У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітвязень — грамадзянін Расіі
Праваабаронцы «Вясны» атрымалі пацверджанне, што ў магілёўскай калоніі № 15 памёр грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Шлетгаўэр.
Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта здарылася 11 кастрычніка 2024 года. Ён прабыў у калоніі менш за месяц. Дакладная прычына смерці невядомая. Летам яго асудзілі да 12 гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму за «шпіянаж» (арт. 358 КК) і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Гэта сёмая смерць палітвязня за кратамі.
З сацсетак стала вядома, што Дзмітрыю Шлетгаўэру 22 гады. Ён нарадзіўся ў расійскім Слаўгарадзе. У 2018 годзе атрымаў беларускі ВНЖ. Хлопец працаваў у Камянцы на прадпрыемстве па вытворчасці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.
Крыху менш за год палітвязня ўтрымлівалі за кратамі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, таксама быў затрыманы і брат Дзмітрыя, але пазней яго дэпартавалі ў Расію.
Некалькі месяцаў таму над Шлетгаўэрам адбыўся суд паводле двух артыкулаў Крымінальнага суда. Пакуль адбываліся судовыя пасяджэнні, у яго нарадзілася дзіця.
У раскладзе судоў на сайце Вярхоўнага суда не было інфармацыі пра разгляд яго крымінальнай справы — толькі дата разгляду яго апеляцыйнай скаргі. Апеляцыя прайшла 30 жніўня, рашэнне прымала судовая калегія пад старшынствам суддзі Эдгара Марцірасяна.
Паводле інфармацыі "Вясны", Дзмітрыю прызначалі 12 гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Напачатку восені яго накіравалі адбываць тэрмін у магілёўскую калонію № 15. Незадоўга пасля этапу яго знайшлі памерлым, але дакладная прычына смерці невядомая.
Як адзначае «Свабода», раней у беларускіх турмах і калёніях памерлі не менш за шасцёра палітвязняў: Аляксандар Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак.
За чатыры гады з прычыны палітычнага пераследу было затрымана каля 65 тысяч чалавек.
За чатыры гады зафіксавана больш за 74 тысячы фактаў рэпрэсій: ператрусаў, каротка- і доўгатэрміновых затрыманняў, допытаў і інш.
За чатыры гады колькасьць прызнаных палітвязняў вырасла ў 55,5 раза: 9 жніўня 2020 году іх было 25, сёння — 1385. Больш за 2000 чалавек ужо маюць статус былых палітвязняў.
Вядома пра мінімум 6971 фігуранта крымінальных спраў.
1140 палітвязняў адбылі ў месцах няволі свае тэрміны цалкам.
51 чалавек вызвалены па амністыі і памілаванні.
Сёлета 2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, «датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці». Але, тым ня менш, некаторых палітычных зняволеных усё ж вызвалілі ў рамках гэтай амністыі.
Мінімум 2671 чалавек асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту (паводле ч. 2 арт. 293 і арт. 342 Крымінальнага кодэксу).