Санкцыі ЕС «перакрылі кісларод» беларускай дрэваапрацоўцы?
Куды Беларусь сплаўляе вырабленую драўніну і як агулам сябе адчувае гэта сфера ва ўмовах санкцыйнага ціску, разбіралася «Deutsche Welle».
Паводле даных афіцыйнай статыстыкі, яшчэ ў 2021 годзе беларуская драўніна актыўна пастаўлялася на еўрапейскі рынак, а сярод галоўных пакупнікоў значыліся Польшча, Літва, Латвія, Германія і Нідэрланды. Вельмі аптымістычна пачаўся і 2022 год, калі выручка ад вывазу на экспарт прадукцыі дрэваапрацоўкі вырасла на 25%.
Аднак пасля расійскага ўварвання ва Украіну менавіта беларуская дрэваапрацоўка ў ліку першых трапіла пад санкцыі Захаду. У сакавіку мінулага года Еўрасаюз увёў поўную забарону на пастаўкі з Беларусі піламатэрыялаў, брыкетаў, фанеры і розных драўняных пліт.
Што гавораць пра санкцыі беларускія ўлады?
Нягледзячы на гэта рашэнне, у першым паўгоддзі 2022 года еўрапейскія краіны яшчэ працягвалі імпартаваць беларускую драўніну і прадукцыю дрэваапрацоўкі. Абмежаванні не распаўсюджваліся на кантракты, заключаныя да 2 сакавіка 2022 года, і маглі выконвацца да пачатку чэрвеня.
Такім чынам, доступ на рынкі краін ЕС для гэтай галіны канчаткова быў перакрыты мінулым летам. З тых часоў беларускія дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы шукаюць не толькі новыя рынкі збыту для сваёй прадукцыі, але і новыя схемы. Прыярытэтам сталі пастаўкі ў краіны былога СССР, паколькі па экспарце ў іншыя дзяржавы ўзнікалі пытанні з лагістыкай.
Паводле слоў старшыні канцэрна «Беллеспаперапрам» Міхаіла Касько, пад санкцыі трапіла 46% прадукцыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі. Кіраўнік канцэрна прызнаў, што абмежавальныя меры прывялі да страты традыцыйных рынкаў збыту. «Давялося ўсю другую палову мінулага года перабудоўвацца, шукаць новых спажыўцоў прадукцыі. Часцяком гэта адбывалася досыць балюча», — заявіў ён.
Пры гэтым старшыня «Беллеспаперапрама» лічыць, што ў цэлым галіна змагла справіцца з сур'ёзным выклікам. Паводле яго сцвярджэння, аб'ём вытворчасці вырас на 5% і ні адно з прадпрыемстваў канцэрна (а іх чатыры дзясяткі) не было закрыта.
Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма, паколькі пасля ўвядзення санкцый ЕС Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі перастаў даваць у адкрыты доступ падрабязную інфармацыю пра працу найбольш адчувальных сфер эканомікі краіны.
Альтэрнатыва для экспарту: замест ЕС — у Азію
Як расказаў «DW» на ўмовах ананімнасці інжынер аднаго з буйных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі, санкцыі адчувальна адбіліся на эканоміцы галіны. «Справа нават не ў аб'ёмах, хоць і гэта таксама важна: яшчэ ў 2021 годзе з Беларусі 40% драўніны ішло ў Еўрасаюз, — адзначае суразмоўца. — Нашу прадукцыю, у прынцыпе, могуць купіць у Азіі і ў іншых канцах свету, але гэта будзе зусім іншы кошт. Еўропа заўсёды была маржынальным рынкам, гэта значыць там прадаваць было выгадна. А з улікам транспартных выдаткаў і шляху пастаўкі тавару ў той жа Кітай атрыманы прыбытак проста несупастаўны з ранейшым экспартам у ЕС».
Акрамя гэтага, нягледзячы на цеснае беларуска-расійскае супрацоўніцтва, якое заяўлялася на самым высокім узроўні, паміж дзвюма краінамі захоўваецца канкурэнцыя ў многіх галінах, уключаючы дрэваапрацоўку. «Нашы планы нарасціць экспарт у краіны Сярэдняй Азіі і Закаўказзе закранаюць інтарэсы расійскіх кампаній, якія даўно ўжо прысутнічаюць у гэтым рэгіёне. Зразумела, што проста так заняць нішу не атрымаецца», — адзначае інжынер беларускага дрэваапрацоўчага прадпрыемства.
А яшчэ, паводле яго слоў, заўважна адбіваецца на беларускай лясной прамысловасці страта ўкраінскага рынку. Хоць аб'ём паставак у гэту краіну саступаў экспарту ў ЕС, але якраз у апошнія гады продажы ва Украіну пастаянна раслі. Найбольшым попытам там карысталіся ДСП, распілаваныя лесаматэрыялы і фанера.
Абыходныя шляхі для беларускай драўніны
Неабходнасць шукаць альтэрнатыўныя рынкі збыту для беларускай прадукцыі часам прыводзілі да дзіўных гісторый. Калі ў самой Беларусі статыстыка экспарту стала па многіх напрамках закрытай, то ў іншых краінах праблем з доступам да даных няма.
Напрыканцы 2022 года высветлілася, што з моманту ўвядзення Еўрасаюзам забароны на імпарт беларускай драўніны ў тысячы разоў выраслі пастаўкі ў ЕС лесаматэрыялаў з Казахстана і Кыргызстана. Тады ж з'явілася здагадка, што пад выглядам прадукцыі з Азіі ў абыход санкцый у Еўропу адпраўлялася менавіта беларускае дрэва.
Паводле слоў эканаміста, знаёмага са станам спраў у лясной галіне Беларусі (па зразумелых прычынах ён таксама папрасіў сябе не называць), некаторыя дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы ўжо даўно мелі свае прадстаўніцтвы або даччыныя кампаніі на тэрыторыі ЕС.
«Калі раней гэта дапамагала мець падатковыя прэферэнцыі і зніжаць фінансавыя выдаткі пры пастаўках на экспарт, то ўвядзенне санкцый прымусіла зусім інакш выбудоўваць працу сваіх «дачок», — кажа эксперт. — Амаль усе яны перарэгістраваліся, і ў новых назвах мала што нагадвае пра сувязь з беларускай вытворчасцю. Затое з'явілася магчымасць зноў пастаўляць прадукцыю ў ЕС: зараз не наўпрост з Беларусі, а транзітам праз азіяцкія краіны».
Праўда, пра новыя факты анамальна высокага росту паставак драўніны ў ЕС падобным чынам у апошні час паведамленняў не было.
Ад «шэрых» схем да выпуску новай прадукцыі
Суразмоўца адзначае, што беларускія ўлады ведаюць пра існаванне падобных «шэрых» схем, а ў некаторых выпадках нават узбуджаюцца крымінальныя справы. Гэтым летам праходзіў судовы працэс у Пінску, дзе абвінавачанымі сталі прадстаўнікі мясцовых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.
«У судзе высветлілася, што яшчэ летам 2016 года заснавальнік пінскага прадпрыемства стварыў фірму ў афшорнай зоне Сінгапура, на якую афармляліся здзелкі па заніжаным кошце. У далейшым тавар адгружаўся еўрапейскім пакупнікам па рэальным кошце», — расказвае эксперт.
Паводле яго слоў, гэтая схема дзейнічала яшчэ ў дасанкцыйны перыяд, і віна кіраўнікоў заключалася толькі ў тым, што беларуская дзяржава недаатрымала падаткі. Зараз жа падобныя «альтэрнатыўныя» варыянты паставак у ЕС напэўна абмяркоўваюцца на самым высокім узроўні.
Пры гэтым эканаміст адзначае, што ад уведзеных забарон пакутуюць далёка не ўсе прадпрыемствы дрэваапрацоўкі ў Беларусі: «Санкцыі закранулі ў першую чаргу сыравіну і піламатэрыялы, а тыя, хто займаецца выпускам мэблі, асаблівых змен не адчулі».
На думку суразмоўцы, цяперашняя сітуацыя — добрая нагода пераключыцца на выпуск прадукцыі з высокай даданай вартасцю. Але для гэтага патрэбны сур'ёзныя інвестыцыі і навучанне персаналу. Задача ж улад — падтрымаць рэальна перспектыўныя праекты, якія могуць прынесці фінансавую аддачу ў будучыні.