Мацукевіч: «У нейкі момант бізнес з Беларуссю не змогуць дазволіць сабе нават шэйхі»

Супрацоўніцтва з Беларуссю становіцца ўсё больш рызыкоўным і дарагім задавальненнем. Былы дыпламат Павел Мацукевіч аналізуе адносіны Беларусі з краінамі Блізкага Усходу.

Былы дыпламат Павел Мацукевіч

Былы дыпламат Павел Мацукевіч


— Яны таксама ўдзельнічаюць «у развароце на Азію» — «дзяржпраграме» па замяшчэнні супрацоўніцтва з Захадам. Плюс — гэта рэгіён, дзе паспяхова куюцца даспехі міжнароднай легітымнасці Лукашэнкі: усе блізкаўсходнія краіны прызнаюць вярхоўнага «ябацьку» ў якасці прэзідэнта, прымаюць ад яго паслоў і накіроўваюць сваіх, — пішаПавел Мацукевіч.
Свежае пацвярджэнне гэтаму — уручэнне даверчых грамат паслом Беларусі ў ААЭ (і Бахрэйне па сумяшчальніцтве) каралю Бахрэйна на гэтым тыдні ў Манаме.
Крыху раней — 11 траўня — новы пасол ААЭ ў Беларусі перадаў копіі даверчых грамат кіраўніку МЗС Беларусі Уладзіміру Макею. Мабыць, наступная цырымонія ўручэння даверчых грамат у Палацы Незалежнасці не за гарамі, але гэта ўжо іншая тэма.

Сетка не ловіць


У рэгіён Блізкага Усходу розныя крыніцы ўключаюць розныя краіны. МЗС Беларусі, наколькі можна меркаваць, разумее пад ім 13 дзяржаў: Бахрэйн, Егіпет, Ізраіль, Іарданію, Ірак, Катар, Кувейт, Ліван, ААЭ, Аман, Палесціну, Саудаўскую Аравію і Сірыю. Таму размова пойдзе пра супрацоўніцтва менавіта з гэтымі краінамі.
З усімі з іх Беларусь мае дыпламатычныя адносіны. Найстарэйшыя — з Егіптам (устаноўленыя ў лютым 1992 года), самыя маладыя — з Саудаўскай Аравіяй (1997).
Беларускія пасольствы працуюць у Егіпце, Ізраілі, Катары, ААЭ і Сірыі. Ёсць яшчэ генконсульства ў Дубаі.
Як і ў іншых рэгіёнах, так і тут беларускім бокам практыкуецца акрэдытацыя паслоў па сумяшчальніцтве. Пасол у Егіпце акрэдытаваны па сумяшчальніцтве на Аман (а таксама Судан, Алжыр і Лігу арабскіх дзяржаў), у Сірыі — на Ліван і Іарданію, у ААЭ — Бахрэйн, Саудаўскую Аравію і Кувейт. Адносіны з Іракам падтрымліваюцца праз пасольства Беларусі ў Турцыі.
У дапамогу пасольствам яшчэ і такі інстытут прасоўвання інтарэсаў, як ганаровыя консулы — яны ёсць у Ізраілі, Іраку, Ліване і Сірыі.
У сваю чаргу ў Беларусі на ўзроўні пасольстваў прадстаўлены Ізраіль, Катар, ААЭ, Палесціна і Сірыя. Прынцып узаемнасці прасочваецца не з усімі краінамі: у Мінску ўсё яшчэ няма пасольства Егіпта, але ёсць Палесціны, і яго кіраўнік да нядаўняга часу быў дуаенам дыпкорпуса (найстарэйшы па часе акрэдытацыі пасол).
Астатнія блізкаўсходнія краіны працуюць з Беларуссю на аснове акрэдытацыі сваіх паслоў па сумяшчальніцтве з Масквы.
Такая сетка беларускага дыпламатычнага пакрыцця рэгіёна не з'яўляецца аптымальнай. Па-першае, беларускія дыпмісіі надзвычай малалікія — штату часта не хапае нават для адной краіны, а ў нашым выпадку амбасады прасоўваюць інтарэсы Беларусі адразу ў некалькіх, нярэдка буйных і аддаленых адна ад адной — напрыклад, дзе Егіпет, а дзе Аман.
Па-другое, дыпламатычная прысутнасць Беларусі, скажам, у Саудаўскай Аравіі або Амане ў фармаце «па сумяшчальніцтве» не дае эфекту. Магчымасці гэтых краін і патэнцыял супрацоўніцтва з імі пераўзыходзяць многія дзяржавы, дзе ў Беларусі ёсць пасольствы.

