Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 24 кастрычніка

Затрыманні, суды, «экстрэмісцкія» спісы — галоўныя навіны краіны за 24 кастрычніка.

Ілюстрацыйнае фота: dw.com

Ілюстрацыйнае фота: dw.com


Сёння скончыўся судовы працэс над палітзняволеным Мікалаем Брэдзелевым. Суддзя Алена Ананічпрысудзіла былому прэс-сакратару кампаніі «А1» 4 гады калоніі — за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» і «злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі». Справа разглядалася ў закрытым рэжыме.
За «неабгрунтаванае павышэнне цэн» затрыманы дырэктар сеткі крам «Суседзі». У дачыненні да яго заведзена крымінальная справа па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса. Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле — 5 гадоў пазбаўлення волі.
У Мінску затрыманы кіраўнік вядомай беларускай студыі па распрацоўцы ПЗ «Astronim» Багдан Каравец. Пяць дзён таму яго выклікалі на допыт. Прычына сённяшняга затрымання пакуль невядомая.
Прызначана дата суда над сябрамі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалаем Казловым, Аксанай Аляксеевай і Антанінай Канавалавай. Судовы працэс па 342-м артыкуле пачнецца 1 лістапада ў судзе Першамайскага раёна Мінска.
Гомельскага валанцёра Іллю Міронава, які напісаў тысячы пісем палітвязням, асудзілі на 1,5 года калоніі і вызвалілі ў зале суда: свой тэрмін Міронаў адседзеў у СІЗА. Таксама палітвязню прысудзілі штраф у памеры 200 базавых велічынь за «дыскрэдытацыю дзяржавы».
Папаўненне ў «спісе экстрэмістаў»: гэтым разам МУС дадаў ажно 143 новыя прозвішчы. Цяпер у спісе больш за восем соцень асоб, сярод якіх Зміцер і Наста Дашкевічы, Кацярына Андрэева і Уладзімір Мацкевіч.
За ахвяраванне палку Каліноўскага ў Гомелі затрымалі 27-гадовую Анастасію Петрачэнка. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў праўладных ТГ-каналах.
У Гродне затрымалі супрацоўніка «хуткай дапамогі» Артура Хлуса. З ім знялі «пакаяльнае відэа», у якім хлопец гаворыць, што «ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, заклікаў да масавых беспарадкаў і зарэгістраваўся ў «Плане "Перамога"».
Паводле праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1349 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1668 чалавек, сярод іх 200 жанчын і 7 непаўнагадовых.