«Дамова з сілавікамі». Анатоль Лябедзька расказаў, як Канапацкая стала лукашысткай

Анатоль Лябедзька ў інтэрв'ю «Н*шай Ніве» згадаў сітуацыю з абраннем у 2016 годзе сяброўкі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай дэпутаткай палаты прадстаўнікоў. Палітык мяркуе, што ў тых умовах адбылася дамова прадстаўнікоў сілавых структур па ўказанні Лукашэнкі. У АГП аб «выбранні» даведаліся ў ноч, калі ішоў падлік галасоў.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Лябедзька дзеліцца ўспамінамі: «Мяне разбудзілі ноччу і сказалі: "У нас дэпутат". — "Які дэпутат? Адкуль?" — "Ганна Канапацкая". І вось мы тэрмінова збіраемся і разумеем, што гэта гульня, якую нам прапануюць. І што тут трэба рабіць? Мы яе прымаем ці адмаўляемся. Па галасаванні гэта быў просты выбар, але па дыскусіі — не».

Палітык аргументуе станоўчае рашэнне ў гэтым пытанні імкненнем зразумець плюсы і мінусы валодання дэпутацкім мандатам. Акрамя гэтага, у партыі была магчымасць у любы момант, калі нешта пойдзе не так, выйсці з гульні.

Лябедзька падкрэслівае, што з самой Канапацкай была падпісана адмысловая дамова. У ёй утрымліваўся пералік таго, чаго ад яе як дэпутаткі чакае партыя: «Калі коратка сказаць, там было наступнае: яна лабіруе тэму свабодных і сумленных выбараў. Другое — праграма «Мільён працоўных месцаў». Гэта эканамічныя рэформы».

У далейшым паміж Канапацкай і партыйным кіраўніцтвам узнік канфлікт. Яго асноўная прычына — невыкананне Ганнай першага пункта дамовы.

«За ўвесь час у яе не было ні аднаго выступлення, якое б закранала тэму свабодных і сумленных выбараў. У яе не было ні аднаго выступлення з крытыкай персанальна беларускага кіраўніка і яго атачэння. І мы разумеем, што гэта была ўмова з тога боку», — адзначае Лябедзька.

Ён лічыць, што дамова з боку ўлад была заключана персанальна з Канапацкай.

«Пасля гісторыі з генералам Фраловым Лукашэнка ўжо ні ў якія гульні, што маглі б прывесці да непрадказальных вынікаў, не гуляе», — упэўнены былы старшыня АГП.

Паводле версіі Анатоля Лябедзькі, «адзін раз Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся на тое, каб даць на водкуп так званым «губернатарам» фарміраванне спіса дэпутатаў».

«Вядома, што дэпутаты ў нас загадзя вызначаюцца і прызначаюцца, — канстатуе палітык. — І да чаго гэта прывяло? Зʼявілася фракцыя генерала Фралова ў парламенце — «Рэспубліка». У яе складзе было шэсць чалавек. І гэта стала праблемай. Яны сталі галадаць у дэпутацкім доме, вывешваць там плакаты».

Палітык спасылаецца на сваю размову з генералам Фраловым, падчас якой апошні шчыра прызнаўся, што яго «прызначылі» ў дэпутаты. Але дамова была з тагачасным «губернатарам» Гродзенскай вобласці Аляксандрам Дубко. Калі распачалася праца ў парламенце, Дубко памёр. Па словах Лябедзькі, Фралоў падкрэсліваў, што нёс адказнасць перад Дубко і не мусіў трымаць свайго генеральскага слова перад Лукашэнкам. Таму быў як чалавек і грамадзянін абсалютна вольны.

У сувязі з такімі асаблівасцямі «выбараў» дэпутатаў, лічыць Лябедзька, не магло не быць папярэдніх дамоў з Канапацкай. Ён яшчэ згадаў цікавы момант: «Калі мы пагадзіліся і абгаварылі ўмовы дэпутацтва Канапацкай, то прапанавалі ёй самой вылучыцца на пасаду старшыні Палаты прадстаўнікоў. Навошта гэта трэба было? Каб мы маглі выкарыстаць 20-30 хвілін выступлення, каб агучыць сваю праграму і заявіць пра сябе. Будуць журналісты, дэпутаты. Вельмі добрая нагода. Яна падтрымала гэту прапанову дзвюма рукамі. Ганна любіць увагу. Пасля таго, як мы падрыхтавалі выступленне, яна адмовілася».

Гэты выпадак адмовы ад папярэдняй дамовы, на думку Лябедзькі, сведчыць аб тым, што «ў чалавека ёсць камунікацыя з кімсьці, хто прымае канчатковае рашэнне».

Падсумоўваючы, Лябедзька адзначае: «У яе не было ніводнага выступлення па свабодных сумленных выбарах. Ні адной крытыкі пэўнага кола людзей. Усё, што ніжэй, па эканоміцы — калі ласка. І гэта прывяло да яе выключэння з партыі».

Палітык лічыць, што Канапацкая пачала гуляць на баку Лукашэнкі з таго моманту, як атрымала дэпутацкі мандат.

Лябедзька згадвае, што бацька Ганны Канапацкай адыграў у Абʼяднанай грамадзянскай партыі станоўчую ролю: «Ён быў сярод стваральнікаў партыі, тых, хто ў яе рэсурсна ўкладваўся на першым этапе. Анатоль Іванавіч — вельмі паважаны чалавек. І я да яго стаўлюся з вялікай сімпатыяй. Ён вельмі разумны, таленавіты. Такія людзі патрэбны краіне».