4 гады калоніі прысудзілі былому прэс-сакратару А1 Мікалаю Брэдзелеву
Яго прызналі вінаватым у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Справа разглядалася ў закрытым фармаце.
Суддзя Алена Ананіч пастанавіла разглядаць справу ў закрытым рэжыме.
Адметна, што яго судзяць па змененым артыкуле: у рэдакцыі ад 26 траўня 2021 года гэтая фармулёўка адсутнічае, цяпер — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці або дзейнасці, накіраванай на рэабілітацыю нацызму», нагадваюць праваабаронцы.
За кратамі Мікалая ўтрымлівалі ўжо амаль год — яго затрымалі 10 снежня мінулага году. Вядома, што сілавікі яго збівалі. Пасля затрымання на праўладных каналах з'явілася «пакаяльнае відэа», на якіх ён казаў, што з ліпеня 2020-га нібыта перадаваў трэцім асобам інфармацыю, звязаную з яго прафесійнай дзейнасцю, але потым у кампаніі заявілі, што Брэдзелеў не меў доступу да дадзеных кліентаў.
Кампанія «A1 Telekom Austria Group» спачатку выступіла ў падтрымку свайго супрацоўніка, а пасля выдаліла сваю заяву з афіцыйнага сайта. У беларускай «А1» прайшлі ператрусы, была затрыманая таксама вядучая спецыялістка па працы з кліентамі Святлана Каленчыц. Пасольства Аўстрыі ў Беларусі выказвала свой пратэст у сувязі з гэтымі затрыманнямі.