У Беларусі як звычайна, або Клоўны ў падтрымку Лукашэнкі
Кожныя выбары ў нас з'яўляецца куча людзей, якія хочуць быць прэзідэнтам. З аднаго боку, гэта добра, таму што відавочна дае адказ на пытанне «хто, калі не ён». З іншага боку дрэнна, таму што большасць гэтых людзей мы проста не ведаем. І не ведаем, чаго ад іх можна чакаць. Праўда, таму і не чакаем нічога.
У пятніцу, 1 лістапада — апошні дзень падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп людзей, якія хочуць быць прэзідэнтам Беларусі. ЦВК ужо зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Алега Гайдукевіча, Аляксандра Хіжняка, Вольгі Чамаданавай, дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп падалі Ганна Канапацкая, Сяргей Бобрыкаў і Дыяна Кавалёва. Таксама ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўную групу Лукашэнкі, а адмовіў у рэгістрацыі Аляксандру Драздову і Юрыю Губарэвічу.
Можна было б задацца пытаннем «хто ўсе гэтыя людзі», але гэта не гэтак важна. Прынамсі, палова нам вядомая — Канапацкая, Губарэвіч, Чамаданава і Гайдукевіч дакладна. Пытанне ў тым, ці рэальна ўсе гэтыя людзі маюць намер удзельнічаць у электаральнай кампаніі? У гэтым і ёсць вялікія сумневы.
Ці можа ідэолаг Мінгарвыканкама — Вольга Чамаданава, — супернічаць з тым, хто прыдумаў яе працоўнае месца, дзяржаўную ідэалогію? Ці можа экс-дэпутатка парламента — Ганна Канапацкая, — праводзіць выбарчую кампанію, калі пра яе з часоў дэпутацтва было чуваць крыху менш, чым нічога? Дык навошта гэтыя вылучэнцы ўвогуле патрэбныя?
Яны ствараюць бачнасць канкурэнцыі? Але тады пытанне, для каго яны гэта робяць. Бо таксама відавочна і зразумела, што ў краіне немагчымыя ніякія выбарчыя працэдуры. Немагчыма праводзіць выбары ў краіне, дзе няма свабоды слова, свабоды асацыяцый, свабоды сходаў, а за кожны лайк у інтэрнэце пагражае «экстрэмісцкі» артыкул. Ці можна праводзіць агітацыйную кампанію ў краіне з татальнай цэнзурай і выгнанымі за мяжу СМІ? Як у такой сітуацыі забяспечыць базавы прынцып выбараў — роўнасць паміж кандыдатамі на пасаду прэзідэнта?
Ніяк. Таму і зразумела, што выбараў — няма.
Але ў чалавека, які кіруе Беларуссю, за апошнія гады проста не было ніякіх перамог. Ён засумаваў па свяце. І адзіная «перамога», якая магчымая — гэта вось у такіх выбарах. Каб пацешыць пачуццё вялікасці.
А можа нават быць, што ўсе гэтыя «кандыдаты» — нават і не кандыдаты, а ўдзельнікі флэшмобу «Трэба». Гэты «флэшмоб», які праходзіць у Беларусі, нібыта закліканы заклікаць Лукашеэнку пайсці на новы тэрмін. Толькі вось Лукашэнка быў вымушаны абвясціць дату выбараў значна раней, чым меркавалася. І акцыя стартавала ўжо пасля таго, як Лукашэнка абвясціў пра свой намер пераабрацца, і нават пасля таго, як было абвешчана аб стварэнні ініцыятыўнай групы ў яго падтрымку.
У межах гэтага «флэшмоба» трупа Моладзевага тэатра эстрады апранула клоўнскія строі і на камеру пракрычала «Трэба!» Цяпер мы дакладна ведаем, што клоўны — за новы тэрмін Лукашэнкі. А каб яму не было самотна, хтосьці вырашыў сказаць «Трэба», падаўшы дакументы ў ЦВК. Трэба ж рабіць бачнасць справы?
Цікава, што ўсе гэтыя людзі будуць рабіць пасля грандыёзнага шухера, на парозе якога мы зноў знаходзімся. Пра гэта сведчыць усё навокал. І прызначэнне датэрміновых выбараў — больш чым за паўгода да заканчэння паўнамоцтваў Лукашэнкі. І тое, што Лукашэнка раптам пачаў адмаўляць «суагрэсорства» з Расіяй у вайне ва Украіне. Раней было «Кіеў за тры дні» і, «Так, мы суагрэсары», і нават «я вам пакажу, адкуль рыхтаваўся напад». А цяпер, аказваецца, рускія войскі сыходзілі з вучэнняў у Беларусі, нікога не чапалі, і раптам павярнулі на Кіеў…
«З часам стане вядома, хто справакаваў астатнюю частку расейскіх войскаў, каб яны павярнулі 20 км на поўдзень і пайшлі праз Кіеў», — заявіў Лукашэнка ў інтэрв'ю ВВС.
Праўда, вось гэта «з часам» у яго ніколі не спрацоўвае. Ён не распавёў, адкуль узяўся кавід, хоць і абяцаў, ён ні разу не паказаў заходніх «лялькаводаў», не паказаў шмат чаго яшчэ, што абяцаў… І нават пра напад не паказаў.
Але пры гэтым ён працягвае патрабаваць, каб ён быў бокам у мірных перамовах па Украіне. «Наш інтарэс: Мінск павінен быць за перагаворным сталом, калі гэта будзе датычыцца канфлікту ва Украіне. Гэта пытанне гарантыі нашай бяспекі. Больш мы нічога не патрабуем у гэтым плане, гатовыя ў гэтым кірунку працаваць», — сказаў ён.
З аднаго боку, усё зразумела — Лукашэнка хоча гарантый бяспекі персанальна для сябе. Але як гэтага рэальна дамагчыся, не ведае. З аднаго боку, ён адмаўляе статус «суагрэсара», бо гэты статус дае яму месца за перамоўным сталом, але не дае бяспекі. З іншага боку, калі ён не «суагрэсар», то гэта ставіць пад сумнеў яго ўдзел у мірных перамовах. Бо кожны можа запытанцца: “А ў якасці каго вы тут, Аляксандр Рыгоравіч?» І што на гэта адказаць? «Я тут міма праходзіў? Я нармальны пацан?» Такі сабе аргумент.
Праўда, для фантазій і павышэння пачуцця ўласнай важнасці ёсць яшчэ шмат розных пытанняў. На II Мінскай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы Лукашэнка ўбачыў небяспеку, напрыклад, у штучным інтэлекце. І прапанаваў распрацаваць «механізм па стварэнні празрыстага, зразумелага ўсім рэжыму кантролю за новымі смяротнымі тэхналогіямі».
Што тут скажаш… Каб ацаніць небяспеку штучнага інтэлекту, трэба мець інтэлект натуральны. Чаго, мабыць, бракуе. Таму што пра самую небяспечную навіну тыдня Лукашэнка не сказаў ані словам.
Самая небяспечная навіна тыдня ў тым, што ў 2023 годзе нараджальнасць у Беларусі склала 6,96 на 1000 насельніцтва — гэта самы нізкі паказчык за 70 гадоў, з 1955 года.
Толькі за 2022 год нараджальнасць упала адразу на 8%.
І пры чым тут Лукашэнка? Пры чым тут тэрор, развязаны ў Беларусі? І пры чым тут эміграцыя? Як вы думаеце?