«Запісваў дзецям аўдыяказкі». Беларускія гастарбайтары расказалі, як іх сем’і жывуць на дзве краіны

«Свабода» пагаварыла з беларусамі, якія працуюць за мяжой, а сем’і засталіся ў Беларусі. Дальнабойшчыкі і рэлакаваны айцішнік расказалі, як працуюць за мяжой, колькі зарабляюць і чаму не перавозяць жонак дзяцей у Еўропу.

_transpart___peravozki___lahistyka___daroha__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Сотні тысяч эканамічна актыўных беларусаў выехалі зь Беларусі пасьля 2020 году. Найбольш пераехала ў Польшчу — паводле розных зьвестак, ад 80 да 150 тысяч. З 2020 па сакавік 2023 году ў Польшчы выдалі 79 тысяч часовых і сталых дазволаў на жыхарства для беларусаў, зь іх 62% — працоўныя. З 2020 году па сакавік 2023 году ў Польшчы выдалі больш за 100 тысяч візаў Poland Business Harbour.

Другая краіна па колькасьці беларусаў-эмігрантаў — гэта Літва. Туды пасьля 2020 году прыехалі больш за 30 тысяч чалавек, паводле інфармацыі МУС Літвы. Найбольш у Літву прыяжджаюць з эканамічных прычын. Сярод распаўсюджаных прафэсій — будаўнікі і дальнабойшчыкі. Тыповы партрэт беларускага эмігранта ў Літве — мужчына 37 гадоў, дальнабойшчык, сям’я засталася ў Беларусі. У Грузію пасьля 2020 году пераехалі сама меней 13 тысяч беларусаў, у Латвію — сама меней 1700.

Паводле старшага навуковага супрацоўніка BEROC Льва Львоўскага, найбольш пасьля 2020 году пацярпеў IT-сэктар, адтуль сышла траціна работнікаў. Таксама вялікі адток сярод лекараў і прадпрымальнікаў.

«Дома найлепей, дома жонка, дзеці, сьпіш кожную ноч»

Беларус Артур (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі) працуе дальнабойшчыкам на эўрапейскім кірунку сем гадоў. Ягоная сям’я жыве ў Беларусі. Месяц Артур працуе, два тыдні дома. Некалькі дзён з адпачынку забірае толькі праходжаньне мяжы. Працаваць на фуры беларус вырашыў зь фінансавых прычын.

«Маладая сям’я, рамонт дома трэба было рабіць», — кажа ён.

Артур меў вялікія пазыкі, якія ня мог вярнуць зь беларускім заробкам. Раней, працуючы кіроўцам у Беларусі, ён зарабляў $500–600. Як даляр вырас да 20 тысяч рублёў (яшчэ да пераходу на «новыя» рублі. — РС), то заробкі зьменшыліся ўдвая. Гэта стала галоўным аргумэнтам, каб зьмяніць працу. Рашэньне прымалі разам з жонкай.

«Дома найлепей, дома жонка, дома дзеці, дома сьпіш кожную ноч, ня трэба ноччу ехаць. Дома родныя, у кагосьці яшчэ бацькі, браты, сёстры, сябры», — тлумачыць Артур.

Цяпер у Беларусі ён можа знайсьці працу ня больш як за $300–400 у месяц. У ягонай цяперашняй фірме дальнабойшчык можа ў месяц зарабляць у сярэднім 1,5 тысячы даляраў. Аднак, са словаў Артура, праца на адлегласьці ад сям’і адбіваецца на адносінах з жонкай і дзецьмі.

«Ты траціш свой час, тыя дарагія хвіліны, якія мог бы быць з каханай жонкай, дзецьмі, зь сябрамі. На маёй сям’і гэта адбілася ў лепшы бок: я давяраю жонцы, жонка давярае мне. Зь дзецьмі складаней. Трэба іх выхоўваць, а гэтай магчымасьці часам няма. Праз тэлефон можна нейкія парады даць, пакрычаць, пакараць ці пахваліць. Але гэта ня тое, што дома», — кажа ён.

Мужчына часта чуе, што калі працаваць удалечыні ад блізкіх, сем’і распадаюцца.

«Можна паправіць сваё фінансавае становішча, а згубіць сям’ю. Плюс тут адзін. 90% людзей працуюць ня дзеля нейкай рамантыкі, а дзеля грошай. Ёсьць тыя, каму добра сядзець у кабіне, глядзець на сьвет. Але для мяне лепей быць дома разам зь сям’ёй», — падсумоўвае ён.

