Масавыя затрыманні па ўсёй краіне — спланаваная акцыя запалохвання

Не толькі Лукашэнка пачаў перадвыбарчую кампанію, але і сілавікі таксама. Па ўсёй краіне праходзяць ператрусы і затрыманні.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі адбываецца новая хваля масавых затрыманняў грамадзян, якая ахапіла ўсю краіну. Праваабаронцы расцэньваюць гэта як «запланаваную акцыю запалохвання» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца ў студзені 2025 года.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», за апошнія некалькі дзён былі затрыманы дзясяткі людзей у розных рэгіёнах Беларусі. Затрыманні адбываюцца ў Мінску, Гродне, Брэсце, Гомелі, Віцебску і іншых гарадах. Сярод затрыманых — грамадскія актывісты, былыя палітвязні, журналісты і проста грамадзяне, якія раней удзельнічалі ў пратэстах.

«Гэта выглядае як добра спланаваная акцыя, накіраваная на запалохванне грамадзянскай супольнасці перад выбарамі, — гавораць праваабаронцы. — Улады імкнуцца прадухіліць любыя магчымыя пратэсты і дэманстрацыі падчас выбарчай кампаніі».

Паводле сведчанняў сваякоў затрыманых, у многіх выпадках сілавікі праводзяць ператрусы ў кватэрах, канфіскуюць тэхніку і дакументы. Некаторых затрыманых адвозяць у невядомым кірунку, не паведамляючы пра прычыны затрымання і месца знаходжання. Паводле праваабаронцаў «Вясны», перад затрыманнямі ў некаторых людзей адключаюць мабільную сувязь праз аператара. Ёсць таксама інфармацыя пра затрыманні людзей, якія вярнуліся з-за мяжы.

Так, напрыклад, тэлеграм-канал магілёўскіх праваабаронцаў «MAYDAY.team» паведамляе пра масавыя затрыманні ў Магілёве. Рэсурсу вядома, што ў горадзе 31 кастрычніка было затрымана каля дзясятка чалавек. Абставіны высвятляюцца.


Глядзіце таксама

А ў Маладзечанскім раёне міліцыянты ходзяць па людзях, якіх затрымлівалі пасля выбараў 2020 года, паведамляюць «вясноўцы»Паводле папярэдняй інфармацыі, участковыя маюць спісы такіх людзей і па чарзе наведваюць іх па месцы жыхарства.

Не менш за 14 чалавек сілавікі затрымалі на гэтых выходных у пасёлку Ялізава ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці, піша «Наша Ніва»Крыніцы выдання паведамілі, што падчас рэйду сілавікоў у людзей шукалі падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Частка людзей застаецца пад вартай, як мінімум дзвюх жанчын адпусцілі да суду.

Эксперты звязваюць гэтую хвалю рэпрэсій з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў. «Улады імкнуцца ачысціць палітычнае поле ад любых патэнцыйных апанентаў і крытыкаў, — лічыць палітолаг Аляксандр Класкоўскі. — Гэта таксама сігнал грамадству, што любыя спробы пратэсту будуць жорстка падаўляцца».

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі на працягу апошніх чатырох гадоў неаднаразова выказвалі занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі. «Human Rights Watch» заклікала ўлады краіны неадкладна спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх затрыманых па палітычных матывах. 


Глядзіце таксама

Еўрапейскі Саюз таксама выказвае занепакоенасць сітуацыяй. Спецдакладчыца па Беларусі Анаіс Марэнзаявіла, што «цэлы шэраг пытанняў з правамі чалавека, пра якія я дакладваю, носіць сістэматычны характар і працягваецца на працягу многіх дзесяцігоддзяў, нягледзячы на шматлікія рэкамендацыі, у прыватнасці, адсутнасць падзелу ўладаў, адсутнасць гарантый справядлівага разбору. Смяротнае пакаранне па-ранейшаму дзейнічае ў Беларусі. Адвольнае пазбаўленне волі палітычных апанентаў, жорсткае абыходжанне пры затрыманні, абмежаванне свабоды выказвання, сходу, асацыяцый — прычым усё гэта адбываецца ва ўмовах поўнай беспакаранасці. Гэта мусіць спыніцца».

Улады пакуль не каментуюць сітуацыю з масавымі затрыманнямі. Аднак, улічваючы папярэдні досвед, малаверагодна, што яны прыслухаюцца да заклікаў міжнароднай супольнасці і спыняць рэпрэсіі.