Перадвыбарчая кампанія дыктатара: лаяльнасць пад наглядам сілавікоў
Улады настолькі ўпэўненыя ў сваёй легітымнасці, што пачалі зачышчаць прастору па ўсёй краіне за тры месяцы да так званых «выбараў». «Перамога» даецца цяжкай працай?
Апошнія некалькі дзён з розных рэгіёнаў Беларусі прыходзіць інфармацыя пра масавыя аблавы і затрыманні. Для разумення маштабаў таго, што адбываецца: толькі ў працоўным пасёлку Ялізава пад Асіповічамі з 2000 жыхароў «за палітыку» былі затрыманыя 14 (гэта што вядома).
Некаторым беларусам, а таксама іх блізкім, перад прыходам сілавікоў праз мабільнага аператара адключаюць сувязь.
Як адзначаюць праваабаронцы, усё падобна да спланаванай масавай акцыі запалохвання. Што і каму ўлады, рукамі сілавікоў, спрабуюць сказаць?
— Я дыягнастую гэтыя затрыманні і ператрусы як падрыхтоўку да «выбараў», — адзначае ў каментары «Філіну» лідарка супольнасці «Сумленныя людзі» Алена Жываглод. — Думаю, гэта кансістэнтная стратэгія рэжыму: яны баяцца людзей, таго, што хтосьці паспрабуе перашкодзіць стэрыльнасці перадвыбарчай кампаніі.
Адсюль — запалохванне. Мы бачым, паводле звестак праваабаронцаў, што прыходзяць у большасці сваёй да тых, каго раней затрымлівалі паводле «пратэсных», адміністрацыйных артыкулаў — гэта першая група рызыкі, «вальнадумцы», якіх уладзе трэба запалохаць перш за ўсё.
Такая «зачыстка» грамадскага поля за тры месяцы да даты «выбараў» — ці не рана? Зусім не, лічыць Алена Жываглод: наперадзе яшчэ Новы год, і рэжым загадзя, за 12 тыдняў, імкнецца падрыхтаваць сабе максімальна камфортныя ўмовы.
— Акрамя таго, што ёсць у публічнай прасторы адносна затрыманняў, той інфармацыі, якую дае «Вясна», магу дадаць, што аднавіліся крымінальныя справы ў чальцоў нашай каманды, ідуць допыты сваякоў. Ахвярамі чарговага рэйду сілавікоў становяцца людзі рознай ступені ўцягнутасці ў дэмакратычны рух.
— Ці азначае тое, што цяпер адбываецца, што перыяд нейкага «гуманізму» з боку ўладаў скончыўся і на вызваленне новых партый палітвязняў разлічваць не даводзіцца?
— Мне не здаецца, што адно выключае другое. Супярэчлівы Лукашэнка можа адной рукой падпісваць памілаванні, патрабаваць і чакаць, маўляў, калі ж Маша Калеснікава звернецца да яго з аналагічным прашэннем — а другой ажыццяўляць «зачысткі», працягваць запалохванне.
Вядома, акт «гуманізму» ў выкананні ўладаў неабходна браць у вялікія двукоссі. Але, на мой погляд, імавернасць таго, што Лукашэнка яшчэ вернецца да гэтай тэмы, даволі высокая.
— Гэта значыць, гэта могуць быць наогул паралельныя трэкі, разлічаныя на розныя аўдыторыі?
— Я мяркую, што так. Тое, што гаворыць і вытварае Лукашэнка цяпер, часта ўтрымлівае супярэчнасці нават унутры адной рэплікі. Звярніце ўвагу на яго каментар пра тых, хто зарэгістраваў ініцыятыўныя групы ў ЦВК: у адным і тым жа эпізодзе ён кажа, што такія спойлеры-кандыдаты «гарантуюць яму бяспеку», а ў адказ на пытанне, ці пагражае яму небяспека, адказвае, што не, «пакуль не знайшлі».
Так што дзеянні Лукашэнкі могуць быць і адсутнасцю стратэгіі, і тым, пра што вы згадалі — працай на розныя аўдыторыі.
Раней мы думалі, што ўлады не будуць марнаваць свае рэсурсы на тое, каб ствараць імітацыю выбараў і канкурэнцыі — але за шэсць дзён, адведзеных на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, яны развілі вялікую актыўнасць і па рэгістрацыі спойлераў, і па запалохванні беларусаў, яшчэ большай зачысткі прасторы, каб усё было ціха і спакойна.
