Поспехі беларускай эканомікі, якія ніхто не бачыць
Пра тое, ці працуюць санкцыі і чаго вартыя дасягненні беларускай эканомікі, разважае бізнесмен Аляксандр Кныровіч у сваім тэлеграм-канале «Эканоміка Беларусі».
Кныровіч звычайна робіць тыднёвы агляд і распавядае пра розныя аспекты “беларускага эканамічнага цуду”. Прапануем вам некаторыя яго высновы.
Калійныя поспехі
Экспарт калію летась упаў на 60%, толькі 4,5 млн тон супраць звыклых 10-11 млн тон. Лагістыка праз Расею абыходзіцца ў 2-5 разоў даражэй, чым праз Літву. Яшчэ і цана ўпала, дакладней, вярнулася на даваенныя ўзроўні і расці не збіраецца.
І вось ужо той самы шахцёр патрабуе ад падначаленых вызначыцца — ці трэба нам будаваць гэтыя парты. І віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў міргае вочкамі і кажа, што "трэба садзіцца і лічыць".
Ну-ну, паўтара года, напэўна, калькулятар шукалі? Закаціўся кудысьці…
На гэтым тыдні яшчэ адзін беларускі пасланец у АБСЕ заявіў, што "санкцыі супраць беларускіх угнаенняў ствараюць пагрозу голаду ў свеце".
Не, не ствараюць... свет перабудаваўся.
У 2015 годзе доля Беларусі на гэтым рынку была 30%, у 2021-м — 17%, у 2022-м — 7,5%.
І Канада, на фоне правалу Расеі і Беларусі, паабяцала павялічыць выпуск на 22% цягам 3-х гадоў, што цалкам пакрые адсутнасць беларускага калію ў свеце.
Расейскія вуглевадароды
Падзенне выручкі ад экспарту расейскіх вуглевадародаў складае 47%. У выніку казна недабрала 11, 7% даходаў, затое выдаткі выраслі на 19, 5% і запланаваны на год бюджэтны дэфіцыт быў дасягнуты (на 90%) ужо за першыя 6 месяцаў.
Кажучы чалавечай мовай — санкцыі супраць нафтагазавай галіны Расеі працуюць. Еўропа не замерзла і моцна дапамагла азіяцкім краінам скупляць расейскія рэсурсы "за бясцэнак".
Што гэта значыць для Беларусі?
Расходную частку расейскага бюджэту плануюць рэзаць на 10% і за даляр сёння даюць 90 наймоцных расейскіх рублёў. Нагадаю, сярэднегадавы курс 2022 года — 67,5 рубля.
Спекулятыўныя беларускія радасці — скончыліся. Трэба рыхтавацца да зімы.
І на гэтым фоне ўраду Беларусі ўжо даводзіцца зніжаць мінімальныя экспартныя цэны на мяса-малочную прадукцыю. Адна справа прапаноўваць мяса па 3,9$/кг пры курсе 60, і зусім іншае — пры 90... не бяруць. І сабралася (як раней паведамлялася) прадукцыі той жа малочнай галіны на 400 млн $ менавіта па гэтай прычыне.
«Затое ў нас бензін танны ...» ці не танны?
Мяркуючы па публікацыях дзяржаўных "эканамістаў", танныя расейскія вуглевадароды - гэта аснова беларускай стабільнасці, і калі мы захочам ад гэтага задавальнення адмовіцца…
Навошта? Ну, напрыклад, каб не мець ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі. Або — не ўдзельнічаць у вайне.
Дык вось — калі мы захочам ад іх адмовіцца, то наступіць практычна Армагедон.
І вось выходзіць статыстыка ад Picodi з нагоды даступнасці бензіну грамадзянам тых ці іншых краін у параўнанні з сярэднім заробкам (пасля падаткаў і адлічэнняў) і там мы... не, не на першым, не на другім, і не на трэцім месцы ў Еўропе. Нам наогул далёка да п'едэстала.
Беларусь займае 25-е месца з 50-ці еўрапейскіх странаў з вынікам — 686 літраў.
І суседзі нашы таксама.
Расея ў гэтым спісе знаходзіцца на 15-м месцы з магчымасцю на сярэднюю з/п набыць 1 171,5 літра бензіну, Польшча — на 22 месцы (731 літр), Літва — на 23 месцы (726,9 літра), А Латвія — на 27 месцы (650,3 літра).
А лідар — Люксембург — 2,5 тысячы літраў.