Дзіўны флэшмоб прапаганды: Навошта ўгаворваць таго, хто і так пагадзіўся?
Нешта дзіўнае адбываецца ў глыбінных нетрах стабільнасці, чаго звонку не відаць. Навошта дату датэрміновай электаральнай кампаніі спатрэбілася прызначаць настолькі датэрмінова? Пра гэта разважае — і ўсё адно не разумее — аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі»
Апошнія два дні тэлевізар на розныя галасы кажа камусьці, што яму «трэба». А то ж сёй-той сумняваўся. Сказаў, што пакуль прыхільнікі не скажуць яму, што яму «трэба», ён, можа, нікуды і не пойдзе. Таму тэлевізар адлюстроўвае масавых прыхільнікаў, і масавыя прыхільнікі кажуць, што «трэба».
На першы погляд, можа падацца, што ў гэтым флэшмобе нават ёсць некаторая асэнсаванасць. Не ў тым сэнсе, вядома, што сёй-той сумняваўся і яго трэба пераконваць, каб не перадумаў. А ў тым сэнсе, каб паказаць яму і сабе публічную імітацыю ўсенароднай любові.
І вось калі да формы імітацыі ў мяне пытанняў у прынцыпе няма (як умеюць, так імітуюць), то да зместу пытанні ўсё ж такі ёсць. Таму што сяго-таго пачалі пераконваць у тым, што яму трэба ісці на выбары, пасля таго, як сёй-той ужо падаў дакументы ў (даруй Божа) Цэнтрвыбаркам аб тым, што ён ідзе на выбары.
Гэта значыць, спачатку сёй-той пайшоў, а потым яны ўсім тэлевізарам пачалі яго пераконваць, што яму «трэба» пайсці. Ну прыкладна, як паехаць сватацца пасля таго, як ужо падалі заявы ў ЗАГС і замовілі рэстаран на вяселле. Што ж вы яго так угаворваеце, пасля таго, як ён ужо пагадзіўся?
І вось мне прыходзіць у галаву адно тлумачэнне. Проста дату сваёй датэрміновай электаральнай кампаніі яны прызначылі датэрмінова. Не тады, калі планавалі. І па першапачатковым плане фінал электаральнай кампаніі павінен быў здарыцца не 26 студзеня, а на месяц, скажам, пазней.
Вось гэты лішні месяц сёй-той збіраўся паказваць вялікія ўнутраныя пакуты, а тэлевізар павінен быў яго пераканаць, што яму «трэба». І гэта была б такая папярэдняя стадыя электаральнай кампаніі.
Але потым канцэпцыя раптам змянілася. І на датэрміновым пасяджэнні палаты — якога, дарэчы, яшчэ за дзень да гэтага пасяджэння ў планах палаты наогул не было — фінал прызначылі на 26 студзеня.
Але флэшмоб са словам «трэба» быў да гэтага часу ўжо прыдуманы. І, можа быць, нават часткова запісаны. Так не марнаваць жа такое дабро. Людзі стараліся. Зноў жа, не так шмат у беларускага тэлевізара арыгінальных ідэй наконт імітацыі народнай любові. Таму флэшмоб, у якога раптоўна скончыўся тэрмін прыдатнасці, вырашылі ўсё ж пусціць у справу. Нягледзячы на ўсю яго недарэчнасць у абставінах, якія склаліся.
Навошта сведкам стабільнасці і яе гаранту асабіста была патрэбная датэрміновая электаральная кампанія, мне ўвогуле зразумела. І нават не проста зразумела. Я табе магу прыдумаць для гэтага сем прычын — і кожная будзе вельмі важкай. Ад стану беларускага росквіту да асаблівасцяў кліматычных умоў і надвор’я.
Аднак жа, шчыра табе скажу, цяпер я сёе-тое не разумею. Я не разумею, навошта дату датэрміновай электаральнай кампаніі спатрэбілася прызначаць настолькі датэрмінова.
Ты заўваж, што 26 студзеня гэта была мінімальна магчымая дата. Таму што электаральная кампанія павінна доўжыцца тры месяцы і прызначыць фінал раней было ніяк нельга. Яны ж гэтым раптоўным рашэннем сапсавалі сабе ўсе хатнія нарыхтоўкі. Ды што там нарыхтоўкі! Яны нават не паспелі падрыхтаваць новых спойлераў і таму даводзіцца выкарыстоўваць ужо выкарыстаных.
І вось гэтаму я ніякага тлумачэння знайсці не магу. Нешта там такое адбываецца ў глыбінных нетрах стабільнасці, чаго звонку не відаць. Раптоўна, што характэрна, адбываецца... Амаль гэтак жа раптоўна, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыка і Цапкала.