Хронікі рэпрэсій за 31 кастрычніка: За кратамі памёр яшчэ адзін палітвязень
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра смерць маладога чалавека, які ў гэтым годзе быў асуджаны па палітычна матываванай справе. Ён трапіў у магілёўскую калонію, дзе напачатку кастрычніка памёр. Праваабаронцы высвятляюць падрабязнасці інцыдэнту і пакуль правяраюць інфармацыю.
- У Беларусі з'явілася 9 новых палітвязняў — сярод іх грамадзянін Японіі
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 9 чалавек: гэта Вадзім Наўцэня, Андрэй Субцэльны, Сяргей Кабарчук, Павел Кабарчук, Людміла Дэйнека, Вольга Радзівонава, Данііл Палянскі, Аляксандр Судніковіч, Наканісі Масатосі.
- Зноў затрымлівалі Ніну Багінскую
Як стала вядома з крыніц belsat.eu, Ніну Багінскую затрымалі ўчора ўвечары на плошчы Незалежнасці ў Мінску, у той момант, калі яна завязвала бел-чырвона-белую стужачку на дрэве каля зачыненага будынка Чырвонага касцёла ў Мінску.
Папярэдне, у Маскоўскім РУУС на Багінскую склалі адміністрацыйны пратакол. Міліцыянты пратрымалі жанчыну ў РУУС больш за дзве гадзіны і адпусцілі да суду дамоў.
- З'явілася інфармацыя пра перадвыбарчыя ператрусы і затрыманні ў розных гарадах Беларусі
Так, у Смаргоні і Ваўкавыску масавыя ператрусы і затрыманні. Пра гэта паведамляе @Grodno_grab. У людзей правяраюць тэлефоны і па геалакацыі спраўджваюць, дзе чалавек знаходзіўся падчас пратэстаў у 2020 годзе. Калі кагосьці не было на працоўным месцы, выклікаюць у міліцыю.
- Новая тактыка сілавікоў: адключэнне мабільнай сувязі перад затрыманнем
Беларускія праваабаронцы паведамляюць пра новую тактыку, якую выкарыстоўваюць сілавыя структуры краіны пры правядзенні затрыманняў.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», супрацоўнікі КДБ пачалі адключаць мабільную сувязь у патэнцыйных затрыманых непасрэдна перад іх арыштам.
Гэтая інфармацыя з'явілася ў кантэксце апошняй хвалі затрыманняў і ператрусаў, якія адбываюцца па ўсёй Беларусі. Праваабаронцы атрымліваюць паведамленні ад грамадзян, якія сутыкнуліся з раптоўным адключэннем мабільнай сувязі непасрэдна перад тым, як да іх прыйшлі сілавікі.
«Калі ў вас рэзка знікла мабільная сувязь і няма сеткі — з вялікай доляй верагоднасці, у бліжэйшыя хвіліны да вас прыйдуць сілавікі», — папярэджвае «Вясна» ў сваім паведамленні.
Гэтая новая тактыка выклікае сур'ёзную занепакоенасць сярод праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці. Адключэнне сувязі пазбаўляе людзей магчымасці звязацца з блізкімі ці адвакатамі ў крытычны момант, што значна ўскладняе абарону іх правоў.
- Еўрапейскія дыпламаты наведалі Курапаты
«Напярэдадні Дзядоў, Дня памяці продкаў, паводле даўняй традыцыі дыпламаты краін Еўрапейскага саюза наведалі Курапаты, каб ушанаваць памяць пра незлічоныя жыцці і таленты, знішчаныя пошасцю таталітарызму», — напісала ў сацсетцы «Х» часовая павераная ў справах амбасады Літвы ў Беларусі Аста Андрыяўскене.
- Былога палітвязня Аляксея Федаркевіча ўчора судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Жыхара Салігорска Аляксея Федаркевіча затрымалі студзені 2021 года на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы. Адразу пасля вызвалення мужчына захварэў на кавід у вельмі цяжкай форме — да складанай пнеўманіяй. У лякарні ён прабыў са студзеня па сярэдзіну траўня.
У ліпені 2021 года яго асудзілі да двух гадоў «хіміі» за абразу начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС.
У верасні 2022 года палітвязню Аляксею Федаркевічу змянілі абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ на пазбаўленне волі. У сакавіку 2023 года палітвязень выйшаў на волю з віцебскай калоніі № 3 па заканчэнні тэрміну.