Суровы бераг


Краіны Персідскага заліва (там яго прынята называць Арабскім) славяцца звышпрыбыткамі ад гандлю энергарэсурсамі — уваходзяць у першую дзясятку па здабычы нафты (Саудаўская Аравія, Ірак, ААЭ, Кувейт) і прыроднага газу (Катар, Саудаўская Аравія, ААЭ).
Адсюль плацежаздольнасць і свабодныя грошы для інвестыцый, якія гэтыя краіны актыўна ўкладваюць, у тым ліку за мяжой. Чэмпіёнам сярод арабскіх краін заліва па аб'ёмах прамых інвестыцый за мяжу з'яўляюцца ААЭ, далей ідуць Саудаўская Аравія, Кувейт, Катар.
Не ўсе краіны эканамічна паспяховыя, як краіны заліва або Ізраіль. Сітуацыя далёка не ўсюды адрозніваецца стабільнасцю і прадказальнасцю (Сірыя, Ліван, Ірак). Гэта накладвае свой адбітак на магчымасці.
З іншага боку, супрацоўніцтва з асобнымі дзяржавамі рэгіёна мае карані, якія сыходзяць у БССР, і яны ствараюць станоўчыя перадумовы для розных сфер — прамысловасці, фармацэўтыкі, гандлю зброяй, навукі і адукацыі. Да прыкладу, першыя ліванскія спецыялісты пачалі навучацца ў беларускіх навучальных установах яшчэ ў 1967 годзе.
Акрамя гэтага, адсутнічаюць палітычныя перашкоды для супрацоўніцтва — ва ўсялякім выпадку, блізкаўсходнія краіны, уключаючы Ізраіль, не ўдзельнічаюць у міжнароднай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі.
Тым не менш маштабы супрацоўніцтва далёкія ад магчымасцей.
Аб'ёмы беларускага экспарту тавараў у краіны Блізкага Усходу не ўражваюць: у 2021 годзе склалі каля 250 млн долараў ЗША. Гэта супастаўна з экспартам Беларусі ў Чэхію і ў пяць разоў менш за экспарт у Літву ў тым жа годзе. Станоўчы момант у тым, што гандлёвы баланс традыцыйна на карысць Беларусі.
Асноўныя партнёры з вялікім адрывам ад астатніх — Ізраіль (104 млн долараў ЗША) і ААЭ (59 млн). Іх пазіцыі ўзмацняе гандаль паслугамі — прычым беларускі экспарт паслуг у гэтыя краіны (у Ізраіль — 107 млн, у ААЭ — 139 млн) перавышае таварны. Тройку замыкае Егіпет (42 млн — тавары і 4 млн — паслугі), дзе адкрыты зборачныя вытворчасці «МАЗ», МТЗ, «Амкадор».
Інвестыцыйныя чаканні, калі браць заможныя краіны Персідскага заліва, апраўдваюць толькі ААЭ (не бяруся судзіць, у якой ступені). У 2021 годзе Эміраты ўклалі ў эканоміку Беларусі звыш 59 млн долараў ЗША прамых інвестыцый на чыстай аснове — 4-е месца сярод усіх краін-інвестараў. Дарэчы, у мінулым годзе эмірацкая кампанія «Emaar Properties» падпісала інвестыцыйную дамову аб рэалізацыі ў Мінску праекта «Паўночны бераг» з аб'ёмам інвестыцый 4 млрд долараў да 2040 года.
Другі пасля ААЭ інвестар з краін Блізкага Усходу ў беларускую эканоміку — Ізраіль — 10 млн долараў ЗША прамых інвестыцый на чыстай аснове па выніках 2021 года. Укладанні іншых блізкаўсходніх партнёраў Беларусі сціплыя, не дацягваюць да мільёна: Катар — 501 тысяча долараў ЗША, Ірак — 127 тысяч, Кувейт — 111 тысяч, Ліван — 62 тысячы. Інвестыцыі з Саудаўскай Аравіі — 4 тысячы долараў — выглядаюць зусім як забыты саудаўцам у аэрапорце «Мінск» кашалёк.
Усё гэта вынікі 2021-га, і яны могуць аказацца недасягальнымі ў параўнанні з 2022-м. Вайна ва Украіне і санкцыі не пакідаюць месца для аптымістычных прагнозаў.
Беларусь першапачаткова больш зацікаўленая ў супрацоўніцтве з Блізкім Усходам, чым наадварот. Гэта азначае, што над прывабнасцю бізнесу з нашай краінай трэба актыўна працаваць. Ну, ці хаця б не даваць падставы ўсумніцца ў ёй. Між тым маштаб міжнародных абмежаванняў настолькі сур'ёзны, што супрацоўніцтва з Беларуссю становіцца ўсё больш рызыкоўным і дарагім задавальненнем.
Санкцыйны рахунак яшчэ нават не закрыты, і ў нейкі момант бізнес з Беларуссю не змогуць дазволіць сабе нават шэйхі.
Паводле «Салідарнасці».