Чаго варты прынцыпы і каштоўнасці, калі іх выракаюцца яшчэ да пачатку перамоў?
Ідэя «прымірэння» для мяне як пацыфіста і анархіста сама па сабе гучыць вельмі разумна і прывабна. Людзі і іх жыцці важнейшыя за палітычныя рознагалоссі. Мір значна лепшы за гвалт, катаванні і забойствы.
Але ёсць простыя і ясныя рэчы, якія палягаюць далёка па-за межамі таго, што называюць «палітыкай». Пра прымірэнне можна размаўляць з тым, хто ў адэкваце і хаця б тэарэтычна гатовы спыніць вайну на знішчэнне ды ў нечым саступіць. Адмовіцца ад прэтэнзій і прагі да помсты — годна, калі ясна ўсведамляеш і прамаўляеш, на якія саступкі і дзеля чаго ідзеш.
Без гэтага любыя заклікі да «прымірэння» ў лепшым выпадку — спроба злітасцівіць ашалелага ворага. У горшым выпадку — здрада ўласнаму сумленню ды розуму і капітуляцыя перад хлуснёй.
- Акіянія заўжды ваявала з Остазіяй
- Двойчы два пяць
- Здавалася, чарговыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца пры поўным свабодным волевыяўленні народа
На адрачэнні ад праўды і здрадзе сабе не збудуеш мір. Не збудуеш дом. Савецкі дысідэнт Салжаніцын не меў рацыі ў сваім імперстве, але цяжка аспрэчыць яго шырока вядомы тэзіс: «Калі зло з дапамогай хлусні хоча кіраваць светам, хай робіць гэта, прынамсі, не праз мяне».
Паступовай капітуляцыяй у прынцыповых рэчах, «тактычным» патураннем хлусні пачвару дыктатуры кармілі два з гакам дзесяцігоддзі. Дакарміліся. Дакарміліся да страляніны на барыкадах 2020-га, рэпрэсій у кожны дом 2021-га, саўдзелу ў вайне 2022-га.
Гэтая савецкая здольнасць да оруэлаўскага doublethink «гаворым адное, маем на ўвазе дркгое, робім трэцяе» — тое, чаго варта рашуча пазбавіцца на шляху ў будучыню.
У нас занадта часта блытаюць гнуткасць у перамовах і дзеяннях з гнуткасцю ў светапоглядзе і гатоўнасцю ахвяраваць фундаментальнымі каштоўнасцямі. Гэта таталітарная спадчына. Яна мусіць застацца ў мінулым, яна цягне нас у багну. Яна агідная нават для мяне, чалавека за 40. Маю моцны спадзеў, што і для маладзейшых, тых, каго не зачапіў СССР нават у дзяцінстве, такі падыход не ўяўляецца чымсьці прымальным.
Вораг не будзе паважаць таго, у каго няма прынцыпаў. Сам сябе не будзе паважаць той, у каго няма прынцыпаў. Дый чаго варты прынцыпы і каштоўнасці, калі іх выракаюцца яшчэ да пачатку перамоў? Аб чым тады дамаўляцца?
Аб папяровай «незалежнасці Беларусі» з усеўладдзем правадыра, катаваннямі ў турмах, жыццём пад губазікаўскім ботам?
Дзеля чаго? Дзеля страху перад усходнім правадыром, які нібыта можа анексаваць Беларусь, пстрыкнуўшы пальцамі? (Яшчэ адзін «прывет» савецкай ментальнасці).
Халера яго ведае, можа, і можа. У такім выпадку, ці зашкодзяць яму неяк «канструктыўныя» спробы падставіць плячо мінскаму правадыру?
Але калі гэты новы фюрар заедзе ў камеру ў Гаазе ці паўторыць фотасесію Мусаліні на запраўцы «Лукойла», чым і перад кім вы будзеце апраўдваць сваю веру ў яго ўсемагутнасць?
Паўтаруся, я не супраць любых перамоў як такіх. Не супраць пошуку кампрамісаў, калі гэта не кампрамісы найперш з уласным сумленнем, розумам і памяццю. Я не супраць нават «замірэння», пры ўмове, што ахвяры тэрору будуць мець магчымасць прад'явіць свае прэтэнзіі катам, а відавочным злачынствам будзе дадзена належная прававая ацэнка (што не тоесна масаваму тэрору супраць сённяшніх лаялістаў).
