Такой нізкай нараджальнасці ў Беларусі не было апошнія 70 гадоў

Закрытая справаздача Мінздароўя пацвярджае дэмаграфічную катастрофу, піша «Наша Ніва».

Ілюстрацыйны здымак НЧ

Ілюстрацыйны здымак НЧ

Актуальныя лічбы нараджальнасці (як і смяротнасці) па ўсёй краіне цэнтралізавана не публікуюцца з 2020 года. Але «Наша Ніва» раней здолела па асобных рэгіянальных лічбах скласці агульную карціну. Па падліках журналістаў, каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі ў 2023 годзе склаў каля 6,7-6,8.

Гэта менш, чым у Савецкім Саюзе нараджалі ў вайну (агульнасавецкі мінімум быў зафіксаваны ў 1943-м — 8,6 народжаных).

Пацверджанне гэтаму цяпер апублікавала суполка «Белыя халаты», якая вывучыла закрытую справаздачу Міністэрства аховы здароўя (яе апублікаваў «Белпол»).

«У 2023 годзе ў родадапаможных установах рэспублікі і дома зарэгістравана 64 089 родаў (2022 г. — 69 691 род), што на 8,0% менш, чым у 2022 годзе», — пішацца ў той справаздачы.

Гэта значыць, што ў 2022 годзе нарадзілася каля 69 691 дзіцяці, а ў 2023 годзе — 64 089. Гэтыя лічбы могуць нязначна адрознівацца ад рэальных (на некалькі дзясяткаў), паколькі ўключаюць мёртванароджаных, а таксама нараджэнне двух і больш дзяцей, тлумачаць «Белыя халаты».

Глядзіце таксама

З гэтых лічбаў вынікае, што нараджальнасць у 2023 годзе склала 6,96 на 1000 насельніцтва.

Адзначаецца, што гэта самы нізкі паказчык за ўвесь час назіранняў па Беларусі з 1955 года, раней ён не апускаўся ніжэй за 8,9.

Графік з колькасцю народжаных па гадах у Рэспубліцы Беларусь. Даныя з 2010 да 2019 ўзятыя са статыстычнага зборніка «Ахова здароўя Беларусі». Графік: «Белыя халаты»

Графік з колькасцю народжаных па гадах у Рэспубліцы Беларусь. Даныя з 2010 да 2019 ўзятыя са статыстычнага зборніка «Ахова здароўя Беларусі». Графік: «Белыя халаты»

Моцнае падзенне нараджальнасці пачалося ў сярэдзіне 2010-х.

Апроч сусветных тэндэнцый падзення нараджальнасці, у Беларусі ёсць і лакальныя прычыны. Гэта і працяглы эканамічны крызіс — ВУП краіны практычна замёр на адным узроўні з 2014 года, а гэта не дае ўпэўнасці ў заўтрашнім дні, — і вымушаны выезд вялікай колькасці маладога насельніцтва, выкліканы масавымі рэпрэсіямі.

Глядзіце таксама

Але ёсць адзін фактар, які можа аказаць пазітыўны ўплыў на нараджальнасць у бліжэйшым часе. Адна з прычын цяперашняга абвалу — рэха канца 1980-х і 1990-х.

Надышоў час станавіцца бацькамі тым, хто нарадзіўся менавіта ў той час. А тады быў дэмаграфічны спад, выкліканы наступствамі Чарнобыля і эканамічным крызісам.

Падобная сітуацыя і ў Расіі. Там мяркуюць, што колькасць народжаных будзе штогод скарачацца да 2026 года — а пасля пачне натуральна расці. Бо бацькамі стануць людзі, народжаныя з 2000-х. Іх больш, чым прадстаўнікоў папярэдняга пакалення.

Таму нейкі часовы рост нараджальнасці мусіць быць. Найхутчэй, падобная тэндэнцыя зафіксуецца і ў Беларусі.