«Перагарнуць старонку» ці «Нельга дараваць»? Ці дапаможа люстрацыя прапрацаваць траўму рэпрэсій
Беларускія сілавікі і ўладная вертыкаль вельмі баяцца наступстваў здзейсненых імі злачынстваў. І хацелася б верыць, што яны абавязкова будуць. Але досвед іншых краін паказвае, што не заўсёды справядлівае пакаранне «даганяе» злачынцу.
Досвед краін, якія праводзілі люстрацыі, часта з’яўляецца не самым удалым. Аднак шэраг практык можа быць карысным для беларускай люстрацыі ў будучыні, піша «Цэнтр новых ідэй».
Нават калі да першых дэмакратычных выбараў у Беларусі яшчэ далёка, у грамадстве ўжо існуюць дыскусіі наконт правядзення люстрацыі над былымі суддзямі і сілавікамі. Гэты механізм можа дазволіць правесці справядлівы суд над удзельнікамі рэпрэсій і прапрацоўку калектыўнай траўмы беларускага народа. Якія памылкі можа дапусціць будучае кіраўніцтва Беларусі падчас правядзення люстрацыі і як іх пазбегнуць? Разгледзім прыклады, у якіх альбо люстрацыі адсутнічалі ўвогуле, альбо былі праведзеныя з рознай ступенню паспяховасці.
Іспанія: адсутнасць люстрацыі не вырашае канфлікт
Пераход да дэмакратыі ў Іспаніі адбыўся адразу пасля смерці Франка, які кіраваў краінай амаль 40 гадоў. За 6 гадоў да яго смерці злачынствы рэспубліканцаў былі дэкрыміналізаваныя, частка палітзняволеных выйшлі на волю, а таксама не было татальнай інфармацыйнай блакады. Улады нефармальна прынялі «пакт аб забвенні», згодна з якім усе палітычныя сілы дамовіліся «не варушыць мінулае». Фактычна, франкісты паступіліся ўладай, каб прадухіліць масавыя пратэсты, а палітычныя апаненты не праводзілі люстрацыю.
Эканамічны рост і перспектывы інтэграцыі ў еўрапейскі рынак, якія заклаў Франка, прывялі да кароткатэрміновага поспеху «пакта аб забвенні». Аднак з пачатку 2000-х гадоў яго эфектыўнасць пачала слабець.
Іспанцы пачалі шукаць магілы ахвяр (як франкістаў, так і рэспубліканцаў) грамадзянскай вайны і ўздымаць дыскусіі пра супрацьстаянне рэжыму падчас дыктатуры. Праз два пакаленні Іспанія вярнулася да пытанняў мінулага, якія доўга лічыліся закрытымі.
Але нават «Закон аб гістарычнай памяці» 2007-га, які прадастаўляў кампенсацыю ахвярам і адкрываў архівы, не стварыў механізму палітычнай люстрацыі над франкістамі.
Польшча: спачатку перамовы, потым — забарона
Пачаткам дэмакратычнай трансфармацыі ў Польшчы стаў «круглы стол» у 1988-1989 гадах, на якім прасавецкія ўлады і «Салідарнасць» амаль год шукалі кампраміс. У выніку камуністы дазволілі «паўсвабодныя выбары» ў парламент з увядзеннем пасады прэзідэнта, замацаванай за камуністычным лідарам Войцэхам Ярузэльскім.
Аднак ужо ў 1990-м ён дазволіў правесці дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары, на якіх перамог лідар апазіцыі Лех Валенса.
Закон аб люстрацыі быў прыняты амаль праз 10 гадоў пасля падзення камуністычнага рэжыму. Згодна з ім, палітыкі і суддзі мусілі публічна дэклараваць сваю сувязь з камуністычнымі органамі. Аднак многія з іх працягнулі працу і не былі прыцягнутыя да адказнасці.
Эксперты лічаць, што якраз «круглы стол» і перамовы з уладамі зрабілі люстрацыю ў Польшчы не вельмі паспяховай. Адным з эфектыўных спосабаў прадухілення вяртання да дыктатуры стала забарона на дзейнасць камуністычных партый, якая была фармальна ўведзена ў 1997 годзе з прыняццем Канстытуцыі.
А з 2023-га за прапаганду камунізму можна трапіць у турму.
Румынія: люстрацыі не працуюць?
Румынскі дыктатар Нікалае Чаўшэску кіраваў краінай 24 гады з дапамогай тайнай паліцыі Секурытатэ. Яго рэжым паў вельмі хутка і нечакана. Пасля тыдня пратэстаў напрыканцы 1989-га і страляніны ў пратэстоўцаў дыктатара і яго жонку пакаралі смерцю без суду.
Адначасова ўдзельнікі румынскай рэвалюцыі стварылі «Тымішаарскае абвяшчэнне». Дакумент мусіў дапамагчы Румыніі перайсці да дэмакратыі праз забарону былым лідарам камуністычнай партыі і тайнай паліцыі займаць палітычныя пасады на працягу 10 гадоў. Аднак апазіцыі не хапіла часу трансфармаваць дакумент у статус закона, і першыя выбары выйгралі камуністы, якія вывелі пытанне люстрацыі па-за межы палітычнага дыскурсу.
Адзіным механізмам барацьбы з наступствамі дыктатуры стала Нацыянальная рада па вывучэнні архіваў. З дапамогай яе ў 2004-м, напрыклад, адбылася рэформа судовай сістэмы. Цяпер дзеючыя суддзі не могуць займаць пасады, калі ў іх была сувязь з тайнай паліцыяй. Аднак люстрацыйныя меры могуць прымяняцца толькі да дзяржаўных службоўцаў, а палітыкі не лічацца такімі. Таму ва ўладзе і буйным бізнэсе Румыніі дагэтуль ёсць людзі з Секурытатэ, а былыя службоўцы тайнай паліцыі працягваюць ціснуць на Нацыянальную раду па вывучэнні архіваў.
Адсутнасць сістэмнай люстрацыі прывяла да канфлікту ў грамадстве, які існуе дагэтуль. У 2014 годзе амаль 66% румынаў прагаласавалі б за дыктатара, калі б ён удзельнічаў у выбарах, а 69% лічаць, што пры камунізме жылося лепш.
Такім чынам, няўдалая люстрацыя ў Румыніі спрыяе грамадскаму канфлікту, які цягнецца нават 30 гадоў пасля смерці Чаўшэску.
Верагодна, у Беларусі будзе таксама вельмі складана правесці люстрацыю. Ананімнасць сілавых структур, за выключэннем кіруючых пасад, зменшыць шанцы на справядлівы суд ці забарону займаць пасады канкрэтным асобам. Аднак варта засяродзіць увагу на тым, каб удзельнікі рэпрэсій не трапілі на дзяржаўныя пасады, ці зрабіць дакладны пералік пасад, якія ім забаронена займаць. Своечасовая дакладная люстрацыя, разам з дакументаваннем злачынстваў і заахвочваннем публічных дыскусій пра мінулае, можа не дапусціць да ўлады новага дыктатара ў Беларусі.