У Літве знайшлі спосабы абыходу санкцый ЕС супраць беларускай дрэваапрацоўкі

4 чэрвеня мінае апошні тэрмін увозу ў Літву будаўнічых матэрыялаў з Беларусі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЕС. Аднак да гэтага часу былі спробы іх нелегальнага ўвозу, таму лічыцца, што розныя абмежаванні пакідаюць магчымасць увозу гэтых тавараў і ў будучыні, піша delfi.lt са спасылкай на агенцтва BNS.


Паводле слоў прадстаўніцы юрыдычнай кампаніі «Ecovus Preventus Law» Руты Сакалаускайтэ, тры месяцы былі дадзены на скасаванне дагавораў і выкананне абавязацельстваў. «Калі па дзеючым дагаворы, у якім пазначаны цэны і колькасць тавараў, тавары пазначаны, то ў бізнесу ёсць права на іх дастаўку. Дзейнічала выключэнне, каб на працягу трох месяцаў скасавалі гэтыя дагаворы. Пасля 2 сакавіка нельга было заключаць новыя дамовы», — заўважыла Сакалаускайтэ.

З 5 чэрвеня ў Літву (як і ў іншыя краіны ЕС. — Заўв. рэд.) будзе забаронены ўвоз беларускай драўніны, вырабаў з яе, цэменту, жалеза, сталі, гумы для машын. Аднак прадстаўніца Мытнага дэпартамента Літвы Ліна Лаўрынайцітэ-Грыгене сказала, што з пачатку сакавіка было зафіксавана каля 50 выпадкаў нелегальных спроб увозу гэтых тавараў без дагавораў.

Кіраўнік «Літоўскай будаўнічай асацыяцыі» Далюс Гедвілас паведаміў, што не валодае данымі пра тое, ці вязуць чальцы асацыяцыі будматэрыялы з Беларусі. «Я думаю, закупак у Беларусі і Расіі няма, можа, "аптавікі" прывозяць», — сказаў ён. Паводле слоў Гедвіласа, калі пачалася вайна ва Украіне, чальцы асацыяцыі прынялі спецыяльную дэкларацыю і дамовіліся не купляць будматэрыялы ў краін-агрэсараў.

26 лютага гэтага года міністр аховы навакольнага асяроддзя Сіманас Гентвілас падпісаў распараджэнне і скасаваў усе дзейныя сертыфікаты расійскіх і беларускіх будаўнічых кампаній, таму матэрыялы з гэтых краін нельга выкарыстоўваць у Літве.

Кіраўнік сертыфікацыйнага цэнтра Вальдэмарас Гаўронскіс сказаў, што гэта спыняе магчымасць выкарыстання беларускіх матэрыялаў у Літве, паколькі без сертыфіката няма доказу якасці прадукцыі. Пабудаваныя з такіх матэрыялаў дамы не могуць прымаць, паколькі няма доказаў якасці будаўніцтва.

«Дзяржаўны стандарт у нас не дзейнічае з 1995 года», — сказаў Гаўронскіс. Гедвілас крытыкаваў улады за тое, што яны на фоне росту коштаў не індэксуюць цэны, гэта ставіць пад пагрозу завяршэнне дзяржаўных заказаў і заганяе кампаніі ў тупіковыя і рызыкоўныя сітуацыі. З-за такой сітуацыі кампаніі могуць вырашыцца на выкарыстанне беларускай і расійскай прадукцыі. «Мы лічым, што гэта несумленна. Тых, хто купляе паслугі, гэтая сітуацыя не хвалюе: мы просім індэксаваць цэны ў праектах, таму што без гэтага не можам іх завяршыць. Падрадчыкаў пакінулі адзін на адзін у барацьбе з інфляцыяй, высокімі цэнамі», — сказаў Гедвілас.

Гаўронскіс прызнаў, што, нягледзячы на жорсткія абмежаванні, шчыліны ў законе застаюцца: сертыфікаваць беларускія матэрыялы могуць і іншыя ўстановы як у Літве, так і, напрыклад, у Польшчы, акрамя таго, не ўсе тавары трапляюць пад санкцыі (да такіх тавараў адносяцца будаўнічыя блокі, у іх няма цэменту).


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: