Востраўскае пагадненне: Як Вітаўт здабыў трон

Пасьля некалькіх гадоў грамадзянскай вайны 4 жніўня 1392 года ў маёнтку Востраў пад Лідай Вітаўт дамогся ўлады ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ягайла быў вымушаны вярнуцца да палякаў.

Вітаўт Вялікі. Выява Штучнага Інтэлекту. instagram.com/belarus_minulaja

Вітаўт Вялікі. Выява Штучнага Інтэлекту. 
instagram.com/belarus_minulaja

Чаму ўвогуле пачалася грамадзянская вайна?

Калі Вітаўт і Ягайла – стрыечныя браты, тады навошта было біцца? Справа была перадусім у непрыстойных і злачынных учынках Ягайлы.

У 1382 годзе ў Крэўскім замку на загад Ягайлы быў забіты Кейстут – бацька Вітаўта, а сам Вітаўт быў схоплены, але цудам пазьбегнуў сьмерці. Прычынай была баязьлівасьць Ягайлы, што Кейстут з Вітаўтам будуць прэтэндаваць на трон Вялікага Княства Літоўскага пасьля сьмерці папярэдняга ўладара, бацькі Ягайлы — Альгерда ў 1377 годзе.

Як бачым, прычыны ў Ягайлы былі нізкія, але зразумелыя. Пасьля выратаваньня ў 1382 годзе Вітаўт, безумоўна, не мог пакінуць без рэакцыі забойства свайго бацькі. Ён пачаў рыхтавацца. Кейстутаў сын хаваўся на тэрыторыі Тэўтонскага ордэну і зь яго дапамогай імкнуўся адолець Ягайлу. Крыжакі дапамаглі, і Вітаўт завалодаў Коўнай і Трокамі, і дасягнуў Вільні, якую не здолеў узяць і пайшоў на мірную дамову з Ягайлам.

Паводле дамовы Вітаўт станавіўся на чале Гарадзенскай і Берасьцейскай зямлі. Тым часам у 1385 годзе была падпісаная Крэўская вунія (зноў знакавыя падзеі адбыліся ў Крэве, гэтым разам не забойства чалавека, але спроба забойства дзяржавы). Ягайла быў запрошаны на караля палякаў, а ў Вялікім Княстве Літоўскім быў прызначаны намесьнік – родны брат Ягайлы – Скіргайла.

Ягайла

Ягайла

У адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам Ягайла абавязваўся далучыць усе землі Вялікага Княства Літоўскага да Польшчы. Але варта адзначыць, што ў падпісаньні Крэўскай вуніі ўдзельнічала мацнейшая дзяржава (Вялікае Княства) і слабейшая (польскае каралеўства). Тэкст вуніі не знайдзены ў беларускіх дакумэнтах таго часу, што выклікае пытаньне ў шэрагу дасьледчыкаў, ці не зьяўляецца вядомы на сёньня тэкст вуніі фальсыфікатам пазьнейшага часу?

Патрыётам нашай радзімы было нясьцерпна такое становішча, калі фармальна кіраўнік суседняй дзяржавы вызначаў палітыку Вялікага Княства Літоўскага. Была створаная вялікая ваенна-палітычная апазыцыя. На чале яе стаў, зразумела, Вітаўт.

Паўстаньне

У выніку ў 1389 годзе Вітаўт адкрыта паўстаў супраць сытуацыі, якая склалася ў нашай дзяржаве. Вітаўт сабраў у Гародне князёў і баяраў, якія па тых ці іншых прычынах былі незадаволеныя дзеяньнямі Ягайлы. На сходзе Вітаўт заявіў, што краінай завалодалі чужынцы, а горадам кіруе польскі стараста. Князі і баяры прапанавалі захапіць Вільню, а Вітаўта ўзьвесьці на вялікакняскі пасад.

Гарадзенскі князь Вітаўт павёў рыцараў на Вільню, аднак здабыць яе зноў не атрымалася: занадта вялікі быў гарнізон палякаў, пакінуты там Ягайлам.

Рыцар Вітаўта. Выява Штучнага Інтэлекту. instagram.com/belarus_minulaja

Рыцар Вітаўта. Выява Штучнага Інтэлекту. 
instagram.com/belarus_minulaja

Тады Вітаўт зноў просіць падтрымкі крыжакоў, якім за дапамогу перадае Жамойць (гістарычная радзіма сучасных літоўцаў). Як мы ведаем, Жамойць потым будзе вернутая ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

Барацьба стрыечных братоў была зацятай. Ішло змаганьне за ўласна будучыню Вялікага Княства Літоўскага. У выпадку перамогі Ягайлавых сілаў Беларусь ужо ў пачатку XV стагодзьдзя стала б неад’емнай часткай Польшчы, а пра нейкую самастойную будучыню можна было б забыцца.

