Вогненны лістапад 1920-га. Эпізоды антыбальшавіцкага супраціву ў Беларусі
Адзін месяц 1920 года, які назаўжды ўпісаў сябе ў гісторыю барацьбы беларускага народа за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы. Менавіта на лістапад таго года прыйшліся найбольш актыўныя спробы беларусаў скінуць з сябе ярмо бальшавіцкай акупацыі.
Нязломны генерал. Станіслаў Булак-Балаховіч
Восенню 1920-га ўся тэрыторыя былой Расійскай імперыі палыхала ў агні Грамадзянскай вайны. Не абмінула яна і Беларусь. Пасля акупацыі большай часткі краіны бальшавіцкімі войскамі, беларускія патрыёты пачалі канцэнтравацца на тэрыторыі нядаўна адноўленай Польскай дзяржавы.
Да канца кастрычніка 1920 года антысавецкія атрады, колькасць якіх перавышала 60 тысяч чалавек, сканцэнтраваліся на дэмаркацыйнай лініі, вызначанай прэлімінарнай дамовай паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Аснову антысавецкіх сіл на тэрыторыі Беларусі складала войска пад камандаваннем Станіслава Булак-Балаховіча, якое восенню 1920-га налічвала прыблізна 8000 чалавек пяхоты і 3500 кавалерыстаў. Напярэдадні свайго выступу «балахаўцы» сканцэнтраваліся ў Тураве і Давыд-Гарадку.
Перад імі ставілася задача рушыць наперад да Мазыра і Гомеля. У палітычных адносінах Балаховіч афіцыйна спачатку павінен быў падпарадкоўвацца вядомаму расійскаму рэвалюцыянеру Барысу Савінкову, паколькі кіраўнік Польшчы Юзаф Пілсудскі не надта давяраў эксцэнтрычнаму «бацьку», які быў добра вядомы сваім незалежным характарам. Па ўмовах пагаднення, падпісанага Савінковым і Булак-Балаховічам 27 жніўня 1920-га, армія Балаховіча мусіла разглядацца як частка Рускай народнай добраахвотніцкай арміі (РНДА).
Але сам Балаховіч называў сябе генералам Партызанскай Зялёнай сялянскай арміі, такім чынам далучаючы сваю армію да сялянскага руху «зялёных» і тым падкрэсліваючы сваю беларускую ідэнтычнасць.
12 кастрычніка 1920-га Булак-Балаховіч падпісаў дамову з прадстаўнікамі Беларускага палітычнага камітэта, створанага ў Варшаве напачатку кастрычніка. Па ўмовах дамовы сябры БПК прызналі генерала ваенным кіраўніком руху антысавецкага супраціву ў Беларусі, а ён, у сваю чаргу, абавязаўся перадаць усю ўладу на вызваленай беларускай тэрыторыі грамадзянскаму ўраду.
У гэты час вярхоўнае камандаванне польскай арміі, каб не зрываць мірныя перамовы з бальшавікамі, аб'явіла аб спыненні адносін з войскамі Пятлюры, Перамыкіна, Якаўлева і Булак-Балаховіча, і прапанавала ім у двухтыднёвы тэрмін пакінуць тэрыторыю Польшчы. Аднак раззбройваць гэтыя войскі палякі не сталі. Апынуўшыся ў такой сітуацыі, Балаховіч вырашыў дзейнічаць. Яны з Савінкавым апублікавалі зварот, у якім гаварылася:
«Народнае добраахвотніцкае войска, якое змагаецца супраць бальшавікоў за свабоду ўсіх народаў і за мір для ўсяго свету, закліканае на дапамогу прадстаўнікамі свабоднага беларускага народа, перайшло сёння мяжу, усталяваную прэлімінарным мірам. Пры падтрымцы беларускіх сялян, маючы ў сваіх шэрагах шматлікіх беларускіх добраахвотнікаў, яно ідзе наперад для вызвалення Беларусі, для канчатковай перамогі над захопнікамі ўлады — бальшавікамі. У гэты гістарычны дзень афіцэры і добраахвотнікі шлюць сваю гарачую падзяку і сваё гарачае прывітанне свабоднаму польскаму народу, доблеснай польскай арміі і яе вярхоўнаму правадыру маршалу Пілсудскаму. Няхай жыве ўстаноўчы сход!»
