Чаму пачалася грамадзянская вайна ў ВКЛ у 1432 годзе?

Пасьля княжаньня Вітаўта, якое цягнулася бясконцыя 38 гадоў (1392-1430), Залаты век беларускай дзяржавы паступова сыходзіў у нябыт. У гэты дзень, 15 красавіка 1432 года, малодшы брат Вітаўта Жыгімонт аднавіў дзяржаўную вунію з Польшчай і тым самым распачаў грамадзянскую вайну, на якую прыйшлося амаль усё ягонае княжаньне. Што там адбылося?

Ілюстрацыйны здымак зроблены штучным інтэлектам

Ілюстрацыйны здымак зроблены штучным інтэлектам

Перадумовы

У далёкім 1385 годзе паміж Вялікім Княствам Літоўскім і каралеўствам Польскім была заключаная Крэўская вунія, якая пасьля была перазаключаная ў 1401 і 1413 гадах. Афіцыйна яна мела на мэце абарону абедзьвюх дзяржаваў ад зьнешніх ворагаў, але неафіцыйна цягнула да паступовага аб’яднаньня сярэднявечных суседзяў у адно каралеўства.

Вядома, гэта выклікала ў сярэдзіне ВКЛ высьпяваньне незадаволенасьці. Княжаньне Вітаўта Вялікага было доўгім і слаўным, і, здавалася, дзяржава здолее працягнуць росквіт і разьвіцьцё далей, чаго вартая толькі мара Вітаўта пра карону ад Папы Рымскага і пераўтварэньне княства ў каралеўства. Адначасова з гэтым існавала праблема адсутнасьці сыноў у гаспадара дзяржавы, што ў канчатковым выніку мусіла прывесьці да яшчэ большага хаўрусу з палякамі.

Згодна з адным з артыкулаў вуніі, пасьля сьмерці Вітаўта ўладарыць у Вялікім Княстве мусіў пачаць польскі кароль Ягайла, стрыечны брат Вітаўта. Таксама згоду на прызначэньне новага кіраўніка суседняй дзяржавы павінны былі даць польскія паны. Ня дзіўна, што беларускім магнатам і шляхце такая пэрспектыва не асабліва была па душы. Яны сабраліся ў Вільні і вырашылі, што па законе можна зрабіць інакш, і абралі адзінагалосна вялікім князем Сьвідрыгайлу, сына Альгерда.

Вялікі князь Сьвідрыгайла

Вялікі князь Сьвідрыгайла

Іншы сын Альгерда, Ягайла, вырашыў не ўцягвацца ў напружаную сітуацыю на старасьці гадоў і згадзіўся з такім выбарам.

Сьвідрыгайла

Новы вялікі князь праз усё жыцьцё быў палітычным супернікам як Ягайлы, так і Вітаўта, у пэўныя часы выступаў супраць іх са зброяй, але ў канчатковым выніку на словах замірыўся з родным і стрыечным братам і атрымаў надзел у Вялікім Княстве, дзе быў нарэшце галоўным.

Акрамя асабістага чыньніку істотным неабходна адзначыць і нацыянальны. Сьвідрыгайла быў пасьлядоўным і сапраўдным апанэнтам хаўрусаў з польскім каралеўствам, выступаў за скасаваньне Вуніі між дзяржавамі. Як пазначае ў сваёй хроніцы знакаміты польскі гісторык Ян Длугаш, Сьвідрыгайла, які быў добрым каталіком, карыстаўся пашанай і павагай у іншай часткі насельніцтва. Русіны, які вызнавалі праваслаўе, бачылі яго ўласным заступнікам. Зрэшты, той жа храніст Длугаш у іншым месцы апісваў Сьвідрыгайлу як аматара выпіць і чалавека недалёкага. Хто замаўляе хроніку, той яе і піша.

Разам з тым, у вачох грамадзтва менавіта Сьвідрыгайла быў самым законным прэтэндэнтам на княжаньне, бо быў малодшым сынам таго самага легендарнага Альгерда.

У 1430 годзе іншая “партыя”, якая імкнулася працягнуць паступовае аб’яднаньне двух народаў, за свайго прэтэндэнта мела Жыгімонта Кейстутавіча, малодшага брата Вітаўта. Але як ужо мы адзначылі, княжыць паставілі Сьвідрыгайлу. На чале дзяржавы новы вялікі князь парушыў Гарадзельскі прывілей і пачаў раздаваць дзяржаўныя пасады праваслаўнай шляхце.

Вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч

Вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч

Польскае каралеўства было вельмі незадаволеным, бо жадала атрымаць ад Вялікага Княства Падольле, Валынь і Кіеў, як піша гісторык Мікола Ермаловіч. Польскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю ВКЛ, пачаліся баявыя дзеяньні, пераважна на Валыні. Але выразнай перавагі ніводзін з бакоў ня меў.

Як сцьвярджаюць летапісы, у гэты час Ягайла разам са сьвітай быў у Вільні, і нарваўся на вялікага князя Сьвідрыгайлу, які быў вельмі разьюшаны польскімі дзеяньнямі.

Ён схапіў Ягайлу за бараду такім чынам, што ледзьве не вырваў разам са сківіцай.

Цікавы факт, падчас гэтых падзей Сьвідрыгайла меў прыблізна 60 гадоў, а Ягайла — каля 80.

У выніку ўвосень 1432 года моцнае войска, якое здолеў назьбіраць Жыгімонт, падыйшлі да Ашмянаў, дзе ў той час знаходзіўся вялікі князь Сьвідрыгайла. Няроўныя сілы сталі прычынай таго, што вялікі князь быў вымушаны саступіць, каб не трапіць у палон. У сваю чаргу Жыгімонт узяў Гародню, Трокі і ўрэшце Вільню. І менавіта такім чынам забясьпечыў сабе вялікакняскую карону.

Жыгімонт у якасьці падзякі адразу падпісаў з Ягайлам вунію ў Гародні, у якой пацьвердзіў вярхоўны сувэрэнітэт апошняга над сабою на ўмовах Віленска-Радамскай вуніі 1401 года. Гэта значыла, што Жыгімонт абмежаваў самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага часам свайго жыцьця, пасьля яго сьмерці, як і раней было адзначана, вялікім князем мусіў стаць Ягайла.

Ягайла

Ягайла

Сьвідрыгайла ўцёк у Полацк, які заставаўся верным яму, зьвярнуўся па дапамогу да Лівонскага ордэну і разам з вялізным войскам, у якім налічвалася каля 40 тысячаў рыцараў, у сьнежні таго ж году падыйшоў зноў да Ашмянаў. Але лёс Сьвідрыгайлы быў вызначаны. Яго армія была ўшчэнт разьбітая Жыгімонтам, а сам ужо былы вялікі князь зноўбыў вымушаны ўцякаць, гэтым разам у Віцебск.

Грамадзянская вайна цягнулася яшчэ пяць гадоў, да 1437 года, калі Жыгімонт Кейстутавіч падначаліў сабе і Полацк з Віцебскам, а Сьвідрыгайла зноў падаўся на ўцёкі, ужо да канца жыцьця. Непрацяглы час прабыў на Валыні, але і адтуль выправіўся яшчэ далей — у далёкую Валахію.

Што цікава, ягоны супернік, новы вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч, пракняжыў, як і пражыў, толькі некалькі гадоў пасьля – да 1440 года. Ён быў забіты ў сваім жа замку. Жыгімонт меў вельмі круты нораў і караў сьмерцю тых, на каго трапляла падазрэньне ў здрадзе. Занадта шмат годных і значных асобаў ён загубіў, што і прывяло яго да заўчаснай сьмерці.

Пячатка з Пагоняй Сьвідрыгайлы

Пячатка з Пагоняй Сьвідрыгайлы

Апошні раз Сьвідрыгайла атрымлівае шанц вярнуцца на княжаньне, калі вяртаецца з-за мяжы зноў на Валынь, і нават абвяшчае сябе вялікім князем, але шляхце Вялікага Княства неабходна было супакоіць дзяржаву.

Рада князёў і паноў 29 чэрвеня 1440 года абірае на вялікага князя Казіміра, сына Ягайлы. Падкрэсьлім, адбылося гэта зноў без ухваленьня і ўзгадненьня з польскімі панамі. Так пачыналася новая эпоха, заснаваная на міры і пераважным супакоі ў княжаньне Казіміра (1440-1492).