Але, дзякаваць Богу, перавагу атрымаў Вітаўт. У 1391 годзе ён здабыў Гарадзенскі замак, а ў 1392 годзе ўвайшоў у першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага – Навагародак. Разам з Ордэнам Вітаўт рабіў пасьпяховыя вылазкі на тэрыторыю, якая кантралявалася Ягайлам і Скіргайлам.

Палітычную пазыцыю Вітаўта ўмацавала вясельле яго дачкі Сафіі з маскоўскім князем Васілём.

Ягайла быў вымушаны пайсьці на таемныя перамовы з Вітаўтам.

Пагадненьне

Вялікі князь Вітаўт разарваў свае васальныя пагадненьні з Тэўтонскім Ордэнам, спаліў іх тры замкі і вярнуўся ў Вільню. Праўда, як адзначае гісторык Мікола Ермаловіч, гэта было жорстка адплачана тэўтонцамі. “Рыцары, калі даведаліся аб здрадзе ім Вітаўта, атруцілі яго двух малалетніх сыноў, а брата Жыгімонта, які таксама зьяўляўся закладнікам, закавалі ў ланцугі і кінулі ў цямніцу.

Пэўна ж, Вітаўт прадбачыў такія сумныя вынікі яго разрыву з Ордэнам, аднак яго гэта не стрымала ад рашучых дзеяньняў. Усё гэта можа характарызаваць Вітаўта як чалавека, які ў імя дзяржаўных інтарэсаў мог ісьці на вялікія асабістыя ахвяры”.

Маёнтак Востраў каля Ліды быў выбраны ў якасьці месца зьезду ў сувязі з некалькімі прычынамі. Збудаваньне было каменнае і дастаткова прасторнае, каб прыняць вялікую колькасьць шляхты і абслугі. Палац месьціўся на мяжы паміж Гарадзенскім княствам, якое належала Вітаўту як Кейстутавічу, і Лідзкім, што належала Ягайлу як Альгердавічу. Па-другое, недалёка ад Вострава праходзіў старадаўні шлях зь Вільні ў Кракаў.

Падпісаньне пагадненьня. Выява Штучнага Інтэлекту. instagram.com/belarus_minulaja

Падпісаньне пагадненьня. Выява Штучнага Інтэлекту. 
instagram.com/belarus_minulaja

Як піша Леанід Лаўрэш, на момант падпісаньня пагадненьня ў 1392 годзе маёнтак быў уласнасьцю скарбу Вялікага Княства Літоўскага.

Яшчэ ў XV ст. па ўсёй тэрыторыі гістарычнай Лідчыны цягнулася пушча, якая належала Вялікаму князю літоўскаму. У часы Вітаўта тут было не шмат сталага насельніцтва і менавіта гэты Вялікі князь пачаў надзяляць баяраў землямі, але надаваць ён мог толькі лясы i рэкі. Гэтая маёмасьць каштавала ня шмат, бо гаспадар павінен быў карчаваць лес і так праз выкарчоўку лесу i заняцьце новых пусташаў рухалася калянізацыя Лідчыны.

4 жніўня 1392 года было заключанае Востраўскае пагадненьне. Падпісалі яго з аднаго боку кароль польскі Ягайла, і яго жонка польская каралева Ядзьвіга, з другога боку князь гарадзенскі Вітаўт і яго жонка Ганна.

Паводле падпісанага пагадненьня, улада ў Вялікім Княстве Літоўскім замацоўвалася за Вітаўтам.

Глядзіце таксама

Бліжэйшыя наступствы

Аднойчы жонка Ягайлы, польская каралева Ядзьвіга дазволіла сабе запатрабаваць ад Вітаўта даніны на карысьць Польшчы, як звычайна робіць васал сюзэрэну. Аднак Вітаўт, пераказаў гэтыя словы ў Сойме ў Вільні. Нашыя шляхцічы вельмі выразна пазначылі сваю пазыцыю:

“Мы не падданыя Польшчы, і заўсёды былі вольныя. Продкі ніколі не плацілі даніны палякам, і мы ня будзем плаціць, а застанемся назаўсёды пры сваіх вольнасьцях”.

Залатыя словы, якія і сёньня неабходна паўтараць сабе ўсім тым, хто бярэ на сябе адказнасьць за лёс Беларусі.

Мы не падданыя ніводнай іншай краіны, а таму неабходна рашуча выступаць супраць сьмяротных абдымкаў Масковіі сёньня.