5 лістапада Булак-Балаховіч загадаў сваім войскам пачаць наступ у кірунку гарадоў Мазыр, Оўруч і Жлобін. Першапачаткова дзеянні «балахаўцаў» былі паспяховымі. Да сярэдзіны лістапада яны авалодалі Петрыкавым, Мазыром, Калінкавічамі. 16 лістапада генерал Булак-Балаховіч афіцыйна абвясціў у Мазыры Беларускую Народную Рэспубліку, перадаўшы грамадзянскую ўладу на падкантрольнай яму тэрыторыі Беларускаму палітычнаму камітэту, які перафармаваўся ва ўрад БНР. Кіраўнікамі ўрадавага кабінета сталі Вячаслаў Адамовіча і Павал Аляксюк.
Там жа Булак-Балаховіч падпісаў загад аб стварэнні Беларускай народнай арміі, прызначыўшы сябе галоўнакамандуючым узброенымі сіламі рэспублікі, а свайго брата — Юзафа Балаховіча — камандуючым БНА.
Аднак у канцы лістапада сітуацыя змянілася не на карысць «балахаўцаў». Іх фронт расцягнуўся на 150 кіламетраў, а рэзервы былі вельмі абмежаваныя. Таму, пачынаючы з 20 лістапада, пасля эвакуацыі ўрангелеўскай арміі з Крыма, для Балаховіча наступіла паласа няўдач. Яго армія фактычна не мела ўласнага тылу, палякі, якія заключылі перамір’е з бальшавікамі, забяспечваць балахаўцаў больш не хацелі. Так, 14 лістапада 1920-га польскае камандаванне не дало дазвол на перакід падмацаванняў з Польшчы ў Беларусь, з прычыны чаго войска братоў Балаховічаў пазбавіліся практычна ўсёй артылерыі.
Прыблізна 15-20 тысяч чалавек апынуліся сам-насам супраць усёй баявой моцы РСЧА. І калі супраць іх выступілі дадатковыя палкі і дывізіі, перакінутыя бальшавікамі з поўдня, «балахоўцы» пачалі атрымліваць паразы адну за адной. 16 лістапада савецкія войскі атрымалі першую перамогу над БНА ў раёне Дамановічаў. 18 лістапада «балахаўцы» былі выбітыя з Калінкавічаў і з Мазыра. Усеагульнага антыбальшавіцкага паўстання, на якое разлічваў генерал, не атрымалася — народ ненавідзеў камуністаў, але баяўся «чырвонага» тэрору ў выпадку паразы паўстання.
28 лістапада асноўныя сілы Балаховіча адышлі за польскую мяжу, дзе былі раззброеныя. Сам Станіслаў Нікадзімавіч быў паранены ў нагу і ледзь не патрапіў у палон да бальшавікоў. З канца лістапада 1920 года для Балаховіча пачаўся апошні, эмігранцкі, перыяд яго жыцця, які скончыцца смерцю ад рук нацыстаў у 1940 годзе.
Барацьба роспачных. Слуцкі збройны чын
Другім вялікім эпізодам антыбальшавіцкай барацьбы той далёкай восені стаў знакаміты Слуцкі збройны чын. У лістападзе 1920-га прыхільнікі незалежнасці Беларусі паспрабавалі замацавацца на тэрыторыі Случчыны, якая па дамоўленасці паміж Польшчай і РСФСР стала часткай нейтральнай зоны паміж польскімі і савецкімі войскамі, але ў далейшым павінна была перайсці пад кантроль Чырвонай Арміі.
14 лістапада 1920 года ў Слуцку сабраўся з'езд Слуцкага краю. Дэлегаты з'езда сфарміравалі Раду Случчыны, якую разглядалі як аснову ўрада будучай незалежнай беларускай дзяржавы. На яе чале сталі Уладзімір Пракулевіч і Павал Жаўрыд. Прысутнічалі на з’ездзе і прадстаўнікі ад арміі генерала Булак-Балаховіча.
21 лістапада была апублікавана дэкларацыя Рады Случчыны, у якой выражаўся намер пабудаваць «вольную незалежную Беларускую Народную Рэспубліку ў яе этнаграфічных межах».
