Дыктатура супраць эпідэміі

Сёння на старонках прэсы вельмі актуальныя дэбаты пра тое, якая палітычная мадэль — аўтарытарная ці дэмакратычная, — больш эфектыўная ў барацьбе з эпідэміяй. Як тут не ўзгадаць досвед заірскага дыктатара Мабуту Сесе Сека.

scale_mabutu.jpg


Гісторыя Чорнага кантыненту багатая на дыктатарскія рэжымы. Не згубілася сярод шматлікіх афрыканскіх дыктатараў і фігура Жозэфа Мабуту (ён жа Мабуту Сесе Сека), які аднаасобна кіраваў Заірам (цяпер Дэмакратычная Рэспубліка Конга) аж 32 гады.

Шлях да ўлады Мабуту быў не просты. Жозэф-Дэзірэ Мабуту нарадзіўся ў сціплай сям’і, але пасля зрабіў кар’еру ў арміі Бельгійскага Конга. Калі Конга стала незалежным, ён ужо меў ранг начальнікам штаба войска. А пасля арганізаванага ім у 1965 годзе перавароту атрымаў аднаасобную ўладу. Яе гарантам таксама быў Захад. Для барацьбы з камунізмам Амерыка пагадзілася не толькі фінансаваць Кіншасу, але нават заплюшчваць вочы на любыя фокусы Мабуту.

Той хутка задаў тон свайму праўленню, загадаўшы публічна павесіць чатырох міністраў на спартовым стадыёне. Але яго візітнай карткай стаў курс на «аўтэнтычнасць», якая выяўлялася ў патрабаванні татальна адмовіцца ад еўрапейскіх імёнаў, тапонімаў, зваротаў і нават касцюмаў. Змяніў дыктатар і ўласнае імя: быў Жозэф-Дэзірэ Мабуту, а стаў Мабуту Сесе Сека. У межах кампаніі была падкарэктаваная і афіцыйная назва краіны — з Конга на Заір.

Ад любімых заняткаў Мабуту часта адцягвалі розныя праблемы. У тым ліку і ўспышкі эпідэмій, часта невядомых на той момант навуцы. Заірскае Мінздароўя было не здольнае адэкватна рэагаваць на гэтыя выклікі, што не дзіўна — бюджэт раскрадаўся велізарнымі маштабамі. Як вынік, на момант канца праўлення Мабуту ВУП краіны на душу насельніцтва складаў усяго 113 долараў, што было на 63 працэнты ніжэй, чым у 1958 годзе (!). Медыцынская сістэма трымалася хіба толькі коштам замежнай дапамогі і дзейнасці гуманітарных арганізацый.

Такая кволая сістэма аховы здароўя яшчэ магла неяк супрацьстаяць хваробам накшталт грыпу ці жаўтухі, але калі пачыналіся буйныя эпідэміі, яна была бяссільная. Якраз такая хвароба прыйшла ў Заір у 1975 годзе. Гутарка пра вірус Эбола — хвароба, якая была ідэнтыфікаваная ўпершыню менавіта ў Заіры. Гэта адна з формаў ліхаманкі, якая часта з’яўляецца смяротнай для людзей. Сёння сярэдні каэфіцыент смяротнасці Эболы складае каля 50%. Падчас ранейшых выбліскаў накшталт той, што мела месца ў Заіры ў 1976-м, паказчыкі смяротнасці часам складалі да 90%.

Як рэагаваў на навіны пра Эболу лідар гэтай краіны? Была задзейнічана схема, якую пазней назавуць «санітарны кардон». Ачаг эпідэміі — горад Кіквіт, — па загадзе Мабуту быў наглуха заблакаваны вайскоўцамі. У горад (дарэчы з насельніцтвам каля паўмільёна чалавек) былі забаронены ўсе палёты самалётаў. Адзіная шаша з Кіквіта была таксама перакрыта вайскоўцамі.

Жаўнеры атрымалі загад — нікога не ўпускаць і не выпускаць з блакіраванага населенага пункта. Пры спробе трапіць туды ці адтуль яны павінны былі стралялі на паражэнне. На гэтым этапе фіксавалася самая большая колькасць ахвяр, паколькі суседнія з горадам вёскі выжывалі за кошт продажу прадуктаў гараджанам. У горадзе ўспыхнуў голад. Калі група замежных журналістаў, даўшы хабар лётчыкам, трапіла ў Кіквіт, пасля вяртання ў Кіншасу іх адразу арыштавалі.

Аналагічнай была інфармацыйная палітыка асвятлення эпідэміі. Паколькі СМІ былі цалкам падкантрольныя рэжыму, навіны пра эпідэмію спрэс адсутнічалі на старонках газет і ў выпусках радыё. «Дрэнным навінам няма месца ў эфіры», — любіў з гэтай нагоды казаць дыктатар. Размовы аб выблісках невядомых ці вядомых хваробаў караліся аж да расстрэлу.

Уся моц прапагандысцкай машыны накіроўвалася выключна на ўзвялічванне культу Правадыра, які ў гэты час дасягнуў кульмінацыі. Прыкладна з 1974-га Мабуту сталі зваць «бацькам нацыі», «бацькам-заснавальнікам» і «рулявым», а яго партрэты абавязкова друкаваліся на першых палосах газет. У пачатку 1975 года афіцыйным СМІ на некалькі тыдняў нават забаранілі называць каго-небудзь з чыноўнікаў па імені, акрамя кіраўніка дзяржавы.

Што да эпідэміі Эбола, то яе ахвярам дазволілі спакойна паміраць. Толькі пасля двух месяцаў татальнага каранціну Кіквіт адкрылі. Праўда спачатку ён падвергся зачыстцы ваенна-медыцынскай службай. Пасля жыццё паціху зноў наладжвалася. Каб паскорыць нармалізацыю, гараджанам пад страхам расправы забаранілі публічна згадваць пра жудасці «санітарнага кардону».

Такая ж практыка прымянялася Мабуту і пасля ўспышак іншых эпідэмій, у тым ліку і супраць СНІДу і халеры. Пра эфект гэткай барацьбы з эпідэміямі цудоўна гаворыць статыстыка. На момант звяржэння Мабуту ў 1997-м па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя 13 працэнтаў насельніцтва было інфікавана вірусам імунадэфіцыту, а ў некаторых гарадах, такіх як Гома, на ўсходзе краіны, узровень інфікавання сягаў 35 працэнтаў.

Застаецца дадаць, што хваробы не пашкадавалі і самога дыктатара. Пасля таго, як паўстанцы наблізіліся да сталіцы, ён уцёк у Марока. Там ва ўзросце 66 гадоў яго даканала прастата. Прыкладна 5 мільярдаў долараў, якія, па падлікам гісторыкаў, ён скраў з заірскага бюджэту за 32 гады кіравання і прыхапіў з сабой у эміграцыю, не дапамаглі.