Маску Тутанхамона можна будзе пабачыць у Мінску

Выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі будзе ўключаць больш за 300 экспанатаў, сярод якіх ёсць саркафагі, амулеты і папірусы...

133_11___.jpg

З 9 верасня па 10 снежня 2017 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у чатырох залах першага паверха пройдзе выстава “Скарбы Старажытнага Егіпта”.

Унікальная экспазіцыя пазнаёміць з багаццем і гісторыяй цэлай цывілізацыі, поўнай загадак і міфаў. Сярод мноства экспанатаў прадстаўлены пахавальная маска Тутанхамона, загадкавы Сфінкс, статуя бажаства Ку, муміі, папірусы, ювелірныя аздабленні і многае іншае.

Створаная сумесна з музеямі па ўсім свеце экспазіцыя ўключае больш за 300 экспанатаў, сярод якіх ёсць саркафагі, амулеты і папірусы, выкананыя ў адпаведнасці з тэхналогіямі таго часу.

Выстава падзелена на 6 тэматычных зон. Праходзячы па залах экспазіцыі, наведвальнікі пазнаёмяцца з паўсядзённым жыццём старажытных егіпцян, убачаць, як вялася сельская гаспадарка, атрымаюць уяўленне аб ваенных тэхналогіях і суднабудаванні, даведаюцца пра дынастыі правіцелей, а таксама раскрыюць сакрэты культу тагасветнага жыцця.

133_11.jpg



Выстава “Скарбы Старажытнага Егіпта” — гэта добрая нагода правесці час з карысцю для ўсёй сям’і.

www.artmuseum.by