Устаноўка случчакоў на стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы хутка занепакоіла кіраўнікоў РСФСР і БССР, паколькі яе маглі падтрымаць і ў іншых частках Беларусі. У прыватнасці, у данясенні камісара Мінскага павета кіраўніцтву ВРК БССР ад 15 лістапада 1920-га гаварылася: «…Насельніцтва некаторых валасцей, даведаўшыся пра самавызначэнне Беларусі, не хоча прызнаваць ніякай улады, акрамя неіснуючага ўрада "незалежнай Беларусі", і ставіцца вельмі варожа да арганізуемых валасных рэўкамаў, заяўляючы, што ўладу трэба выбіраць, а не прызначаць з Масквы».
22 лістапада 1920-га камандуючы Заходнім фронтам Міхаіл Тухачэўскі загадаў гвалтоўна стварыць у нейтральнай паласе валасныя рэўкомы, не гледзячы на амаль поўную адсутнасць падтрымкі сярод мясцовага насельніцтва. На наступны дзень на Случчыну пачалі ўводзіцца савецкія войскі. Супраць іх выступіла толькі нядаўна ўтвораная з мясцовых сялянаў Слуцкая брыгада пад камандаваннем капітана Антона Сокала-Кутылоўскага.
Яна здолела аказаць узброены супраціў рэгулярным часткам Чырвонай арміі і нанесці ім некалькі адчувальных параз. Фронт расцягнуўся аж на 15 кіламетраў. Але суадносіны сіл былі відавочна не на баку паўстанцаў, паступова случчакі пачалі адступаць на захад.
У немалой ступені паразе паўстання садзейнічала тое, што яно не атрымала падтрымкі з боку Польшчы. Першапачаткова палякі абяцалі выдзеліць паўстанцам зброю і грошы, неабходныя для вядзення барацьбы. Прадстаўнікі польскай вайсковай адміністрацыі прысутнічалі на з'ездзе Случчыны. Аднак у далейшым адносіны паміж случчакамі і палякамі пагоршыліся.
Апошнія адмовіліся ад узятых на сябе абавязацельстваў, спаслаўшыся на тое, што падтрымка паўстання можа сарваць далейшыя мірныя перамовы з Савецкай Расіяй, і перашкодзілі наладжванню сувязяў паміж паўстанцамі і ўрадам Літвы, з якім урад Польшчы знаходзіўся ў стане канфлікту. Польская зброя, якая ўсё ж патрапіла да «случчакоў», аказалася ў масе сваёй непрыдатнай для выкарыстання.
У сярэдзіне снежня 1920-га канчаткова стала зразумела, што стрымаць наступ «чырвоных» не атрымаецца. На нарадзе ў Баранавічах кіраўнікамі паўстання было вырашана спыніць узброенную барацьбу. Яны загадалі камандуючаму Слуцкай брыгадай Сокал-Кутылоўскаму спыніць супраціўленне і адвесці паўстанцкія атрады ў тылавыя раёны Польшчы. Жаўрыд выехаў у Варшаву, дзе было вырашана Слуцкую брыгаду ліквідаваць, а яе асабовы склад інтэрнаваць на правах войска БНР. 28 снежня 1920 года рэшткі Слуцкай брыгады (больш за 1,5 тыс. чалавек) былі выведзены за рэчку Лань, у зону, якую кантралявалі польскія войскі. Там яны былі раззброеныя і інтэрнаваныя на правах войска БНР, здабыўшы волю толькі ў канцы траўня 1921 года.
Не гледзячы на відавочную паразу беларускага нацыянальнага супраціву, лістапад 1920 года паказаў, што шмат хто з беларусаў, якіх прызвычаіліся бачыць ціхім і забітым народам, не былі згодны жыць пад бальшавіцкім ярмом, і былі гатовыя біцца і паміраць — і біліся, і паміралі — за волю і незалежнасць сваёй Айчыны. І сёння, калі ўжо мінула больш за сто год з той пары, цені гераічных жаўнераў генерала Станіслава Булак-Балаховіча і не менш гераічных ваяроў Слуцкай брыгады паказваюць нам шлях да сапраўднай свабоды.