Беларускі «Белінвестбанк» адключаць ад SWIFT — ЕС прыняў шосты пакет санкцый
Акрамя частковага нафтавага эмбарга, у новым пакеце ЕС утрымліваюцца меры супраць расійскіх і беларускіх банкаў і тэлеканалаў, абвінавачаных у масавых забойствах у Бучы і Марыупалі, а таксама ў распаўсюдзе ваеннай прапаганды. «Мы яшчэ больш абмяжоўваем здольнасці Крамля фінансаваць вайну», — заявілі ў ЕС
На фоне вайны Расіі супраць Украіны, якая працягваецца ўжо 100-ы дзень, Рада Еўрапейскага Саюза зацвердзіла шосты пакет эканамічных і персанальных санкцый супраць Расіі і Беларусі, якая яе падтрымлівае, паведамляе Deutsche Welle.
"Сённяшнім пакетам захадаў мы яшчэ больш абмяжоўваем здольнасці Крамля фінансаваць вайну", — заявіў у пятніцу, 3 чэрвеня, вярхоўны прадстаўнік ЕС у замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.
Частковае нафтавае эмбарга
Еўрасаюз забараняе імпарт расійскай нафты ў краіны ЕС і тым самым пазбаўляе Расію велізарнай крыніцы даходаў. Акрамя таго, яшчэ больш ключавых расійскіх банкаў будуць адключаныя ад міжнароднай аплатнай сістэмы SWIFT, а персанальныя санкцыі ўводзяцца ў дачыненні да абвінавачаных у зверствах у Бучы і Марыупалі і ў ваеннай прапагандзе Крамля, сказаў Барэль.
Адмова ад закупкі сырой нафты зойме да 6 месяцаў, нафтапрадуктаў — да 8 месяцаў, адзначаецца ў заяве Рады ЕС. Часовае выключэнне прадугледжана для імпарту сырой нафты па трубаправодзе ў краіны, якія з-за геаграфічнага становішча не маюць рэальных альтэрнатыў.
Адключэнне ад SWIFT, забарона вяшчання расійскіх тэлеканалаў і экспартныя абмежаванні
Ад SWIFT будуць адключаныя яшчэ тры расійскія банкі — “Сбербанк”, “Россельхозбанк”, Маскоўскі крэдытны банк, а таксама беларускі "Белінвестбанк".
Акрамя таго, ЕС прыпыняе вяшчанне яшчэ трох расійскіх дзяржаўных тэлеканалаў — "Расія РТР / РТР Планета", "Расія 24" і "Міжнародны ТВ Цэнтр".
"Гэтыя структуры выкарыстоўваліся расійскім урадам у якасці інструментаў для маніпулявання інфармацыяй і распаўсюджвання дэзінфармацыі аб уварванні ва Украіну, уключаючы прапаганду, з мэтай дэстабілізацыі суседніх з Расіяй краін, а таксама ЕС і яго дзяржаў-чальцоў", — тлумачыцца ў заяве.
Акрамя таго, у пакеце ўтрымліваюцца меры аб абмежаваннях экспарту ў РФ і Беларусь тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння, у прыватнасці хімікатаў, якія могуць выкарыстоўвацца для стварэння хімічнай зброі. Гаворка таксама ідзе аб забароне шэрагу кансалтынгавых паслуг і персанальных абмежаваннях.
"ЕС рашуча асуджае агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны. Ён заклікае Расію неадкладна спыніць напады на цывільнае насельніцтва і грамадзянскую інфраструктуру, а таксама неадкладна і безумоўна вывесці ўсе свае войскі і вайсковую тэхніку з усёй тэрыторыі Украіны ў межах яе прызнаных міжнароднымі нормамі межаў", — адзначаецца ў заяве.
Рада ЕС таксама заклікала Расею даць неадкладны доступ гуманітарным арганізацыям і неадкладна дазволіць бяспечнае вяртанне ўкраінцаў, гвалтоўна выселеных у РФ.
Рашэнні, якія ўваходзяць у шосты пакет санкцый, у бліжэйшы час будуць апублікаваныя ў Афіцыйным часопісе ЕС.