«Несур'ёзнасць намераў». У ЦВК патлумачылі адмову ў рэгістрацыі дзвюх ініцыятыўных груп на выбары
Сакратар ЦВК Алена Балдоўская патлумачыла, чаму камісія адмовілася рэгістраваць ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў за Аляксандра Драздова і Юрыя Губарэвіча.
Паводле яе слоў, прычына ў "несур'ёзнасці намераў" абодвух прэтэндэнтаў, перадае «Зеркало» са спасылкай на БЕЛТА.
"Можна казаць аб несур'ёзнасці намераў гэтых грамадзянаў", – заявіла Балдоўская.
Паводле яе слоў, усе рашэнні ЦВК прымаюцца выключна на падставе патрабаванняў заканадаўства.
«Падаючы заяву [аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы] па электроннай пошце, сама асоба павінна была разумець, што ў выніку будзе прынятае адпаведнае рашэнне. І грамадзянін, які прыносіў выключна адну заяву, не прыклаўшы спіс сяброў ініцыятыўнай групы, таксама павінен гэта разумець.
Наяўнасць адной заявы не дазваляе зарэгістраваць ініцыятыўную групу. Павінен быць пералік людзей, якія будуць збіраць подпісы», — патлумачыла сакратар ЦВК.
Напярэдадні, 29 кастрычніка, ЦВК зарэгістравала першую і пакуль адзіную ініцыятыўную групу па падтрымцы вылучэння Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты, рашэнне было прынята аднагалосна.
Яшчэ два прэтэндэнты атрымалі адмову — гэта Аляксандр Драздоў і старшыня руху «За Свабоду», эксперт па рэгіянальным развіцці Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Юры Губарэвіч.
Як паведамілі ў камісіі, ініцыятыўная група ў падтрымку Аляксандра Драздова не зарэгістраваная ў сувязі з тым, што не былі прадстаўлены дакументы аб яе складзе.
Прадстаўнікі ж Юрыя Губарэвіча парушылі парадак прадстаўлення дакументаў у ЦВК, даслаўшы іх па электроннай пошце, што не прадугледжана выбарчым заканадаўствам.
Прэзідэнцкія выбары прызначаны ў Беларусі на 26 студзеня 2025 года. Раней намер вылучыць сваю кандыдатуру выказаў кіраўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч, але дакументы ў ЦВК пакуль не падаваў.
Акрамя таго, у тэлеграм-канале Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, якую ўлады ліквідавалі ў 2023 годзе, зьявілася інфармацыя аб магчымым удзеле ў выбарчай кампаніі Ганны Канапацкай. Адзначалася, што былая дэпутатка і кандыдатка ў прэзідэнты на выбарах 2020 года хоча сабраць ініцыятыўную групу.
Дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты неабходна падаць не пазней за 1 лістапада.
Для вылучэння кандыдатам трэба сабраць не менш за 100 000 подпісаў. Улады традыцыйна выкарыстоўваюць для гэтага адміністратыўны рэсурс.
Збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты распачнецца 7 лістапада.