Хронікі рэпрэсій 22 кастрычніка. Дашкевіча трымаюць у ШІЗА, Аўтуховіч таксама трапіў у карцар

Паводле інфармацыі праваабаронцаў і медыя, сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 22 кастрычніка.

_plot___drot___zycce___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Палітзняволенага Змітра Дашкевіча працягваюць трымаць у ШІЗА

«Ужо паўтара тыдні мы са Змітром абодва адбываем пакаранне. Я, праўда, дома, а ён усё яшчэ ў ШЫЗА. Таму калі нехта хоча з нашых блізкіх сяброў узяць дзетак у тэатр, аквапарк, батуты ці парк пры добрым надвор'і на выходных — пішыце :)», — напісала Наста Дашкевіч у фэйсбуку.

Нагадаем, Змітра Дашкевіча затрымалі 23 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле, а затым перазатрымалі ўжо па крымінальнай справе. Яго разам з жонкай Настай абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 14 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска Змітру прызначылі паўтара года калоніі, а Насці — тры гады «хатняй хіміі».

Палітвязня Мікалая Аўтуховіча змясцілі ў карцар на 7 сутак

Пра гэта паведамілі яго знаёмыя ў фэйсбуку. Палітвязня змясцілі ў карцар 20 кастрычніка, прычыны спагнання невядомыя.

Нагадаем, 17 кастрычніка Мікалаю прысудзілі 25 гадоў калоніі. Да яго ўжо два месяцы не прыходзяць супрацоўнікі, у якіх ён можа зрабіць замову прадуктаў у турэмнай краме.

Мікалай у лістах просіць дасылаць яму замест фруктовых пюрэ — садавіну (цяпер прымаюць толькі яблыкі, грушы, лімоны, апельсіны, мандарыны). Таксама можна класці пустыя канверты, маркі, налепкі, асадкі і паперу.

Сілавікі Гомеля затрымалі мужчыну, які перадумаў уступаць у Полк Каліноўскага

У тэлеграм-канале сілавікоў апублікавана відэа затрымання Рыгора Арцёма. На «відэа з палону» мужчына распавядае, што ў Польшчы ён зарэгістраваўся ў чат-боце Палка Каліноўскага, але пазней перадумаў. У Беларусі яго затрымалі. За што Рыгора Арцёма жорстка затрымалі — незразумела.

Мінчанку асудзілі ў Брэсце за абразу ўчастковага інспектара

Суд Маскоўскага раёна Брэста вынес прысуд жыхарцы Мінска Алене Мядзель. Яе абвінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады — участковага інспектара УУС Маскоўскага раёна (арт. 369 КК). Судовы працэс праходзіў у памяшканні аддзялення ўнутраных спраў Маскоўскага раёна, суддзя — Марыя Аліферук.

З матэрыялаў абвінавачання вынікала, што, нібыта, Алена Мядзель пасля прагляду ў адным з тэлеграм-каналаў фотаздымка і паведамлення пра ўчастковую інспектарку па справах непаўнагадовых з Брэста размясціла ад свайго імя каментар, які ўтрымліваў выказванні ў абразлівай і непрыстойнай форме.

Пацярпелая запатрабавала ў Алены кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў, суд пагадзіўся з такой сумай. Суд пастанавіў прызнаць жанчыну вінаватай і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў.

Мужчыну асудзілі да двух гадоў калоніі за два каментары

У судзе Ленінскага раёна Гродна агучаны вырак жыхару Пінска Паўлу Малітвіку. Мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса і арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Яго прызналі вінаватым у тым, што ў траўні 2020 года ён напісаў два каментары, якія абразілі супрацоўнікаў гродзенскай міліцыі. Мужчына мусіць выплаціць пацярпелым кампенсацыю маральнай шкоды: 1000 рублёў — Андрэю Комару, 1500 рублёў — Віктару Казлоўскаму.

У Магілёве сілавікі затрымалі інжынера-праграміста

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 37-гадовага інжынера-праграміста Аляксандра Цыганкова. На «пакаяльным відэа» мужчына кажа пра тое, што ў 2020 годзе нібыта неаднаразова ездзіў у Мінск для ўдзелу ў акцыях пратэсту.