Аляксандр Класкоўскі: Памянялі шыла на мыла

Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку Лідзію Ярмошыну і абнавіў склад Цэнтрвыбаркама. У ЦВК прызначаныя Вадзім Іпатаў (быў намеснікам пры Лідзіі Ярмошынай), Алена Балдоўская, Дзяніс Дук, Сяргей Каліноўскі (быў у папярэднім складзе ЦВК) і Аляксандр Южык. Новым кіраўніком Цэнтрвыбаркама стаў Ігар Карпенка — да гэтага ён займаў пасаду міністра адукацыі.

Аляксандр Класкоўскі

Аляксандр Класкоўскі


«Беларускае Радыё Рацыя» абмяркоўвае новыя прызначэнні і рэферэндум, які мае адбыцца, з палітычным аналітыкам Аляксандрам Класкоўскім.
РР: Ці не падалося Вам, што гэта нейкае тэрміновае прызначэнне?
Аляксандр Класкоўскі: Для мяне гэта не сенсацыя, таму што і Ярмошына неаднойчы казала, што яна ўжо стамілася і пайшла б у адстаўку, і плюс, я думаю, што Лукашэнка захоча прадаць вось гэтую замену, як па мне, то чыста механічную, як нейкую навацыю, як сістэмную змену. Ён будзе цяпер усяляк рэкламаваць Карпенку на гэтай пасадзе як нейкую свежую фігуру. Трэба яшчэ дадаць, што Лукашэнка і на Захад паспрабуе як сам рэферэндум прадаць, так і змены ў ЦВК. Я, дарэчы, заўважыў, што з тых сябраў камісіі, якіх ён сёння прызначыў, здаецца, два ці тры чалавекі раней там працавалі. Але ўсе гэтыя піяраўскія захады, спробы падаць як нейкія навацыі кадравыя змены, калі адну адданую фігуру мяняюць на іншую, такую ж адданую, то як тут ні вылужвайся са скуры і ні даказвай, што гэта каласальныя перамены, усё роўна публіка разумее, што гэта шыла на мыла памянялі.
РР: З Ярмошынай сыдзе імідж жанчыны, пры якой выбары не прызнаваліся. Ці можна сказаць, што Карпенка прыходзіць — і, значыць, усё па-новаму будзе?
Аляксандр Класкоўскі: Усё будзе значна горай, я думаю, пачынаючы з гэтага рэферэндума. Мы бачым, якая зачыстка перад ім робіцца. Тут справа нават не ў Карпенку. Сам рэжым стаў больш жорсткім. Мы бачылі, што на выбарах 20-га года было ўжо ўсё вельмі кепска. Пад маркай кавіда назіральнікаў у камісіі не пускалі, у саміх камісіях апазіцыі не было. А цяпер гэта будзе ў больш жорсткай форме, таму што мы бачым, што рэжым перашоў да масавых рэпрэсій, рэжым вынішчае любую альтэрнатыву. І сёння прыходзяць з перетрусамі да тых людзей, якія нават былі назіральнікамі на выбарах 20-га года. Гэта мэта запалохаць, каб ніхто нават не спрабаваў наладзіць незалежнае назіранне. І натуральна, гэтая кампанія будзе яшчэ больш стэрыльная, чым у 20-м годзе. І ніякага іншадумства, ніякай альтэрнатывы ўлады не дапусцяць. А Карпенка аддана будзе гэтую лінію праводзіць. І ў гэтым плане фразы каментатараў, што «сышла эпоха…» — нікуды яна не сышла! Гэтая эпоха «элегантных» перамог Лукашэнкі, з якімі звязана імя Ярмошынай, будзе працягвацца. Метады будуць тыя самыя, і яшчэ больш жорсткія, з улікам таго, што ўлада зараз трымаецца на дручках, бо ніякай папулярнасці ў яе няма.
РР: Падаецца, што рэферэндум, які мае адбыцца ўжо ў лютым, пройдзе па звычайным сцэнары. Тыя ж настаўнікі ў камісіях, не будзе незалежных назіральнікаў, не будзе прадстаўнікоў апазіцыі ў камісіях, бо ў Беларусі іх практычна няма.
Аляксандр Класкоўскі: Так, я і раней прагназаваў і зараз упэўніваюся, што так і будзе. Паводле жорсткага, лапідарнага сцэнара пройдзе гэты рэферэндум. Камісіі будуць абсалютна стэрыльныя, людзей знойдуць. Зараз выкінулі з краіны або пасадзілі самую пасіянарную частку праціўнікаў рэжыму. У краіне высокі ўзровень страху. У 20-м годзе была альтэрнатыва. Ішлі, груба кажучы, галасаваць за Ціханоўскую. А сёння як ты ні прагаласуй: ці за новую Канстытуцыю — гэта значыць за Канстытуцыю Лукашэнкі, ці за старую — зноў жа, за Канстытуцыю Лукашэнкі, ці пастаў крыжыкі ва ўсіх графах, як прапануюць апазіцыйныя штабы, але ж гэтыя бюлетэні ніхто лічыць напэўна не будзе. Няма таго ўздыму, высокі ўзровень страху. Людзі баяцца нават лайкі ставіць пад крамольнымі публікацыямі. За гэта ўжо садзіць пачалі. А не тое, што выходзіць на вуліцы, як гэта прапануюць — выходзіць у пэўную гадзіну і паказаць, што нас багата. Ужо будуць аўтазакі стаяць каля ўчасткаў. Таму я думаю, што насамрэч многія праціўнікі рэжыму проста не пойдуць, праігнаруюць гэты рэферэндум. Ніякага масавага дзеяння, якое б пахіснула, тым болей зваліла гэты рэжым, не будзе ў гэтай сітуацыі. У рэжыму дастаткова сіл, каб утрымаць уладу цягам наступных месяцаў як мінімум. Ну, а як будзе далей, гэта ўжо пабачым.