Праца дальнабойшчыкам дапамагла Артуру вярнуць даўгі. Сям’я робіць рамонт. Ён набыў машыну, «звычайную, не крутую».

«Раз на пяць год можна і на мора назьбіраць, і паехаць сям’ёй. У Беларусі такіх грошай не заробіш», — кажа ён.

Сям’я вагалася, ці не пераехаць усім разам жыць у Эўропу, але ўрэшце вырашылі застацца ў Беларусі.

«У цяперашніх палітычных глябальных абставінах невядома, дзе будзе лепш — у Беларусі ці ў Польшчы, калі пачнецца вялікая вайна», — кажа Артур.

Ён хоча вярнуцца ў Беларусь і працаваць тут — калі дарамантуе дом, закрые іншыя фінансавыя пытаньні.

«За сем гадоў я наеўся гэтага дальнабойнага хлеба. Хочацца спакойнага жыцьця, стабільнасьці. Да пэнсіі ня хочацца тут працаваць. Дом маеш, машыну маеш. Хочацца знайсьці сабе працу ў Беларусі і зарабляць сабе на пэнсію. На ежу і ваду заробіш і ў Беларусі. Калі хтосьці мае большыя амбіцыі, то трэба ехаць працаваць у Польшчу ці далей», — кажа Артур.


Глядзіце таксама

«За два месяцы я зарабіў суму, якую ў Беларусі зарабляў за год»

Максім (імя зьмененае) таксама працуе дальнабойшчыкам толькі дзеля высокіх заробкаў. Стаж 6 гадоў. У Беларусі працаваў на дзяржаву. Там засталіся жонка і дзіця.

«Праца была вельмі добрая, мне падабалася, заробку хапала, жытлом забясьпечвалі, добрыя адпускныя, амаль штогод езьдзілі на мора», — успамінае Максім.

Аднак сям’я вырашыла будаваць дом. Беларускага заробку на гэта ўжо не хапала. Вагаўся, ці не паехаць на будоўлю ў Расею, аднак пераважыла праца на фуры ў Эўропе. Цяпер Максім зарабляў бы ў Беларусі на сваёй ранейшай працы 500 эўра. Ягоны актуальны заробак у 4–5 разоў больш — 2–2,5 тысячы эўра.

«Калі я першы раз паехаў працаваць, то за два месяцы зарабіў суму, якую ў Беларусі зарабляў за год», — кажа Максім.

Аднак ён прызнаецца, што ўзровень жыцьця сям’і застаўся ў цэлым ранейшы. Яны не пачалі купляць даражэйшую ежу ці адзеньне, бо асноўныя сродкі ідуць на будоўлю. Праўда, часам могуць пабалаваць дзіця цацкамі. На думку Максіма, праца дальнабойшчыка цяжкая не фізычна, а маральна.

«Асабліва ў першы год, калі ў цябе маладая жонка, хочацца хутчэй прыехаць, яе абняць», — кажа ён.

Рашэньне аб працы сужэнцы прымалі разам. Паводле суразмоўцы, расстаньне толькі ўзмацніла іхныя адносіны.

«Мы ведаем адно аднаго вельмі доўга. Ты ня думаеш, ці падазраваць адно аднаго. Мы заўжды на сувязі, 24/7, стэлефаноўваемся па 20 разоў на дзень: я ведаю, чым яны сьнедалі, куды хадзілі. Я паведамляю, як мы едзем, бо жонка хвалюецца», — тлумачыць беларус.

На ягоную думку, сужэнцам нават патрэбна расставацца, каб больш цаніць адно аднаго, адчуваць тугу.

«Ты прыяжджаеш дадому на некалькі тыдняў, і нават калі б хацеў надакучыць, не пасьпяваеш», — кажа дальнабойшчык.

Ён дадае, што праца ў Эўропе дазволіла ўбачыць іншы ўзровень жыцьця, убачыць, што чалавек варты атрымліваць добрыя грошы за сваю працу. Аднак перавозіць сям’ю ў іншую краіну беларус ня хоча.

«Мне не падабаецца жыць ні ў Польшчы, ні ў Нямеччыне, ні ў Гішпаніі, ні ў Францыі. У мяне такі мэнталітэт: я хачу дадому. Калі пераехаць сюды жыць цяпер з такім заробкам, які я маю, наймаць жытло, аддаць дзіця ў садок, узровень жыцьця будзе такі самы, як і ў Беларусі, калі я пайду на менш аплатную працу», — параўноўвае ён.

