Хронікі рэпрэсій за 1 лістапада: масавыя «хапуны» і рэйды па ўсёй краіне
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1447 дзён, Дзяніс — 1327.
***
У Беларусі адбываецца новая хваля масавых затрыманняў грамадзян, якая ахапіла ўсю краіну. Праваабаронцы расцэньваюць гэта як «запланаваную акцыю запалохвання» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца ў студзені 2025 года.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», за апошнія некалькі дзён былі затрыманы дзясяткі людзей у розных рэгіёнах Беларусі. Затрыманні адбываюцца ў Мінску, Гродне, Брэсце, Гомелі, Віцебску і іншых гарадах. Сярод затрыманых — грамадскія актывісты, былыя палітвязні, журналісты і проста грамадзяне, якія раней удзельнічалі ў пратэстах.
***
Раніцай 31 кастрычніка тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область» паведаміў, што ў Смаргоні і Ваўкавыску адбываюцца масавыя ператрусы і затрыманні. Правяраюць інфармацыю на мабільных тэлефонах і геалакацыю тэлефонаў у 2020 годзе. Калі кагосьці не было на працоўным месцы, то выклікаюць у аддзяленне.
***
Як мінімум 14 чалавек затрыманыя за «палітыку» ў рабочым пасёлку Ялізава. «Наша Ніва» атрымала інфармацыю, што на гэтыя выхадныя сілавікі зладзілі рэйд у пасёлку пад Асіповічамі. Колькасць ахвяр «хапуна» ў адным населеным пункце з 2000 жыхароў, далёкім ад эпіцэнтраў пратэсту, дае магчымасць уявіць колькасць затрыманых у маштабе краіны.
Адносна таго, колькі чалавек «хапнулі» ў Ялізаве, інфармацыя разыходзіцца, але называецца лічба як мінімум 14 чалавек. У людзей шукалі падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Частка людзей застаецца пад вартай, як мінімум дзвюх жанчын адпусцілі да суду.
***
У Маладзечанскім раёне міліцыянты ходзяць па людзях, якіх затрымлівалі пасля выбараў 2020-га года, піша «Вясна».
Паводле папярэдняй інфармацыі, участковыя маюць спісы такіх людзей і па чарзе наведваюць іх па месцы жыхарства.
***
Паведамляецца таксама пра затрыманні на масласырзаводзе ў Хойніках.
Паводле папярэдняй інфармацыі, затрымалі каля 20 чалавек. Прычыны і падрабязнасці затрыманняў высвятляюцца.
***
Паводле інфармацыі, якую «Наша Ніва» атрымала ад некалькіх крыніц з тэатральнага кола, акцёраў РТБД, якіх раней затрымлівалі на «суткі», звольнілі з тэатра.
Яшчэ днём 31 кастрычніка ў раздзеле «Асобы» на сайце РТБД віселі партфоліа акцёраў Максіма Брагінца, Дзмітрыя Давідовіча і Арцёма Курэня, але цяпер іх адтуль прыбралі.
На гэтым трыа трымалася значная частка самых касавых, папулярных у гледачоў спектакляў, таму ў тэатры працягваюцца вымушаныя замены ў рэпертуары. Замяніць акцёраў папросту няма кім.
Пра затрыманне актораў РТБД стала вядома 19 кастрычніка. Пазней НН даведалася, што іх асудзілі па артыкуле 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства») на некалькі сутак. Акрамя Давідовіча, Курэня і Брагінца, затрымалі таксама адну акторку, але пазней яе адпусцілі да дзіцяці. 30 кастрычніка стала вядома, што акторы выйшлі на волю.
***
5 лістапада ў Брэсце пачнуць разглядаць крымінальную справу супраць траіх людзей: Змітра Максімука, Міхаіла Ляшкевіча і Іллі Мельнічука, піша «Берасцейская Вясна».
