Унікальныя фотаздымкі Крычава часоў Другой сусветнай вайны знайшлі краязнаўцы

Краязнаўцы Крычава знайшлі ўнікальныя фотаздымкі горада часоў Другой сусветнай вайны і рыхтуюць да выдання кнігу-альбом.

Увосень 2020 года ў Крычаве з’явілася краязнаўчая ініцыятыва «Крывічы». Яе сябры ставяць сабе за мэту захаванне і папулярызацыю гісторыі Крычаўшчыны, у першую чаргу праз праўдзівае асвятленне малавядомых фактаў і мінулага роднага краю.

За час існавання ініцыятывы быў зроблены збор дакументальных сведчанняў і сабраны вусныя ўспаміны некаторых жыхароў Крычава пра падзеі Другой сусветнай вайны і акупацыі горада нямецкімі войскамі, знойдзены ўнікальныя фатаграфіі горада, зробленыя нямецкімі жаўнерамі. Таксама краязнаўцы правялі даследванне гісторыі вёскі Чырвоная Буда з мэтай выдання кнігі ў будучыні.

На дадзены момант «Крывічы» працуюць над праектам па выданню кнігі старых фотаздымкаў «Крычаў — скрозь прызму часу», у якой будуць сабраны фатаграфіі дарэвалюцыйнага і даваеннага Крычава, а таксама сучасны від тых месцаў і аб’ектаў, якія былі выяўлены на старых здымках.

Загадка старога моста

Ідэя выдання кнігі-альбома ў тым, каб паказаць розныя месцы Крычава ці архітэктурныя збудаванні ў даваенны час і сучасны выгляд горада. Бясспрэчна, з’яўляюцца цікавымі фотаздымкі, якія паказваюць краявіды Крычава пачатку ХХ стагоддзя. Адзін з іх, напрыклад, ілюструе мост праз раку Сож, якая цячэ ў горадзе. Гэты фотаздымак даволі лёгка можна знайсці ў інтэрнет-прасторы, прычым у добрай якасці. Аднак няшмат хто з жыхароў горада зможа паказаць гэтае месца сёння. Драўляны мост, што выяўлены на фотаздымку, згарэў у час акупацыі нямецка-фашысцкімі войскамі і не быў адноўлены пасля вайны. Даволі моцна змяніўся той раён і вуліца каля Сожа, якая ў ранейшы час, відаць, была больш густанаселеная.

Як змяніўся Палац Пацёмкіна-Галынскіх

Прыцягваюць увагу і фотаздымкі Палаца Пацёмкіна-Галынскіх аўтарства Аляксея Вінэра 1939 года, якія былі адшуканы ў Нацыянальным гістарычным архіве. Згодна фотаздымкаў, уваход у палац быў крыху іншым, чым выглядае цяпер. Вядома, што першапачатковая анфіладная планіроўка змененая ў 1950-я гады, калі ў сценах палаца размясцілася школа-інтэрнат. Фатаграфіі знойдзеныя ў архіве таксама сведчаць, што некаторыя элементы палаца не захаваліся да нашых дзёнь, як, напрыклад, ганак архітэктурнай пабудовы. Між іншым палац Пацёмкіна-Галынскіх цяпер з’яўляецца візітнай карткай горада, у якім размешчаны Крычаскі гістарычны музей.

У выніку краязнаўчых пошукаў было знойдена паўтара дзясятка даваенных і дарэвалюцыйных фотадымкаў Крычава, на якіх выяўлены розныя краявіды горада, культавыя збудаванні (касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і плябанія, Свята-Уваскрасенская царква), палац Пацёмкіна-Галынскіх, навучальныя установы (рамесная вучэльня, Крычаская другакласная школа), вакзал.

Не толькі кніга, але і сайт, і паштоўкі

Мэтамі гэтага праекта крычаўскія краязнаўцы бачаць актуалізацыю гісторыі Крычава, папулярызацыю старой фатаграфіі і захаванне памяці пра будынкі гарадской забудовы, якія зніклі ў віхуры часу. Вынікам рэалізацыі праекта стане не проста выданне кнігі-альбома старых фотаздымкаў Крычава, аднак і асобны сайт, дзе ўсе аматары гісторыі змогуць азнаёміцца з кнігай у электронным варыянце.

На электронным рэсурсе таксама будзе размешчана інфармацыя, якая раскажа пра з’яўленне і рэалізацыю задумкі, для таго каб падштуршнуць краязнаўцаў іншых гарадоў да ініцыявання краязнаўчых праектаў падобнага кшталту. Акрамя таго, плануецца выданне паштовак з выявамі старога горада, што дазволіць папулярызаваць гісторыю Крычава сярод мясцовага насельніцтва.

Напрыканцы трэба заўважыць, што кніга-альбом і паштоўкі Крычава рознага часу ўжо падрыхтаваны і знаходзяцца ў друку, а сайт краязнаўчага праекта на цяперашні момант у сваёй фінальнай стадыі распрацоўкі. Такім чынам, хутка ўсе аматары краязнаўства змогуць наведаць электронны рэсурс ініцыятывы, а жыхары Крычаўшчыны патрымаць у руках новае краязнаўчае выданне.

Хведар Прылёпаўскі, budzma.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: