўніку.
Але не хлебам адзіным жывы беларускі экспарт. Беларусь не дарма праходзіць па разрадзе «петрастэйт» (дзяржава, асноўным артыкулам даходу якой з’яўляецца экспарт нафты). У 2020 годзе нафты і нафтапрадуктаў было экспартавана на $ 9,7 млрд (33,2% ад агульнага экспарту). Колькі будзе па выніках 2021-га, афіцыйная статыстыка вырашыла не паведамляць. Яе зразумець нескладана. Ахвочых зайздросціць нашым дасягненням заўсёды хапала. Навошта ж ім даваць лішнюю нагоду?
Тут ёсць пра што задумацца
Калі я чытаў прагноз Ігара Брыло, дык было ўзрадаваўся, але стрымаўся — і, як высветлілася, меў рацыю. Абгрунтаванасць маёй стрыманасці пацвярджае цытата з дакладу на V Усебеларускім народным сходзе: «Да 2020 года сельская гаспадарка павінна стаць высокаэфектыўнай галіной з узроўнем рэнтабельнасці продажаў не менш за 10% і экспартнай выручкай ад $ 7,5 млрд».
Даклад на V усенародным веча, калі хто забыўся, быў зачытаны 22 чэрвеня 2016 года, і да запланаванага аб’ёму экспартнай выручкі беларуская мадэль не тое што за пяць, але і за шэсць гадоў нават і блізка не падышла.
І сапраўды, не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца. Такая суровая праўда жыцця, але займацца здагадкамі мае сэнс толькі ў выпадку наступнай адказнасці за свае здагадкі — бо думаеш адно, а яно перавернецца на дно.
Па словах Ігара Брыло, у рамках Дзяржаўнай праграмы «Аграрны бізнес» была пастаўленая задача выйсці на $ 7 млрд да 2025 года. І гэта лічба не высмактаная з пальца і не ўзятая са столі, што пацвярджае наступная цытата: «Аднак ужо цяпер відаць, што мы такога паказчыка павінны дасягнуць раней. Што да далейшага патэнцыялу, экспарт будзе ўтрымліваць некалькі складнікаў. У цяперашніх умовах мы маем намер перагледзець рэзервы. Напрыклад, надой на адну карову за год складае 5,3 тоны малака. А пры правільным кармленні і неабходных умовах наша беларуская парода можа даваць і 7,5 тоны за год. Адзначу, што ні адно наша малочнае прадпрыемства сёння не загружанае на сто працэнтаў. І ў гэтым і ёсць рэзерв».
Пра дасягнуты надой на адну карову намеснік міністра памятае, але пра рашэнне Усебеларускага народнага сходу забыўся. І не ён адзін. Праграма «Аграрны бізнес» зацверджаная пастановай Савета Міністраў 1 лютага 2021 года № 59. Яе аўтары, кажучы мовай XIX стагоддзя, “пахерылі” — г.зн. перакрэслілі крыж-накрыж, — рашэнне нашага веча, нашага інстытута сапраўднага народаўладдзя. І гэта цяпер разумець?
Калі не здарыцца форс-мажор, то ў лютым усім нам трэба будзе ўхваліць новую Канстытуцыю. Тэкст да гэтага часу не апублікаваны, але ў тым, што асноўныя змены накіраваныя на замацаванне статусу Усебеларускага народнага сходу, сумнявацца не даводзіцца. Без яго, як без вады, і ні туды, і ні сюды.
Дам слова спецыялісту: «УНС — гэта наша веча. Лічу, што гэты інстытут народаўладдзя адпавядае векавому нацыянальнаму ўкладу жыцця беларусаў». Паводле слоў спецыяліста, апошнія падзеі пераканалі ўвесь беларускі народ, што нам не варта бегчы за прынцыпамі, нормамі і ўкладам жыцця заходніх краін: «Вы бачылі, што дэкларуецца адно, прапіхваецца на нас іншае, а робяць яны... робяць, як рабілі».
Яны робяць і будуць рабіць, як рабілі. Нам іх не перавучыць. Аднак жа і аўтары праграмы «Аграрны бізнес» не з Марса да нас прыляцелі. Пагадзіцеся, тут ёсць пра што задумацца.