Цяпер стала вядома, што 30 кастрычніка ў судзе Салігорскага раёна разглядзелі справу Аляксея паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Працэс вёў суддзя Юрый Блоцкі. Вынік суда пакуль невядомы.
- Мінскаму фатографу пагражае да пяці гадоў калоніі за «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання»
Арцёму Зянькову з Мінска 40 гадоў. Вядома, што Арцём займаецца фатаграфіяй і мае фірму, якая дае ў арэнду фотаабсталяванне. Ён мае жонку і непаўналетняе дзіця, піша «Наша Ніва».
Зянькова пачнуць судзіць 6 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-2 КК). Звычайна па такіх артыкулах судзяць за данаты. Іншыя падрабязнасці справы невядомыя.
Судзіць Зянькова будзе Жанна Брысіна.
- Набыў моц завочны прысуд па справе «падрыхтоўцы тэракту ў Дзень перамогі»
У жніўні 25-гадовага Валера Водзіна судзілі ў парадку спецвытворчасці і прызначылі 20 гадоў калоніі і буйны штраф у памеры 600 базавых велічыняў (24 000 рублёў).
Судовая калегія Вярхоўнага суда разгледзела апеляцыйную скаргу па гэтай справе. Паведамляецца, што прысуд пакінулі без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення.
Агулам па справе за «падрыхтоўку тэракту ў Дзень перамогі пад куратарствам Кіева» судзілі 5 чалавек. Падрабязнасці справы агучваліся ў прапагандыскім фільме АНТ «Забойная пасылка смерці: хто і як хацеў здзейсніць тэракт у Дзень Перамогі».
- У Рэчыцы распачаўся чарговы суд над палітзняволенай Вікторыяй Кульшой
У судзе Рэчыцкага раёна 28 кастрычніка Вікторыю ў трэці раз пачалі судзіць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі).
Справу будзе разглядаць суддзя Станіслаў Іванюценка, які 15 кастрычніка па гэтым жа артыкуле дадаў год калоніі палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк.
Нагадаем, у лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калонію № 4.
Пазней Вікторыю двойчы асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК і прызначылі ёй агулам два гады пазбаўлення волі. Увесь час у зняволенні на жанчыну аказваецца ціск. Яе неаднаразова змяшчалі ў штрыфны ізалятар і ПКТ.
- У Мінску пачалі судзіць айцішніцу Анастасію Жыльскую
33-гадовая Анастасія родам са Жлобіна. Працавала праграмісткай у мінскім офісе кампаніі Exadel. Гэта буйная IT-кампанія родам з ЗША, у якой працуе некалькі тысяч чалавек. Яе затрымалі не менш за паўгода таму, піша «Наша Ніва».
Суд над Анастасіяй распачаўся 31 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Яе абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367), «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361) і «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130). Справу разглядае суддзя Сяргей Кацэр. Дзяўчыне пагражае да дванаццаці гадоў калоніі.
- Пачаўся суд над колішнім кіраўніком аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра
Андрэю Лабадзе 54 гады. Ён мінчук, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі ў 1993 годзе. Ад таго часу працаваў у банкаўскай сферы. Вядома, што першым месцам працы стаў Беларусбанк, пазней ён перайшоў у Банкаўскі працэсінгавы цэнтр. Там ён стаў кіраўніком аднаго з аддзелаў.
Андрэя затрымалі вясной. 12 красавіка яму прызначылі адміністрацыйны арышт за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля гэтага супраць яго распачалі крымінальную справу.
Суд над Лабадой пачаўся 31 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-2 КК). Працэс вядзе суддзя Аляксандр Рудэнка.
- 147 дзён няма сувязі з палітзняволеным Аляксандрам Арановічам
Аляксандр — удзельнік каманды «Краіна для жыцця», разам з камандай ездзіў па рэгіёнах Беларусі на брэндаваным аўтадоме. Жыў горадзе Старыя Дарогі. Ездзіў на заробкі ў Расію, да 2020 года працаваў кіроўцам.
Яго абвінавацілі ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак» (арт. 342 КК) і «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» (п. 13 ч. 2 арт. 293 КК) за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў старой дымавой шашкі. 27 красавіка 2021 года суд прызначыў яму 6 гадоў калоніі. Пазней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў магілёўскую турму.
Паводле інфармацыі @stranafund, з Аляксандрам ужо 147 дзён няма ніякай сувязі.