Валанцёра, які напісаў палітвязням больш за 2500 лістоў, пачнуць судзіць

У панядзелак, 24 кастрычніка, пачнецца разгляд крымінальнай справы Іллі Міронава. Палітычны працэс пройдзе ў судзе Савецкага раёна Гомеля, паведаміла ў фэйсбуку маці палітвязня Валянціна Міронава.

216447577_4011423065621525_6794236789811825076_n_2.jpg

«Ён будзе рады вас бачыць», — адзначыла маці Іллі.

Гамяльчук Ілля Міронаў набыў вядомасць тым, што пакуль заставаўся на волі, напісаў палітвязням больш за 2500 лістоў.

Хлопец быў затрыманы 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцэра.

Вядома, што Ілля праходзіць па крымінальнай справе па артыкулах 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»).

Раней паведамлялася, што ў зняволенні ў Іллі рэзка пагоршылася здароўе. «Яму цяжка псіхалагічна, шмат праблем са здароўем, нават нейкія ўколы яму робяць, вялікія праблемы з вачыма», — распавядала маці вязня.