Танцы і дыктатура
Кожная дыктатура дабіваецца лаяльнасці грамадзян па-рознаму. А вось фішкай дыктатуры Мабуту Сесе Сека ў Заіры была стаўка на песні і танцы.
Для любога аматара спорту 30 кастрычніка 1974 — дата знакавая. У гэты дзень у Кіншасе (сталіца Заіра) адбыўся адзін з самых вядомых у гісторыі байцоўскіх паядынкаў — бой паміж Мухамедам Алі і Джорджам Форманам. Пры гэтым мала хто звяртае ўвагу, што прэлюдыяй і фонам спартыўнай падзеі стала незвычайнае шоу, калі сотні танцораў выйшлі на поле стадыёна.
Замежныя рэпарцёры расцанілі гэтыя танцы як нейкую мясцовую экзотыку. Між тым, размова ішла пра вялікую палітыку. У часы дыктатуры Мабуту Сесе Сека танцы займалі важную ролю ў падтрыманні лаяльнасці грамадзян. Нездарма сам дыктатар, які кіраваў Заірам (цяпер Дэмакратычная Рэспубліка Конга) з 1965 па 1997 год, любіў казаць: «Шчаслівыя тыя, хто спявае і танчыць».
Але надаваць увагу танцам рэжым пачаў не ад добрага жыцця. Пасля серыі эканамічных правалаў у першай палове 1970-х і палітычнай карупцыі народная падтрымка Мабуту абрынулася. У адказ урад Мабуту пачаў фармуляваць серыю мер культурнай палітыкі, пабудаваных вакол паняцця authenticité. Паводле філасофіі authenticité, рэальны прагрэс і эканамічнае развіццё могуць быць дасягнуты толькі шляхам мабілізацыі шырокага рэпертуару традыцыйных культурных практык і ведаў.
Рэалізацыя гэтай ідэі часта выглядала як чысты валюнтарызм. Людзей прымусілі замяніць свае хрысціянскія імёны на сапраўдныя афрыканскія. Мужчыны (асабліва дзяржаўныя служачыя) павінны былі насіць абакост (адмыслова пашыты гарнітур са змененым каўняром і без гальштука, уведзены ў 1973 годзе) і звяртацца да сваіх суайчыннікаў не «месье» ці «мадам», а «грамадзянін» і «грамадзянка». Для жанчын былі абавязковыя сукенкі-тройкі ў афрыканскім стылі, а вось штаны аказаліся строга забаронены.
Аднак найбольш прыкметнай праявай культурнай палітыкі пры Мабуту была спансаваная дзяржавай сістэма спеваў і танцаў, якая атрымала назоў Animation politique. Трэба сказаць, што ў Заіры традыцыйна любяць танчыць на вуліцах. Новая хваля пачалася на мяжы 60-70-х у сувязі шырокім распаўсюджваннем электрагітар, а затым і ўвядзеннем ударных установак і складаных духавых секцый. У гэты перыяд папулярная танцавальная музыка Заіра (часта званая la rumba zaïroise) стала свайго роду musica franca ў многіх частках Афрыкі на поўдзень ад Сахары.
Неўзабаве танцы і музыка сталі часткай прапаганды. Логіка ўладаў была ў тым, што любыя танцы, нават без песняў, маглі быць інтэрпрэтаваныя як выказванні падтрымкі рэжыму, паколькі цьмяна адпавядалі ідэалам authenticité.
Дэманстрацыя танцаў была часткай агульнанацыянальнага штодзённага тэлевяшчання: танцы займалі каля шасці гадзін эфіру. Звычайна праграма з танцамі пачыналася ў 16 гадзін і працягвалася дзве гадзіны, з кароткім перапынкам на навіны і спорт, а потым вярталася ў эфір да поўначы. Неўзабаве пры праўрадавай арганізацыі «Корпус добраахвотнікаў рэспублікі» ўзнікла харэаграфічная секцыя, куды заганялі бюджэтнікаў.
Не абмінулі ўлады і вулічных музыкаў. Збольшага цікавасць да іх была абумоўлена такой з'явай, як «лібанга». «Лібанга» — выкрыкванне музыкамі падчас выканання песень імёнаў багатых або ўплывовых людзей у абмен на іх фінансавую падтрымку або абарону.
Цяпер у межах практыкі «лібанга» музыкі былі абавязаныя спяваць пра тое, якім bon chef (добрым лідарам) з'яўляецца дыктатар. Як правіла, падобныя тэксты былі сканцэнтраваны на гераічных якасцях і патрыятычных подзвігах Мабуту.
Вось рэфрэн адной з такіх песень:
Прэзідэнт — чэмпіён, нам няма чаго баяцца
Прэзідэнт — чэмпіён, нам няма чаго баяцца
У абмен музыкі атрымлівалі нейкую пратэкцыю з боку паліцыі. Самым вядомым выканаўцам нават не дрэнна плацілі. У адказ на гэтую сістэму асобныя музыкі паступова распрацавалі шэраг стратэгій (публічная пахвала, самацэнзура), якія дазволілі ім разлічваць на нейкія падачкі. Некаторыя «таленты» прымудраліся на працягу дня складаць мелодыю і песню на аснове тэксту свежай прамовы прэзідэнта.
Да сярэдзіны-канца 1980-х Animation politique пракралася амаль ва ўсе аспекты грамадскага і прыватнага жыцця ў Заіры. Сеансы Animation politique i сталі абавязковымі для ўсіх кампаній і арганізацый у Заіры, незалежна ад іх статусу і сувязі з дзяржавай. У школах, бальніцах, кампаніях дзяржаўнага і прыватнага сектара ў пачатку працоўнага дня супрацоўнікі і кіраўнікі пляскалі ў далоні і спявалі патрыятычныя песні.
Вынік Animation politique быў вельмі спрэчны. Многія людзі ў Конга лічылі яе сведчаннем таго, што адміністрацыя Мабуту не выканала сваіх абяцанняў і хоча кампенсаваць усё танцулькамі. Шмат хто бачыў у прымусовых танцах форму прыніжэння — спадчыну каланіялізму. Сапраўды, шмат якія турысты бачылі ў тых жа танцах жанчын на кожным рагу праяву прастытуцыі. Акрамя таго ўзнік непадкантрольны ўладам ценявы музычны рынак, на якім прадаваліся творы, аўтары якіх не лічылі, што Мабуту — «bon chef».
Усё гэта вызначыла крах незвычайнай палітыкі Animation politique. Калі ў 1997-м паўстанцы ўвайшлі ў сталіцу, з гукаўзмацняльнікаў і радыёпрымачоў па ўсім горадзе можна было пачуць, як музыкі былога прыкормленага рэжымам папулярнага музычнага гурта Wenge Musica спяваюць: «Луі дэ Фюнес! Я бачыў Фантамаса! Ён уцякаў! Уцякаў!» (відавочна, музыкі асацыявалі злыдня з французскага папулярнага фільма з Мабуту, які напярэдадні збег з краіны).
Ілюстрацыі з кнігі "Rumba Rules. The Politics of Dance Music in Mobutu’s Zaire". Bob W. White