Усіх мужчын абвінавачваюць у «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса). Два месяцы таму блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з Максімуком. У роліку мужчына сказаў што 10 жніўня 2020 года знаходзіўся на праспекце Машэрава сярод натоўпу, які выкрыкваў лозунгі на адрас міліцыі.
Праваабаронцы адзначаюць, што гэта ўжо 13-я група людзей, якіх судзяць за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года.
***
Супраць жыхара Нясвіжа Дзмітрыя Тоўсціка распачалі «спецвытворчасць», мужчыну абвінавачваюць у «супраціве супрацоўніку МУС» (ч.2 арт.363 КК), паведамляе «Медыязона».
У сацсетках у якасці роднага горада Тоўсціка паказаны Нясвіж. Вядома, што ён жанаты, скончыў «Інстытут сучасных ведаў імя А.М. Шырокава».
***
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, былому дырэктару шклозавода «Нёман» Ігару Бацяну прысудзілі 12 гадоў калоніі, паведамляе «Гарадзенская вясна». Яго абвінавачвалі ў «дзяржздрадзе», але абставіны справы невядомыя.
Ігар Бацян больш за 12 гадоў узначальваў шклозавод «Нёман». Пры яго кіраўніцтве звальнялі вядомых грамадскіх актывістаў.
Пасля вызвалення з пасады Бацян сышоў у кіраўніцтва дзіцяча-юнацкім хакеем, а затым аказаўся ў цені. Пазней стала вядома, што ён знаходзіцца ў СІЗА па палітычным артыкуле, хоць раней не быў заўважаны ў апазіцыйнай дзейнасці або ўдзеле ў дэмакратычным руху.
***
Мінскага музыку Сяргея Горлава абвінавачваюць у «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК), «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.ч.1 і 2 арт.361-4 КК), «закліках да прычынення шкоды нацбяспецы» (ч.3 арт.361 КК) і «абразе Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК), заўважыла «Наша Ніва».
Судзіць Горлава пачалі сёння, 1 лістапада, у Мінскім гарадскім судзе.
Сяргея Горлава затрымалі ў лютым 2024 года. Адразу яго асудзілі па адміністрацыйным артыкуле, але пасля перавялі па крымінальнай справе ў СІЗА. Што стала падставай для абвінавачвання, невядома. «НН» мяркуе, што гэта маглі быць каментары ў «Тэлеграме».
Мужчыну 45 гадоў. Ён вучыўся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, пазней скончыў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Працаваў перакладчыкам і рэпетытарам англійскай мовы. Апошняе вядомае месца яго працы — інстытут Сахарава ў Мінску.
На пачатку 1990-х Горлаў граў у гурце «Лясное радыё». Мужчына перакладаў замежныя песні на беларускую мову. Адна з яго апошніх работ — пераклад песні Боба Дылана. У кліпе на яе ўзялі ўдзел многія вядомыя музыкі: Піт Паўлаў, Зміцер Вайцюшкевіч і іншыя.
***
Палітзняволенага Аляксандра Арановіча трымаюць у рэжыме інкамунікада 147 дзён, паведамляе «Вясна».
Аляксандр — удзельнік каманды «Краіна для жыцця», разам з камандай ездзіў па рэгіёнах Беларусі на брэндаваным аўтадоме. Жыў у горадзе Старыя Дарогі, да 2020 года працаваў кіроўцам.
Яго абвінавацілі ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак» (арт.342 КК) і «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» (п.13 ч.2 арт.293 КК) за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў старой дымавой шашкі. 27 красавіка 2021 года суд прызначыў яму шэсць гадоў калоніі. Пазней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў магілёўскую турму.
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 639 дзён, Максіма Знака — 633 дні, Мікалая Статкевіча — 630 дзён, Ігара Лосіка — 621 дзень, Віктара Бабарыкі — 559 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 489 дзён, Уладзіміра Гундара — 452 дні.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1299 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1416 чалавек. Сярод іх — 175 жанчын і 3 непаўнагадовых. 22 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.