Аналагічнага меркавання прытрымліваецца і аналітык Аляксандр Класкоўскі:
— Пасля шоку 2020 года ўлады лічаць за лепшае перастрахавацца, загнаць усе цвікі па самую плешку. Яны нават не хаваюць, што разглядаюць кампанію як спецаперацыю.
Кіраўнік МУС Іван Кубракоў назваў прэзідэнцкія выбары «чарговым іспытам» для свайго ведамства. Паводле слоў міністра, ужо з лістапада «наступіць актыўная фаза правядзення вучэнняў і трэніровак». Сярод іншага, адпрацуюць баявое зладжванне (!), спецпадраздзяленні будуць рыхтавацца да выканання задач па «вызваленні закладнікаў і спыненні захопу адміністрацыйных будынкаў з масавым знаходжаннем грамадзян» (!).
Як быццам і сапраўды чакаюць, што 26 студзеня Святлана Ціханоўская на чале калоны джыпаў з кулямётамі здзейсніць рэйд да будынка ЦВК.
У такіх паводзінаў уладаў як мінімум два матывы. Па-першае, насамрэч працуюць фобіі (рэха ашаламляльнага мірнага паўстання 2020 года). Па-другое, і сілавікі, і цывільныя вертыкальшчыкі проста выслужваюцца. Дэманструюць, перш за ўсё правадыру, што яны напагатове і ў поўным узбраенні.
Як піша на «Белсаце»Алесь Наваборскі, «наўрад ці і самога Лукашэнку можна пераканаць, што цяпер за яго бальшыня».
— Ён, канешне, скажа, што за яго было не 83 %, а 93,5 %, толькі для прыстойнасці вынікі выбараў фальсіфікавалі ў бок заніжэння галасоў за яго. Дакладней, ён літаральна так і казаў. Але ён шмат чаго казаў, у што наўрад ці сам верыць.
Ён, несумненна, памятае 2020 год, бо бачыў яго таксама не толькі па тэлевізары. Тое, што было на МЗКЦ, не забыць: Лукашэнка не толькі слухаў, як яму крычалі «уходи», але і адказваў на гэта. Нават завяршыў сваю прамову словамі: «Я сказал всё. Можете кричать "уходи"». Не сышоў, канешне. Застаўся, але дакладна пачуў, што яму сказалі «не надо».
Нават калі ўявіць, што ён забыў той эпізод, пратэсты ён не забыў. Мне часам даводзіцца слухаць яго выступы ад пачатку да канца (не будзьце, як я!). У іх штораз выразна чуваць: 2020 год не забыўся, засталася ці то крыўда, ці то страх. І нават ладна выступы! Калі б Лукашэнка верыў, што народ кажа «надо», ці працягваў бы ён карміць армію сілавікоў грашыма і новымі ахвярамі?
Лукашэнку наўрад ці трэба пераконваць і ў тым, што знойдуцца людзі, якія скажуць яму, што «надо». Не быў бы ён у гэтым упэўнены, хадзіў бы з аўтаматам — магчыма нават, з ражком, а не так, як тады, у 2020-м. А хутчэй, расказваў бы з Растова, што ён жывы і легітымны, як Віктар Януковіч у 2014-м.
А што рабіць праціўнікам рэжыму, якія знаходзяцца пад відавочнай пагрозай? Алесь Наваборскі раіць:
— Што рабіць тым, каму «не надо», але выбару няма? Шукаць бяспечныя формы пратэсту або таемна рыхтавацца да менш бяспечных. Рабіць нешта, каб сумленне было чыстым перад самімі сабой. Калі не адвярцецца ад махання чырвона-зялёным сцяжком, махаць перагорнутым. Калі і гэта небяспечна, махаць і ў думках напяваць «Купалінку». Паказаць самім сабе, што хай прыніжаныя, але не пад поўным кантролем.
І памятаць пра лёс румынскага дыктатара Нікалае Чаўшэску: вось сагналі аднойчы румынаў на мітынг у яго падтрымку, усё было пад кантролем, а потым хлоп — уцёкі, суд, расстрэл… А румынаў прасілі ўсяго толькі чарговы раз сказаць «надо».