Суразмоўца заўважае, што ў Польшчы сутыкаўся з большай бюракратыяй, чым у Беларусі. На ягоную думку, стаўленьне да беларусаў і ўкраінцаў у польскіх працадаўцаў горшае, чым да палякаў.

«Калі ты пачнеш выказваць прэтэнзіі да ўмоваў працы, ніхто цябе ня будзе трымаць, цябе звольняць», — перакананы кіроўца.

Яшчэ адна прычына — у сыстэме мэдыцыны. Калі Максім кепска сябе адчуваў і меў вельмі моцны боль, хуткая да яго не прыехала. Мужчына плянуе вярнуцца працаваць у Беларусь, калі дабудуе дом.

«Дома мне дыхаецца на поўныя грудзі. У Партугаліі я магу пакупацца ў акіяне, але адзін. Дома я б плаваў у возеры, але разам зь сям’ёй. Кожны глядзіць, што ў яго пераважае на шалях», — кажа ён.


Глядзіце таксама

«Каб аддаліцца адно ад аднаго, не абавязкова быць на адлегласьці»

Андрэй — праграміст. Зьехаў зь Беларусі пасьля ўвядзеньня санкцый у 2022 годзе, калі шэраг IT-кампаній сышлі з краіны. Жонка зь дзецьмі засталіся ў Беларусі.

«Кампаніі вырашылі разьвітацца зь Беларусьсю канчаткова і не разьвіваць там больш нічога, не трымаць там людзей, не прапаноўваць ім ніякіх пэрспэктываў. Пэрспэктывы заставацца ў Беларусі не было. Каб застацца ў той жа кампаніі, трэба было выехаць у Польшчу», — успамінае ён.

Айцішнік мог застацца ў Беларусі, але пошук новай працы заняў бы пэўны час, калі сям’я магла застацца бяз грошай. Андрэй думае, што і цяпер у Беларусі можна знайсьці добрую працу, якая б адпавядала ягоным патрабаваньням: заробак 3–5 тысяч даляраў, магчымасьць езьдзіць у Беларусь або працаваць у любым месцы, незалежна ад геаграфіі.

Жонка спачатку наведвала мужа за мяжой. Цяпер Андрэй мае магчымасьць часта езьдзіць у Беларусь, бачыцца зь сям’ёй штомесяц. На ягоную думку, адлегласьць уплывае на адносіны.

«Каб аддаліцца адно ад аднаго, не абавязкова быць на адлегласьці. Тут патрэбная праца над стасункамі. Калі мы на адлегласьці, у мяне больш вольнага часу на рэфлексію. У жонкі таксама больш энэргіі, якую яна ня траціць на стасункі са мной», — кажа Андрэй.

Ягоны ад’езд выклікаў у жонкі трывогу, што муж можа кінуць, стварыць сабе новую сям’ю за мяжой.

«Але ўдалося гэтыя страхі адкрыць, зразумець, абгаварыць. Як на мяне, вынік атрымаўся даволі пазытыўны», — мяркуе суразмоўца.

На ягоную думку, расставаньне ня толькі можа стаць крыніцай трывог. Праблема яшчэ і ў тым, што партнэра няма побач, каб проста абняць, супакоіць, запэўніць, што ён не плянуе сыходзіць зь сям’і.

Жонка не захацела пераяжджаць да мужа ў Польшчу, нягледзячы на супярэчлівыя эмоцыі.

«У яе ёсьць справы ў Беларусі, а таксама эмацыйная прывязанасьць да месца, да людзей», — тлумачыць муж.

Каб камунікаваць зь дзецьмі, Андрэй сазвоньваецца зь імі празь відэасувязь.

«Таксама я запісваў дзецям аўдыёказкі, бо дома звычайна чытаў ім на ноч. Трэба прыдумляць, як не зьнікаць ад дзяцей зусім, каб ня толькі праз экранчык у тэлефоне камунікаваць, але забясьпечваць ім больш сваю прысутнасьць», — кажа бацька.

Ён мяркуе, што ў сытуацыі працы за мяжой плюс толькі адзін — большая фінансавая стабільнасьць.

«Але тут таксама ёсьць нюансы, людзей звальняюць. Бізнэс не пайшоў угору, нестабільная сытуацыя», — кажа ён.

Таму Андрэй працягвае шукаць іншую працу ў IT.