Але я рашуча супраць таго, каб гэты шлях пачынаўся з адмовы ад фундаментальных прынцыповых пазіцый, з безумоўнага прызнання права лукашыстаў кіраваць Беларуссю па сваіх аўтарытарных правілах. З заклікаў да «вяртання ў нармальнасць».
У якую нармальнасць, панове?
У «нармальнасць» 1995-га, дзе людзі ў масках збівалі дэпутатаў у будынку парламента і выкрадалі лідараў страйкамаў?
У «нармальнасць» 1996-га, калі краіну здалі ў абдымкі Крамля, зруйнавалі Канстытуцыю, знішчылі выбарчую сістэму і незалежны парламент?
У «нармальнасць» 1999-га, калі пазабівалі найбольш амбітных лідараў апазіцыі?
У «нармальнасць» рэпрэсій 2006 і 2010-га?
У «нармальнасць» хапуноў 2011-га?
У «нармальнасць» расстрэлаў па «справе мінскага метро» 2012-га?
У «нармальнасць» міліцэйскага сваволля і губазікаўскага тэрору, якія нарасталі цягам дзесяцігоддзя да 2020-га?
У «нармальнасць» чорнай восені 2020-га? З тэрорам, катаваннямі, забойствамі — але без «санкцый, што штурхаюць Мінск у абдымкі Масквы»?
Хочаце ўсё гэта дараваць? Вашае права рабіць такія прапановы. Цалкам магчыма, што гэта разумныя прапановы.
Толькі будзьце, калі ласка, у сваёй пазіцыі шчырымі і цэльнымі. Так і пішыце: «Не адмаўляючыся ад сваёй ацэнкі падзей 1995-2023 гадоў (канкрэтна, якіх?) як недапушчальнай, прыкрай і шкоднай для краіны сумесі памылак і злачынстваў, мы прапаноўваем адмовіцца ад выстаўлення на дзяржаўным узроўні прэтэнзій за гэтыя дзеянні (у якім фармаце? з якімі выключэннямі?), дзеля... (чаго?), пры ўмовах... (якіх саступак ад улады?) і прапануем дыялог... (аб чым? каго з кім?)». Тады гэта будзе шчыра. Гэта будзе канкрэтна і зразумела.
Беларусь, да якой умоўныя «мы» (антылукашысты ў шырокім сэнсе) імкнёмся, можна азначыць як краіну, у якой стасункі між грамадствам і дзяржавай пабудаваны на заходніх каштоўнасцях, акрэсленых яшчэ некалькі стагоддзяў таму, безадносна нават сённяшніх геапалітычных раскладаў. Гэта значыць: рацыяналізм, плюралізм, прыярытэт правоў чалавека над правамі дзяржавы, універсальнасць законаў (прынятых рэпрэзентатыўным парламентам), перамовы і кампрамісы як базавы шлях вырашэння канфліктаў.
У гэтую матрыцу добра ўпісваецца перамоўная пазіцыя, акрэсленая вышэй. У гэтай матрыцы няма месца савецкаму doublethink, оруэлаўскаму безумоўнаму забыццю мінуўшчыны, патуранню гвалтаўнікам, змене прынцыпаў у адпаведнасці з лініяй партыі.
Вы гатовы заклікаць да перамоў, якія НЕ пачынаюцца з аднабаковай адмовы ад акрэсленых вышэй фундаментальных прынцыпаў і падладжвання пад ідэалагічны наратыў аўтарытарнага апанента? Я, як прадстаўнік першага несавецкага пакалення беларусаў, вас пачую і падтрымаю.
Не гатовы, хочаце трымацца савецкай парадыгмы выбачэнняў перад парткамам, піетэту перад уладай, саступак не ў дзеяннях, а ў светапоглядзе?
Што ж, пакуль не гатовы — пазіцыя Каці Шуст будзе мне бліжэйшай за пазіцыю спадароў Сярэдзіча і Дубаўца.
Рана ці позна, з вамі ці без вас, але мы пераможам без саступак перад розумам, годнасцю і сумленнем. Не столькі ў змаганні супраць канкрэтнага ворага, колькі ў змаганні за сумленне, самапавагу, свабоду і краіну, у якой будуць вольна дыхаць нашы дзеці і вашы ўнукі, і нават дзеці і ўнукі лукашыстаў.
Лепей усё ж разам.