Начальніка аддзела МТС абвінавацілі ў перадачы асабістых звестак сілавікоў у ЧКБ
СК прад'явіў абвінавачванне супрацоўніку МТС Аляксею Кузьміну, які нібыта перадаваў «Чорнай кнізе Беларусі» асабістыя звесткі сілавікоў і «высокапастаўленых асоб»
Галоўным следчым упраўленнем яму прад'яўлена абвінавачанне па ч.6 арт.16 і ч.3 арт.130 (дапамаганне ў распальванні варожасці і варажнечы, учыненае групай асоб) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Як піша ведамства, «выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, мужчына перадаваў адміністратарам дэструктыўных рэсурсаў асабістыя і білінгавыя дадзеныя службовых асобаў Беларусі, якія ў далейшым публікаваліся ў тэлеграм-каналах».
Інфармацыя пра затрыманне начальніка аддзела прадбілінга і тарыфікацыі МТС Аляксея Кузьміна з'явілася 26 кастрычніка. Вядома таксама, што хлопец з'яўляецца вакалістам гурта «Закон Гука». У 2017 годзе гурт удзельнічаў у праекце "(Не)расстраляная паэзія" з песняй "Пішы" на верш Вацлава Ластоўскага.
Нагадаем, 24 кастрычніка 4 гады калоніі прысудзілі былому прэс-сакратару А1 Мікалаю Брэдзелеву. Мікалай быў затрыманы 10 снежня 2021 года. Першапачаткова Пасля затрымання на праўладных каналах з'явілася «пакаяльнае відэа», на якіх ён казаў, што з ліпеня 2020-га нібыта перадаваў трэцім асобам інфармацыю, звязаную з яго прафесійнай дзейнасцю, але потым у кампаніі заявілі, што Брэдзелеў не меў доступу да даных кліентаў. Да суда абвінавачанне было зменена: Мікалая судзілі за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці або дзейнасці, накіраванай на рэабілітацыю нацызму».