Выбары з найгоршых — прынцыповае палітычнае рашэнне гаранта стабільнасці

Не дзеля таго беларуская ўлада будавала сваю стабільнасць, каб цяпер хто-небудзь каго-небудзь куды-небудзь выбраў. Нават неспадзявана! Пра гэта разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

Фота Арыны Сянькевіч

Фота Арыны Сянькевіч

Калі Гайдукевіч сказаў, што кандыдаты ў электаральнай кампаніі павінны быць такімі, каб ад іх ванітавала, я яму адразу паверыў. Вось ні хвіліны не сумняваўся, што яно так і будзе. 

Яны ж прызначылі спойлерамі тых, каго яны прызначылі не таму, што ў іх не было часу, каб падабраць каго-небудзь лепшага. На самай справе, у іх не было часу, каб падабраць каго-небудзь яшчэ горшага. 

А калі б час быў, то знайшлі б такіх, ад якіх ванітавала б у літаральным сэнсе гэтага слова. Але часу не было. Таму з тых, хто найгоршы, узялі тых, якія першымі патрапілі пад руку. Але самая ідэя выбіраць каго па-найгорш — гэта было прынцыповае палітычнае рашэнне, выпакутаванае за чатыры гады барацьбы за стабільнасць.

Проста сёй-той знаходзіцца ў такім ужо стане, калі яго прынцыпова нельга ні з кім параўноўваць. Нават у межах самой альтэрнатыўна-выбарчай кампаніі. Таму што параўнання сёй-той можа ў прынцыпе і не вытрымаць. Нават сярод сведкаў уласнай стабільнасці. І нават калі параўноўваць са спецыяльна навучанымі спойлерами.

Не, не, ты, галоўнае, зразумей мяне вельмі правільна. Я не кажу, што яны могуць неспадзявана сабе выбраць спойлера замест гаранта стабільнасці. Крый Божа! Як ты наогул магла сабе такое падумаць пра стабільнасць? Не дзеля таго яны будавалі стабільнасць, каб хто-небудзь каго-небудзь куды-небудзь выбраў. Нават неспадзявана.

Глядзіце таксама

Тут сэнс у іншым. Сэнс у тым, каб, гледзячы на ўдзельнікаў электаральнай кампаніі думка аб умоўнай альтэрнатыве наогул нікому не прыходзіла ў галаву. Нават самому гаранту стабільнасці. Асабліва гаранту стабільнасці.

Таму што хтосьці павінен быць па-за канкурэнцыяй. Ну сама на яго паглядзі! Яму ж любая канкурэнцыя проціпаказаная па стане здароўя. Нават у рамках умоўна-выбарчай кампаніі. Ды ні ў якіх рамках яго нельга параўноўваць. Ну ты што! Якія могуць быць параўнання?

І пакуль сёй-той у адзіночку як леў гарантуе стабільнасць у сябе ў тэлевізары ўсё ў парадку. Параўнаць яго няма з кім. 

Глядзіце таксама

Але электаральная кампанія — гэта такая кампанія, падчас якой параўнання самі па-здрадніцку залазяць у галаву. Нават самым адданым сведкам стабільнасці. Яны б і не хацелі параўноўваць — ад граху далей. Але падсвядомасць куды падзець?

Я, дарэчы, трошкі дзіўлюся, навошта ім у прынцыпе патрэбна ўся гэтая ўмоўная альтэрнатыва. Нават так званы “дэпутат”, даруй Божа, Гайдукевіч.

Ну параўноўвалі б сабе гаранта з гарантам — і ні адзін гарант не сышоў бы пакрыўджаным. 

Але, мабыць, гэта такія ўзроставыя капрызы. Калі вельмі хочацца каго-небудзь яшчэ хоць бы разок элегантна перамагчы. Але ўжо не можацца. У сілу узроставых і ўнутрыпалітычных змяненняў арганізма.

Таму спойлераў выбралі такіх, гледзячы на якіх ніхто б не сумняваўся, што элегантная перамога была. Мінімум тры разы. А можа і часцей. “Дэпутат”, даруй Божа, Гайдукевіч не дасць схлусіць. У яго ў гэтай справе вялікі вопыт.

А ніякіх іншых перамог у сяго-таго ўжо не будзе. Нават гэтая элегантнай не атрымаецца. І не толькі з-за ўзроставых асаблівай арганізма…. Усе перамогі скончыліся пасля таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.