Лукашэнка будзе «выйграваць рэферэндум». Вы ўпэўненыя?

Днямі быў апублікаваны план дзеянняў на рэферэндуме па змене Канстытуцыі Беларусі. Яе распрацавалі грамадзянскія ініцыятывы «Сумленныя людзі», ZUBR, платформа «Голас» пры ўдзеле офіса Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага кіравання і Каардынацыйнага савета. Гэты план выклікаў спрадвечныя дэбаты беларускай апазіцыі.

744082.jpg


Сутнасць плану палягае ў тым, каб у дзень галасавання прыйсці на выбарчыя ўчасткі, і перад тым як апусціць бюлетэнь у скрыню, паставіць крыжыкі насупраць усіх прапанаваных варыянтаў. Раней кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына казала, што ў бюлетэні, хутчэй за ўсё, будзе толькі адно пытанне: беларусы павінны будуць адказаць, яны ўхваляюць праект Канстытуцыі, ці не. Такім чынам, любы значок насупраць абодвух адказаў, на думку распрацоўшчыкаў стратэгіі, зробіць бюлетэнь несапраўдным.
І адразу ж узнікла спрадвечнае пытанне беларускай апазіцыі, што раней было, курыца альбо яйка, што больш эфектыўнае: хадзіць на рэферэндум, ці байкатаваць яго? Прыхільнікі байкоту кажуць, што ўдзел у галасаванні спрыяе легітымацыі рэжыму. Прыхільнікі пратэснага галасавання кажуць, што байкот ніколі не дасягаў сваёй мэты, а ў 2020-м, калі байкоту не было, вынікі былі «о-го-го». На што прыхільнікі байкоту ім адказваюць: «Няма таго, што раньш было». На што прыхільнікі яўкі адказваюць, што, калі не ўзняць дупу з канапы, то таго, што раньш было, і далей не будзе… І гэтыя спрэчкі, якія мы чуем яшчэ ад кампаніі «Байкот-2000», працягваюць круціцца, як вавёрка ў коле…
Прычым, і тыя, і другія, згодныя ў адным: і яўку, і патрэбныя вынікі галасавання, безумоўна, намалююць. А таму, што хадзі на рэферэндум, што не хадзі — аднолькава бессэнсоўна. Проста адны прапануюць сядзець дома і чакаць лепшых часоў, а другія — замуціць хоць нейкі «варушняк».
Але і прыхільнікі байкоту, і прыхільнікі ўдзелу ў сваіх развагах чамусьці забываюцца пра тое, што ў рэферэндуму ёсць не толькі яны. Не толькі іх бок. Ёсць яшчэ і іншы бок, які стаіць за гэтым рэферэндумам. І гэты «іншы бок» цяпер не выглядае такім адназначным, як падаецца.
З гэтым другім бокам узнікае парачка пытанняў. Напрыклад: з чаго ўсе ўзялі, што Лукашэнку гэты рэферэндум патрэбны? І ці гарантавана тое, што ён будзе ў ім абавязкова перамагаць? З нейкай незразумелай прычыны ў гэтым усе ўпэўненыя. Прычым, без усялякіх абгрунтаванняў. Але ці так яно насамрэч?
Калі праводзіліся рэферэндумы 1995, 1996, 2004 гадоў — яны былі патрэбныя Лукашэнку. Ён быў зацікаўлены, каб атрымаць «народную падтрымку» і прасунуць на гэтых рэферэндумах свае пытанні з патрэбнымі на іх адказамі і вынікамі. Яны цешылі яго савецкае сэрца (1995), умацоўвалі яго ўладу (1996) і давалі магчымасць карыстацца гэтай уладай бясконца (2004).
