Як праваабаронцы будуць сачыць за выбарамі?

«Нават ва ўмовах татальнага абмежаваньня магчымасьцяў назіральнікаў мы можам дасягнуць сваёй мэты і даць ацэнку характару тых працэсаў, якія будуць адбывацца ў Беларусі», — кажа юрыст «Вясны» Павел Сапелка.

Ілюстрацыйны здымак TUT.BY

Ілюстрацыйны здымак TUT.BY

Выбары прэзыдэнта ў Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году. Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў сваю чаргу абвясьціла пра пачатак працы экспэртнай місіі. Юрыст «Вясны» Павал Сапелка расказаў «Радыё Свабодзе» падрабязьней пра ролю маніторынгу праваабаронцаў.

У заяве кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаецца, што задачай праваабаронцаў пры любым дзяржаўным рэжыме зьяўляецца ажыцьцяўленне грамадзянскага кантролю за дзеяньнямі ўладаў, таму яны лічыць неабходным правесьці маніторынг гэтай выбарчай кампаніі, каб на падставе сабранай інфармацыі мець магчымасьць задакумэнтаваць тое, што адбываецца, і працягваць ацэньваць дзеяньні ўладаў з пункту гледжаньня міжнародных стандартаў у галіне свабодных і дэмакратычных выбараў.

«Экспэртная місія будзе зьбіраць і аналізаваць інфармацыю аб выбарчай кампаніі паводле адкрытых крыніц і паведамленьняў ад выбарнікаў зь Беларусі, — расказаў Павал Сапелка. — Мы разьлічваем на інфармацыю ад людзей у Беларусі аб парушэньнях падчас выбарчай кампаніі і адначасова заклікаем да захаваньня лічбавай гігіены і правілаў бясьпечнай камунікацыі. Неабыякавыя выбарнікі змогуць накіраваць нам інфармацыю аб парушэньнях праз ананімную форму ды па іншых бясьпечных каналах інфармаваньня».

Глядзіце таксама

Павал Сапелка тлумачыць, што кампанія неаднаразова падкрэсьлівала важную ролю незалежнага назіраньня на выбарах.

«Нават ва ўмовах татальнага абмежаваньня магчымасьцяў назіральнікаў мы можам дасягнуць сваёй мэты і даць ацэнку характару тых працэсаў, якія будуць адбывацца ў Беларусі.

Гэта важна ва ўмовах пастаянных намаганьняў уладаў па прапагандзе і дэзынфармацыі, уключэньня прадстаўнікоў GONGO, залежных і ляяльных уладам людзей у імітацыю назіраньня. Для імітацыі вонкавага адабрэньня падаўжэньня паўнамоцтваў дыктатара будуць запрошаныя псэўданазіральнікі з СНД і ШАС.

У гэтых умовах мы бачым важным наяўнасьць абгрунтаванай ацэнкі ўмоў палітычных працэсаў і бягучых падзей з пазыцыі незалежнага назіраньня і правоў чалавека», — заявіў Сапелка.

Глядзіце таксама

Праваабаронца «Вясны» расказаў, што кампанія па-ранейшаму будзе выпускаць справаздачы па асноўных этапах выбарчага працэсу, а таксама бягучыя камэнтары па найбольш важных падзеях. Таксама на сайце кампаніі будуць разьмяшчацца асветніцкія матэрыялы.

«Нягледзячы на сытуацыю, мы па-ранейшаму лічым, што палітычныя выбары — гэта нармальны элемэнт дэмакратыі, да якога калісьці прыйдзем», — расказаў Павал Сапелка.

Глядзіце таксама

Як нагадвае «Свабода», выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.

Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы.

Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».