Музыка, якую хаваюць за кратамі. «Tor Band» два гады ў палоне рэжыму

Рэжым помсціць усім, хто ў 2020 годзе выступіў супраць. За кратамі нават мастакі, паэты, музыкі. Гурт Tor Band, чыя музыка гучала з кожнага тэлефона чатыры гады таму, прысудзілі да страшных тэрмінаў — толькі за іх песні.

Саліст гурта «Tor Band» Зміцер Галавач

Саліст гурта «Tor Band» Зміцер Галавач

«Tor Band» – музычны рок-гурт з Рагачова. Ён стаў вядомым у 2020 годзе, а яго песні называлі гімнамі пратэстаў. Усе чулі іх «Мы не народзец» і «Жыве», кліпы на іх сабралі мільёны праглядаў на Youtube. Улады адпомсцілі музыкам, прысудзіўшы за іх творчасць да 9 год пазбаўлення волі.

«Штодзень» прыгадаў гісторыю гурта да гадавіну прысуду.

Гісторыя гурта

Завадатар і аўтар песень «Tor Band» Зміцер Галавач. Ён прыехаў з Масквы ў родны Рагачоў у 2010-х, каб правесці канцэрт. Там пазнаёміўся з Яўгенам Бурло. Мяняліся людзі і назвы, і з 2017 года гурт стаў вядомы як «Tor Band». Андрэй Ярэмчык далучыўся да яго ў 2020 годзе.

Зміцер пры гэтым заставаўся фатографам, а ў Рагачоў з Масквы вярнуўся калісьці, каб дапамагаць маме. А Яўген у свой час быў гукарэжысёрам мясцовага Дома культуры.

«Я прынёс песню ў красавіку — тады яшчэ не было аніякіх пратэстаў»

Саліст расказаў гісторыю, бадай, самай знакамітай песні гурта «Мы не народзец»:

«Я прынёс песню ў красавіку — тады яшчэ не было аніякіх пратэстаў, нікога не "закрывалі", усё было добра і роўна, — гаварыў Зміцер у 2020-м. — Па сутнасці, мы не маглі планаваць такую ​​рэакцыю, таму што песня першапачаткова не планавалася як пратэсная. Людзі нам пішуць: “Класны пратэсны трэк!” Але ён патрыятычны, а не пратэсны».

Ён кажа, што «гэта песня пра тое, што насамрэч думаюць пра сябе людзі». «Фразы пра "народзец" выклікалі абурэнне і ў мяне, і ў велізарнай колькасці людзей. Гэта вельмі моцна ўдарыла па самалюбстве беларускага народа», — адзначаў музыка.

Два гады таму Зміцер пісаў у канале гурта: «Сёння мне 40 гадоў, і я ўпершыню азірнуўся назад. І калі сапраўды, я задаволены. Хацеў бы я стаць маладзейшым? На жаль, але не. Толькі з узростам і досведам ты ўмееш шанаваць тое, што ў маладосці з’яўляецца дадзенасцю. Толькі з узростам ты вучышся правільна фармуляваць думкі, прыгожа іх выкладаць і адчуваць усё тое, што адбываецца не толькі ў табе, але і вакол».

Яўген расказваў у 2020 годзе: «Да 9 жніўня на плошчы я адпрацаваў тры канцэрты ў падтрымку дзеючай улады, бо тады яшчэ не было ўсёй той дзічыны, якая адбываецца зараз… Але калі паклікалі працаваць на мітынг пасля выбараў, я сказаў: "Прабачце, можаце прымяняць дысцыплінарнае спагнанне". Але абышлося, у выніку знайшлі чалавека з раёна».

Андрэй дадаў: «[Кіраўніцтву] увогуле ўсё роўна. Вучні, вядома, кажуць пра гэта: "Мы вас у кліпе бачылі". Пытаюцца, слухаюць, падтрымліваюць. Я вяду ў 5-11 класаў. З нагоды музыкі могуць пагутарыць класы 7-8, 10. Я б не сказаў, што яны ўсё разумеюць [пра сітуацыю ў краіне]».

«У нас не ўзнікала пытанняў, ці працягваць граць. У нас былі песні, якія мы хацелі выпусціць: трэкі “Жыве”, “Хто, калі не ты”, была каласальная падтрымка. У нас з’явілася столькі знаёмых па ўсёй краіне! Мне ўвогуле здаецца, што беларусы навучыліся любіць сябе. Такой любові яшчэ ніколі не было, і пачуццё патрыятызму зараз зашкальвае. Мы даведаліся пра сваю краіну. Ніхто не падазраваў, што сістэма, якая выбудоўвалася 26 гадоў, прывядзе да такой кансалідацыі», — гаварылі музыкі.


Глядзіце таксама

«Не страшна толькі псіхапату. Любому нармальнаму чалавеку, у якога ёсць інстынкт самазахавання, усім страшна. Калі гаворка заходзіць (хоць яна ні разу і не заходзіла ў нашым калектыве), рабіць ці не рабіць — адназначна рабіць. Усе гатовыя да чагосьці, нейкіх пытанняў і праблем. Але спадзяёмся на лепшае», — сказаў тады Яўген.

Затрыманне і вялізныя тэрміны

Музыкаў «Tor Band» спачатку затрымалі па адміністрацыйных справах 29 кастрычніка 2022 года. І з турмы ўжо не выпусцілі. У студзені 2023 года іх гурт прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем», у лютым гітару лідара гурта канфіскавалі за «стварэнне экстрэмісцкага кантэнту». У кастрычніку музыкаў асудзілі за «абразу Лукашэнкі», «распальванне сацыяльнай варожасці», «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» і «дыскрэдытацыю Беларусі».

Змітра Галавача прысудзілі да 9 гадоў калоніі, Яўгена Бурло — да 8 гадоў калоніі, а Андрэя Ярэмчыка — да 7,5 гадоў калоніі. Агульны тэрмін — 24,5 гады пазбаўлення волі. Ва ўсіх — узмоцненага рэжыму.


Глядзіце таксама

На абвяшчэнні прысуду прысутнічалі сваякі музыкаў. «Яны ўсё плакалі», — паведамляла тады Радыё «Свабода». Адна са сваячак страціла прытомнасць. Яўген Бурло быў на мыліцах, ён з цяжкасцю перасоўваўся, у музыкі знайшлі некроз тазабедраных суставаў.

Беларусы сабралі на падтрымку сем’яў музыкаў больш за 14 тысячаў еўра.

«Музыкі "Tor Band" атрымалі жахлівыя тэрміны за песні. Менавіта за песні — за музыку і тэкст. Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было. Неабходна знайсці ўсіх, хто спрычынены да гэтага прысуду. Не проста суддзю з пракурорам, а, напрыклад, чалавека-шрубку, які рабіў літаратурную экспертызу тэкстаў песень. Ці асоб, якія ініцыявалі крымінальную справу. Усіх, хто меў дачыненне да гэтага. Цётачка з дома культуры, што напісала данос — як ёй, нармальна спіцца пасля таго, як яна даведалася пра 9 гадоў?» — запытаўся пасля прысуду вядомы беларускі музыка Лявон Вольскі.

Помста ўладаў музыкам — жорсткая, несправядлівая і незаконная. Але іх музыка ўсё яшчэ з намі. Пасля затрымання музыкаў на нейкі момант знікала змесціва іх ютуб-канала з усёй музыкай, але пасля ён аднавіў працу, даступная музыка «Tor Band» і на іншых платформах.