ТОП-7 цікавостак Крычаўскага музея
Рогі зніклага тура, казані Сімяона Полацкага ды іншыя цікавосткі Крычаўскага музея

Па Крычаве, адным з самых усходніх райцэнтраў Беларусі, прыемна проста пагуляць. А можна яшчэ завітаць у гістарычны музей.

Ён месціцца ў палацы, пабудаваным для графа Пацёмкіна ў 1778–1787 гадах архітэктарам Іванам Старавым (аўтар праекта Таўрычаскага палаца ў Санкт-Пецярбургу), першапачаткова ў стылі рускага класіцызму. Даволі хутка палац мяняе і гаспадара, і аблічча: у 1787 годзе Пацёмкін прадае будынак і землі прадстаўніку роду Галынскіх.
У 1849 годзе палац перабудоўваюць у неагатычным стылі, у якім ён і адрэстаўраваны на цяперашні час. Інтэр’еры адноўлены на XVII – 1-ю палову XVIII стагоддзяў. Тут часам ладзяць балы аматары рэканструкцыі гістарычных танцаў.

Вольга Емельянава
Вольга Емельянава, навуковая супрацоўніца музея, расказвае пра самыя цікавыя экспанаты.
1. Старадрук 1681 г., зборнік казанняў Сімяона Полацкага “Абед душэўны” Экспануецца ў зале "Кабінет-бібліятэка".

Кніга выдадзена праз год пасля
смерці асветніка ў заснаванай ім маскоўскай друкарні. Гэта першая частка яго
казанняў, другая выйшла ў 1683 годзе і звалася “Вячэра душэўная”. У Маскве Сімяон Полацкі жыў з 1664 года. Ён прынёс
у Расію заходнюю філасофію і эстэтыку, высокую кніжную паэзію і мастацтва
школьнай драматургіі. Выхоўваў цароў Фёдара Аляксеевіча і Пятра І.
2. Рогі тура

Экспануюцца ў Рыцарскім зале.
У 2-й палове ХХ стагоддзя іх прынёс у музей жыхар Крычава. Спачатку рогі знаходзіліся ў фондах, потым былі адрэстаўраваныя і змешчаныя ў экспазіцыю Рыцарскага зала. Экспанат цікавы тым, што папуляцыя тураў на Зямлі знікла ў 1627-м годзе (гэта апошняя фіксацыя недалёка ад польскага Яктаруба). Значыць, рогі з Крычаўскага музея не маладзейшыя за XVII стагоддзе. Ці ўсё ж у нас туры вадзіліся даўжэй? Цяпер ужо і не высветліць...
3. Кіраса часоў Пятра І

Экспануецца ў Рыцарскім зале.
Гэта верхняя частка даспехаў, што абараняла цела рыцара ад удару мячом. Экспанат цікавы сваёй мініяцюрнасцю. Наведвальнікі музея часта здзіўляюцца, што цяпер кіраса налезла б хіба на шасцікласніка. Вядома, што нашы продкі былі больш субтыльнымі за нас, нават памер мужчынскага абутку зрэдку быў большым за 38. Таму можна з упэўненасцю казаць, што гэта кіраса належала даросламу мужчыне.
4. Чарнільніца і перніца, датуюцца XVII–XVIII стагоддзямі

Экспануюцца ў Рыцарскім зале.
Прыборы для пісьма знойдзены падчас раскопак на крычаўскай замкавай гары, захаваліся ў вельмі добрым стане. На паверхні чарнільніцы нават можна разгледзець каляровую эмаль.
5. Абраз-складзень "Двунадзясятыя святы" ХІХ стагоддзя

У музеі цэлая калекцыя абразоў гэтага перыяду, "Двунадзясятыя святы" выдзяляецца сваёй мініяцюрнасцю. Такія абразы прынята было браць у вандроўкі, бо вялікія займалі б шмат месца, іх нязручна транспартаваць. Раскладаецца на 4 створкі, апавядае пра жыццё Ісуса Хрыста і Багародзіцы, утрымлівае выявы дванаццаці царкоўных святаў, пачынаючы з Вялікадня.
6. Арыгіналы дакументаў роду Галынскіх

Палац, у якім месціцца музей, носіць імя графа Пацёмкіна, але шмат часу, 130 гадоў, да самай рэвалюцыі 1917-га, ім валодаў род Галынскіх. У 1959 годзе, падчас рамонту драўляных перакрыццяў палаца, знайшлі гліняную ёмістасць, у якой захоўвалася 47 дакументаў Галынскіх. Яны датуюцца 1719–1905 гадамі. Гэта разнастайныя паперы: лісты, распіскі, таварныя накладныя, дамовы... Зараз некаторыя з дакументаў можна паглядзець у экспазіцыйным зале “Кабінет-бібліятэка”.

Чаму дакументы схавалі ў драўляных перакрыццях? Апошні гаспадар палаца і ўсяго Крычава, Стэфан Галынскі, валодаў таксама маёнткам у недалёкай ад горада вёсцы Падзіна. Там прайшлі сялянскія хваляванні, была разрабаваная сямейная сядзіба. Дваранін баяўся паўтарэння сцэнару ў Крычаве, і таму схаваў дакументы. У 1959-м яны трапілі ў рукі Міхаіла Мельнікава, заснавальніка тады яшчэ краязнаўчага музея, у іншым будынку. Пасля рэстаўрацыі і адкрыцця палаца дакументы змясцілі ў экспазіцыю.
7. Двуручны меч

Экспануецца ў Рыцарскім зале.
Зброя захавалася не цалкам, можна палюбавацца на яе лаканічна вырашаную ручку.
Канечне, любы з экспанатаў каштоўны і мае права прэтэндаваць на месца ў ТОП-3, калі не на першае. Таму варта разумець, што любы спіс найкаштоўнейшых экспанатаў — гэта ўмоўнасць. Прыязджайце ў Крычаў, завітайце ў музей, і стварыце ўласны ТОП!