Сацыёлаг Коршунаў: «Улады пачынаюць ідэалагічную падрыхтоўку да рэферэндуму»

Пра што кажуць праўладныя сацапытанні і як іх збіраюцца праводзіць — разбіралася «Салідарнасць».

Генадзь Коршунаў. Фота: euroradio.fm

Генадзь Коршунаў. Фота: euroradio.fm


— Улады такі пачынаюць ідэалагічную падрыхтоўку да рэферэндуму, — адзначае старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў на сваім канале «Што думаюць беларусы». — Падаецца, быў ўлічаны «эпік фэйл» мінулага электаральнага года, калі з хоць нейкіх лічбаў па грамадскай думцы былі толькі анлайн-апытанні на вялікіх інтэрнэт-пляцоўках (што спарадзілі мем пра 3%). Зараз мусім чакаць стосу нейкіх лічбаў ад дзяржаўных сацыёлагаў.
У якасці першай ластаўкі сацыёлаг назваў даныя тэлефоннага апытання пра стаўленне беларусаў да рэферэндуму ад кіраўніка сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ Ірыны Лашук. Яна агучыла такія лічбы: «У падтрымку рэферэндуму выказаліся 62% апытаных (43,8% — «падтрымліваюць» і 18,3% — «хутчэй падтрымліваюць»). Пра неабходнасць змен у Канстытуцыю заявілі 63,1% (32% — «так» і 30,4% — «хутчэй так»)».
— Ну, што тут казаць, — адзначае Генадзь Коршунаў. — Ідэя зрабіць менавіта тэлефоннае апытанне цалкам зразумелая: пры сучасным узроўні трывожнасці менавіта ў тэлефонным апытанні страх дасць найбольшы перакос у праўладны бок.
Сацыёлаг таксама адзначыў, што зараз ідзе яшчэ адно даследаванне (гэта тыя 24 пытання, што «зліліся» ў сеціва). І гэтае даследаванне ахопіць 10 000 чалавек.
— Тут што цікава: гэта, падаецца, ужо досвед даследавання, што праводзілася пад ВНС. Там нам таксама нешта казалі пра 10 000. Вось дзе ўжо дурноцце! Навошта патрэбныя гэтыя 10к? Стандарт выбаркі для Беларусі — ад 1100 да 2600. Гэтага цалкам дастаткова, — адзначае Коршунаў.
Сацыёлаг выказвае сваю здагадку, навошта ўладам спатрэбілася гэтая лічба ў 10 000.
— Падаецца, усё проста: толькі для магіі лічбаў. Нібыта апытаць 10 000 — гэта як на выбарах атрымаць 80%. Ці нават 90%! — лічыць Генадзь Коршунаў. — Ну і праз такія лічбы зразумела, як гэтае даследаванне будзе ісці — апытанні на заводах, прадпрыемствах, праз прафсаюзы, БРСМ і «Белую Русь». Яно і раней збольшага было зразумела, якія лічбы там намалююцца і ў выніку трапяць у медыя. А зараз ясна, што адэкватнай інфармацыі, якая магла бы трапіць да замоўшчыка, не будзе ўвогуле. Будзе проста шыла.
Як не была патрэбная ўладам зваротная сувязь, так і зараз яна залішняя. Проста малюем карцінку "газавым святлом"», — заключае сацыёлаг.