Цяперашні рэферэндум нельга назваць «патрэбным Лукашэнку», — ён папросту змушаны яго праводзіць, выконваючы «Сочынскія дамовы» з Пуціным. Усе бясконцыя спробы «забалбатаць», зацягнуць распрацоўку праекта Канстытуцыі, пасоўваючы тэрміны правядзення плебісцыту, крывыя і касыя спробы «нацягнуць саву на глобус», дзясяткі разоў выходзячы на «фінішную прамую» ў распрацоўцы новага Асноўнага закона, ды так і не дабягаючы да фінішу, каб «сысці, не сыходзячы» паказваюць: у прынцыпе, Лукашэнка выдатна б адчуваў сябе і без рэферэндуму. Але рэферэндум, новая Канстытуцыя, фармальны адыход ад улады — гэта «Сочынскія дамовы», якія Лукашэнка выконваць проста змушаны. Цікава, чым яму прыгразілі, што ён не можа звыкла «кінуць» партнёра па Саюзнай дзяржаве?
Але ўсё адно: рэферэндум па Канстытуцыі — «не яго» рэферэндум. Ён ідзе на гэты крок пад ціскам абставінаў.Пра гэта ён нават прагаварыўся на сумесным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі: «Ніякую Канстытуцыю Лукашэнка пад сябе не робіць, таму што, Лукашэнку іншая Канстытуцыя, можа быць, і не трэба».
І вось гэтае «не трэба» якраз і ўкладаецца ў логіку Лукашэнкі. Ён бы жадаў проста «перагарнуць старонку» і жыць так, як жыў раней, да 2020 года. Але ж «Сочынскія дамовы» і той самы 2020-ты не даюць яму такога шанцу.
Але «Сочынскіх дамоваў» пазбавіцца, насамрэч, вельмі проста. Напрыклад — сапраўды «заваліць» рэферэндум.
Калі яўка на плебісцыт не дасягне 50%, Лукашэнка можа са спакойнай душою сказаць Пуціну: «Бачыш, Уладзіміравіч, народ не падтрымаў змену ладу ў краіне. А што я магу насуперак волі народу?». І ў адказ на далейшыя спробы падняць «канстытуцыйнае пытанне» і пытанне яго сыходу шляхам зменаў у Асноўны закон, увесь час адбаярывацца: «Народ не падтрымлівае!»
Тактыка гэтая сто разоў адпрацаваная на пытанні адмены ў Беларусі смяротнага пакарання. На ўсе заклікі і прапановы еўрапейскіх структур, дэпутатаў, праваабаронцаў скасаваць гэты від пакарання, беларускія чыноўнікі адказвалі: «Мы бы, насамрэч, і радыя. Аднак на гэтае пытанне дадзены адказ на рэферэндуме, і адмяніць смяротную кару можа толькі рэферэндум». Нягледзячы нават на тое, што адказ на рэферэндуме быў атрыманы 25 гадоў таму, і сітуацыя ў Беларусі і свеце не тое што змянілася — цэлае пакаленне з тых часоў вырасла.
Між іншым, апрацоўка грамадскай думкі ў гэтым рэчышчы ўжо пачалася. Лукашэнка, кажучы, што па выніках сацапытання 50-60% падтрымліваюць рэферэндум і Канстытуцыю, напэўна, меў на ўвазе вынікі даследавання грамадскай думкі цэнтра сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ (да сёння мы нават не ведалі, што эканамічны ўніверсітэт увогуле робіць нейкую сацыялогію). Паводле гэтых вынікаў, удзельнічаць у рэферэндуме па новай Канстытуцыі плануюць 38,2% беларусаў, а яшчэ 21,6% — «хутчэй, пойдуць». Пры гэтым 32% катэгарычна падтрымліваюць змену Канстытуцыі, а яшчэ 30,4% «хутчэй, падтрымліваюць» (то-бок, не ўпэўненыя).
Пагадзіцеся, для дзяржаўнага сацыялагічнага апытання, праведзенага дзяржаўным інстытутам, апрыёры скіраваным на поўны «адабрямс» ініцыятываў улады, лічбы вельмі і вельмі дзіўныя. З іх можна сказаць, канешне, склаўшы адказы «так» і «хутчэй так», што 60% падтрымлівае правядзенне рэферэндуму. А можна і сказаць, не складаючы гэтыя лічбы, што «адназначнай ацэнкі рэферэндуму і зменаў у Канстытуцыю ў грамадстве няма».
