Крах адной дыктатуры

25 гадоў таму, 17 траўня 1997-га, у Заіры паўстанцамі быў зрынуты рэжым Мабуту Сесе Сека — адной з самых крывавых і карумпаваных дыктатур у гісторыі рэгіёну.

1533659885_1004601_sese_seko_mobutu.jpg


Забягаючы наперад трэба прызнаць, што ў выніку падзення Мабуту да ўлады прыйшлі людзі, таксама далёкія ад дэмакратычных ідэалаў. Захоп паўстанцамі — супернікамі Мабута, сталіцы Кіншасы (горада з насельніцтвам больш за 4 мільёны чалавек) суправаджаўся ўраганам гвалту. У дадатак да забароны палітычнай дзейнасці паўстанцы ўвялі забарону на міні-спадніцы. Гэта прывяло да жорсткага абыходжання з жанчынамі на вуліцах гораду.
Зрэшты, для многіх 17 траўня 1997-га ўсё роўна застаўся памятным днём вызвалення ад дыктатуры. Што не дзіўна. Мабуту Сесе Сека (ён нарадзіўся ў 1930 годзе ў сям'і кухара і пакаёўцы, зрабіў кар'еру ваеннага), пасля прыходу да ўлады ў 1971-м устанавіў вельмі адыёзны аўтарытарны рэжым.
Падчас яго кіравання візітоўкай краіны стала карупцыя і клептакратыя. Па самых сціплых падліках, дыктатар скраў у сваёй краіны 4-5 мільярдаў долараў ЗША, а некаторыя крыніцы называюць лічбу да 15 мільярдаў долараў ЗША. Усё гэта марнавалася на нейкую неадэкватную раскошу. Так, для вяселля дачкі прэзідэнта быў набыты торт за 65 тысяч долараў і замоўлена сукенка коштам 70 тысяч долараў. Падчас вяселля нявесту ўпрыгожвалі каштоўнасці на 3 мільёны долараў.
Грошы з бюджэту кралі такімі маштабамі, што не хапала нават на аплату войска. Для вырашэння праблемы была негалосна ўведзена такая норма як «ліцэнзаваны разбой». На практыцы гэта значыла, што дзяржава закрывала вочы на дробнае рабаванне салдатамі насельніцтва.
Безумоўна, не ўсе сілавікі займаліся тым, што «кашмарылі» бізнес і адносна багатых суайчыннікаў. У пачатку 80-х пры прэзідэнце ўзнікла асобная структура — «Спецыяльная прэзідэнцкая дывізія» (DSP), якую навучалі ізраільскія дарадцы. DSP была элітнай часткай, якая адказвала перш за ўсё за асабістую бяспеку гаранта.
Невыпадкова Дывізію ўзначаліў стрыечны брат прэзідэнта, а салдат у яе рэкрутавалі толькі з уласнага племя, адкуль паходзіў Мабуту. DSP была адным з нямногіх падраздзяленняў, якім плацілі адэкватна і рэгулярна.Акрамя функцый целаахоўнікаў падраздзяленне (яго колькасць даходзіла да 10 тысяч чалавек) актыўна выкарыстоўвалася для барацьбы з унутранымі супернікамі, нават патэнцыйнымі. Салдаты Дывізіі арыштоўвалі незадаволеных, саджалі ў турму без суда, высылалі ў іншую частку краіны. Некаторыя проста знікалі.
Байцамі Дывізіі практыкаваліся таксама катаванні і жорсткае абыходжанне са зняволенымі. Напрыклад, людзей катавалі электрычным токам. Умовы ўтрымання ў некаторых турмах былі настолькі суровымі, што прыраўноўваліся да жорсткага, бесчалавечнага, зневажаючага годнасць абыходжання. Паведамлялася аб дзясятках смерцяў ад голаду і адсутнасці медыцынскай дапамогі ў турме пад назвай Макала і іншых турмах па ўсёй краіне.


Выкарыстоўвалі Дывізію і для падаўлення пратэстаў. У лютым 1992-га ў сталіцы ўспыхнулі публічныя дэманстрацыі. На іх разгон кінулі байцоў DSP. Тыя, не разбіраючыся ў прававых дэталях, пачалі хаатычна расстрэльваць бяззбройных дэманстрантаў.
Гвалт спарадзіў гвалт. У адказ на рэпрэсіі ананімная група грамадзянаў забіла аднаго са спецназаўцаў. У якасці рэакцыі DSP зладзіла сапраўдную карную акцыю ў раёне, дзе меркавана маглі жыць арганізатары забойства. Па падазрэнні ў датычнасці да замаху на таварыша па службе былі забіты з дзясятак чалавек.
Нарэшце, у спіс падазраваных на нелаяльнасць былі занесены цэлыя этнасы, якія жылі ў краіне. Многія з кланаў па тых ці іншых прычынах не любілі клан Мабуту. Напрыклад, народ з роду Казаенс (Kasaiens). Для яго выгнання з адной з рэгіянальных сталіц пры кіруючай партыі было створана мілітарызаванае моладзевае крыло. Банды моладзі напалі на дамы казайцаў і прымушалі іх шукаць прапіску па-за горадам. Неўзабаве пераслед ператварыўся ў масавае выгнанне. Больш за 200 тысяч сяброў клану ў выніку былі запалоханыя і вымушаныя бегчы з гарадоў і вёсак.
Трэба сказаць, што дыктатар быў вельмі недаверлівым чалавекам. Нядзіўна, што спецслужба DSP часта прыцягвалася для забойстваў чальцоў свайго найбліжэйшага асяроддзя. Так, напрыклад, вясной 1997-га былі ліквідаваны міністр абароны Заіра і начальнік штаба арміі. Ніякіх судовых разбораў пры гэтым не праводзілася. Забітых пасля проста абвінавацілі ў здрадзе.
Зрэшты, усе вышэй апісаныя захады па падаўленні апазіцыі не выратавалі рэжым. У многім таму, што яго падставілі саюзнікі. Нягледзячы на архікепскі менеджмент, Мабуту заставаўся ва ўладзе дзякуючы падтрымцы заходняга свету, які баяўся распаўсюджвання камунізму ў гэтай частцы Афрыкі. З пачаткам распаду Усходняга блока сэнс падтрымкі дыктатуры знік. Заіру скарацілі фінансавы рацыён, што неўзабаве адлюстравалася на ўнутраным палітычным жыцці.
Восенню 1991 года некалькі падраздзяленняў Заірскіх узброеных сіл узнялі мяцеж, да якога неўзабаве далучыліся грамадзянскія. Хаця паўстанцы ў першую чаргу патрабавалі стабільнай і больш высокай заработнай платы, пратэст хутка палітызаваўся. Гучалі лозунгі звяржэння рэпрэсіўнай і карумпаванай дыктатуры. Хваляванні, якія ўспыхнулі ў сталіцы, хутка распаўсюдзіліся на іншыя гарады. Зрэшты рэсурсаў для перамогі ў паўстанцаў не хапала. Але дыктатар, не маючы вонкавай падтрымкі, таксама быў не ў стане зачысціць усю краіну.
Заір заставаўся ў стане палітычнага крызісу да 1996-1997 гадоў, калі Мабуту быў зрынуты падчас міжнароднага рэгіянальнага канфлікту. Дыктатар паспеў збегчы ў міграцыю, дзе хутка памёр. Застаецца дадаць, што сёння прэса ўзгадвае яго фігуру, як правіла, у кантэксце канстатацыі таго факту, што 25 год, на жаль, аказалася мала, каб залячыць усе раны пасля дыктатуры.