Фрыдман: Беларусь чакаюць самыя сумныя выбары ў яе найноўшай гісторыі
Ніякіх «эксцэсаў» на гэтых выбарах чакаць не даводзіцца: усё зачышчана і падрыхтавана да чарговага тэрміну дыктатара.
Вайна ва Украіне, супрацьстаянне з Захадам, прага да ўлады і страх за будучыню вымушаюць Аляксандра Лукашэнку заставацца на сваёй пасадзе. Крэмль цалкам задавальняе такое развіццё падзей, піша гісторык Аляксандр Фрыдман на «Deutsche Welle».
23 кастрычніка была афіцыйна абвешчаная дата наступных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія павінны прайсці 26 студзеня 2025 года. У той жа дзень Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў свой удзел у выбарах, а амбасадар Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў яшчэ напярэдадні адзначыў, што Крэмль, «калі спатрэбіцца», акажа афіцыйнаму Мінску «дапамогу і падтрымку» ў выпадку спроб дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне падчас выбарчай кампаніі. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў, у сваю чаргу, падкрэсліў, што Расія падтрымае кандыдатуру Лукашэнкі.
Чаму 70-гадовы кіраўнік, які займае сваю пасаду ўжо больш за 30 гадоў, вырашыў пайсці на сёмы прэзідэнцкі тэрмін? І што хаваецца за заявамі Грызлова і Пяскова?
«Клятва дзецьмі» аказалася пустым словам
Роўна за чатыры гады да абвяшчэння даты прэзідэнцкіх выбараў актывіст штаба кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі Юрый Васкрасенскі расказаў расійскаму выданню «Комсомольская правда» пра падрабязнасці нашумелай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ у Мінску. Лукашэнка, паводле слоў Васкрасенскага, пакляўся на гэтай сустрэчы «сваімі дзецьмі», што пакіне сваю пасаду пасля заканчэння шостага прэзідэнцкага тэрміну ў 2025 годзе. За мінулыя гады Васкрасенскі ператварыўся з «раскаянага апазіцыянера» ў адыёзнага дзяржаўнага прапагандыста і лічыць за лепшае не ўспамінаць пра свае яркія заявы чатырохгадовай даўніны.
На пачатку 2020-х Лукашэнка сапраўды какетліва падкрэсліваў, што «наеўся прэзідэнцтва», і дагэтуль час ад часу пускаецца ў развагі пра будучых кіраўнікоў краіны. Пад уражаннем ад пратэстаў 2020 года і на фоне міжнароднага ціску ён адразу пасля выбараў, магчыма, і не выключаў сыход з пасады прэзідэнта, а прынятыя ў лютым 2022 года на рэферэндуме змены ў Канстытуцыю стварылі механізм для транзіту ўлады, пры якім Лукашэнка мог бы пакінуць прэзідэнцкую пасаду, захаваўшы за сабой кантроль над пераемнікам — у якасці кіраўніка Усебеларускага народнага сходу.
Планы транзіту ўлады, калі яны ў Лукашэнкі ў прынцыпе існавалі, былі адкладзеныя пад сукно пасля шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года. Расійская «спецыяльная ваенная аперацыя» перарасла ў самую крывавую вайну ў Еўропе з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны, а Беларусь раптоўна ператварылася ў суагрэсара і прыфрантавую дзяржаву.
Да канца свайго шостага прэзідэнцкага тэрміну Лукашэнка падышоў з супярэчлівым балансам: баявыя дзеянні не перакінуліся на тэрыторыю Беларусі, а беларускія Узброеныя сілы пакуль не задзейнічаны ў вайне. Эканоміка Беларусі ў цэлым вытрымала выпрабаванне заходнімі санкцыямі, стала часткай расійскай ваеннай эканомікі і дэманструе стабільны рост. Барацьба з іншадумствам і палітычныя рэпрэсіі не спыняюцца, а палітычнае поле зачышчана так старанна, што нават пошук кандыдатаў-спойлераў для Лукашэнкі на будучых выбарах стане задачай не з лёгкіх.
Адносіны з заходнімі краінамі застаюцца вельмі дрэннымі, а перспектывы іх паляпшэння не праглядаюцца. Палітычная, эканамічная і ідэалагічная залежнасць ад Расіі няўхільна ўзмацняецца. Крэмль размясціў у Беларусі тактычную ядзерную зброю і адводзіць Мінску важную ролю ў сваім геапалітычным супрацьстаянні з «калектыўным Захадам».