Выказванні Лукашэнкі на тым жа пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі пра тое, што, можа быць, новая Канстытуцыя не патрэбная, што рэферэндум прапанавалі перанесці — з той жа оперы. «Я яшчэ раз хачу звярнуць вас да таго, што мы на ўсе нормы павінны паглядзець і на ўсе нашы заключэнні, якія мы давалі... Аж да таго, што ўвогуле нам трэба ці не трэба рэферэндум, нам патрэбная новая Канстытуцыя, змененая Канстытуцыя?.. Многія кажуць: “А навошта? Нам нічога не трэба мяняць, не трэба Канстытуцыю мяняць”», — мякка прасоўвае Лукашэнка «зліў» рэферэндуму.
І гэта дае падставы той самы рэферэндум, разам з Пуціным і яго патрабаваннямі, «пракаціць», закансерваваўшы і сённяшнюю Канстытуцыю, змена якой Лукашэнку «можа быць, і не трэба», і існы рэжым.
Ці ёсць «план Б» у Пуціна для такога выпадку? Не ведаю. Прынамсі, цяпер яго не праглядаецца.Таму цалкам мажліва, што Лукашэнку перамога на гэтым «вымушаным рэферэндуме» не патрэбная. Магчыма, для яго больш карысная будзе «нібыта параза».
У гэтым рэчышчы «легітыматарамі рэжыму» становяцца зусім не прыхільнікі ўдзелу ў рэферэндуме з псаваннем бюлетэняў, а якраз «байкотчыкі», якія сваёй адстутнасцю на ўчастках для галасавання паспрыяюць кансервацыі сістэмы.
Канешне, нельга не пагадзіцца з тым, што патрэбныя лічбы «намалююць». Аднак адна справа — «намаляваць» яўку, а іншая справа — «размаляваць» яе. Калі на ўчастках будуць стаяць натоўпы, як у мінулыя выбары, калі будзе не хапаць бюлетэняў для галасавання, як у мінулыя выбары — Лукашэнку цяжка будзе сказаць Пуціну: «Выбачай, таварыш, рэферэндум не адбыўся, і я застаюся тут». А ў выпадку ўвядзення ў працу платформы «Голас» ды «зліву» сапраўдных вынікаў рэферэндуму (а такія хоць на якіх участках, але будуць стоадсоткава) цяжка будзе сказаць, што народ нешта з прапанаванага Лукашэнкам падтрымаў.
І вось тут ужо з’яўляецца прастора для дзеянняў. Прынамсі, прастора для далейшага ціску на Лукашэнку. «Народ не прыняў тваю Канстытуцыю, значыць, патрэбная іншая. І давай-ка ты будзеш выпрацоўваць яе, як я раней і прапаноўваў, у перамовах з апазіцыяй», — скажа ўяўны Пуцін. Як тады будзе выслізгаць Лукашэнка? Ён, безумоўна, паспрабуе, але…
Карацей, скіраванасць Лукашэнкі на выйгрыш (а менавіта так рэферэндум падаецца ў спрэчках «удзельнікаў» і «байкотчыкаў») у гэтай палітычнай кампаніі — не апрыёрная. Прынамсі, я б не паставіў на гэта з упэўненасцю, бо найбольшым выйгрышам для яго быў бы якраз пройгрыш. У выніку нібыта пройгрышу ён на нейкі час захоўвае «статус кво» і ўнутры краіны, і ў адносінах з Пуціным. А ў выпадку выйгрышу? Новыя выбары? Новая турбулентнасць?
І яго выказванні пра тое, што прадэмакратычныя сілы «ўжо рыхтуюцца зламаць Канстытуцыю і, калі іх план рэалізуецца, зноў вывесці народ на вуліцы Беларусі», у нечым гэтую тэзу пацвярджае. Ён палохаецца яўкі на рэферэндум, бо для яго яна можа быць больш небяспечнай, чым байкот.