Сам Лукашэнка дасягнуў шаноўнага ўзросту, а яго ўсё больш відавочныя праблемы са здароўем прапагандзе становіцца хаваць усё цяжэй. З кандыдатурай патэнцыйнага пераемніка аўтакрат ўсё яшчэ не вызначыўся, рэгулярна дэманструе прагу ўлады і ў выпадку сыходу на палітычную пенсію мае ўсе падставы баяцца за сваю будучыню і за будучыню сваёй сям'і.
У такой сітуацыі жаданне Лукашэнкі захаваць за сабой прэзідэнцкае крэсла не выглядае дзіўным. Не зацікаўленая ў зменах у Беларусі на гэтым этапе і Масква: для Крамля Лукашэнка з'яўляецца зразумелым, прадказальным і агулам лаяльным партнёрам, які запляміў сябе ўдзелам у вайне і наўрад ці ўжо зможа перабегчы на бок «заходняга праціўніка».
Расія не кіне «свайго Лукашэнку»
У кантэксце прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ўжо сталі традыцыяй чуткі пра «расійскі след» і пра Крэмль, якому істотна надакучыў амбіцыйны і наравісты Лукашэнка і які быў бы зусім не супраць замяніць яго на больш падатлівую і кантраляваную фігуру. У 2010 годзе, калі перад выбарамі ў расійскіх СМІ была арганізаваная кампанія супраць Лукашэнкі, і праз дзесяць гадоў, калі адносіны Мінска і Масквы перад выбарамі рэзка абвастрыліся, такія здагадкі выглядалі адносна пераканаўча. Пры гэтым Крэмль, як паказалі наступныя падзеі, не ставіў перад сабой на мэце зрушыць Лукашэнку, а хутчэй спрабаваў паказытаць яму нервы, абкласці і прымусіць да больш сціплых паводзінаў. За перыядамі астуджэння рэгулярна ішлі перыяды пацяплення, а пасля 2020 года адносіны Мінска і Масквы і зусім нагадваюць «мядовы месяц», які зацягнуўся на гады.
Яшчэ адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пачатку пратэстаў у Беларусі Уладзімір Пуцін даў выразна зразумець, што Расія гатовая «падставіць плячо» свайму хаўрусніку. У выпадку краху рэжыму Масква з вялікай верагоднасцю паспрабавала б вярнуць Лукашэнку ў Мінск на «расійскіх штыках», а пры асабліва неспрыяльным для сябе развіцці падзей і зусім магла б захапіць, а затым анэксаваць Беларусь. Інсайдарская інфармацыя з Крамля і звесткі заходніх спецслужбаў гавораць пра тое, што планы шырокамаштабнага ўварвання ва Украіну існавалі ў Маскве яшчэ ў 2020 годзе і для рэалізацыі гэтых планаў Крамлю патрэбная была падкантрольная Беларусі — з правераным Лукашэнкам на чале.
Калі ў выпадку прэзідэнцкіх выбараў у Малдове або парламенцкіх выбараў у Грузіі Крэмль актыўна ўмешваецца ва ўнутраныя справы гэтых краін з мэтай прывесці да ўлады зручныя для сябе сілы, то за выбарамі ў Беларусі Масква можа назіраць цалкам спакойна. Пад уладай Лукашэнкі Беларусь знаходзіцца ў руках Расіі і, з пункту гледжання Крамля, ужо не зможа выслізнуць з іх. Мясцовыя ўлады кантралююць сітуацыю, а сюрпрызы ў форме пратэстаў не чакаюцца. І, тым не менш, Крэмль, памятаючы пра свой негатыўны досвед ва Украіне і іншых постсавецкіх краінах, гатовы падстрахаваць Лукашэнку і ў выпадку форс-мажору неадкладна ўмяшацца на баку «нязменнага прэзідэнта».
У студзені 2025 года Беларусь чакаюць, бадай, самыя сумныя выбары ў яе найноўшай гісторыі. Лукашэнка нацэліўся на бліц-кампанію з марыянеткавымі кандыдатамі і прадказальным вынікам, а ў выпадку непрадбачаных абставінаў можа разлічваць на Крэмль: Расія «свайго Лукашэнку» не кіне.