Хронікі рэпрэсій, 30 кастрычніка. За два дні кастрычніка ў Расіі па запыце Беларусі затрымалі больш за 140 чалавек
У Мінску адмянілі канцэрт у клубе «Рэактар» з нагоды Дзядоў. 70-гадовага былога палітвязня будуць судзіць за «распаўсюд экстрэмізму». Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».
У Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі TikTok-старонку Славы Камісаранкі і сайт «s13.ru — Навіны Гродна»
Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» трапілі старонкі ў Instagram «БЛАГОДIЙНИЙ ФОНД «ВIЛЬНА БIЛОРУСЬ», «Борисов», Telegram-каналы «ꑭ ᴠᴀʟʜöʟʟ ✙», «s13.ru — Новости Гродно», старонкі ў TikTok «Egor», «a_ivulin» «palatnomedia», «mini_pravda», «sti____o», «nevybory», «freedomby2020», «yuratestuchkaite», «nas97a».
На старонку Камісаранкі ў TikTok падпісаныя 1,3 млн чалавек.
Набыў моц прысуд па яшчэ адной завочнай справе
Судовая калегія Вярхоўнага суда разгледзела апеляцыйную скаргу па завочнай справе ў дачыненні да Яўгена Вільскага, Вадзіма Дзмітранка, Вольгі Карач, Анатоля Котава, Веранікі Цапкала. Нагадаем, у ліпені ім прызначылі па 12 гадоў пазбаўлення волі, а таксама вялікія штрафы — Котаву і Карач прызначылі штрафы ў 15 000 базавых (600 000 рублёў), Вільскаму і Дзмітранку ў 12 000 і 11 000 базавых адпаведна (480 000 і 440 000 рублёў), Цапкала — 1000 базавых (40 000 рублёў).
Фігурантаў справы абвінавачвалі паводле пяці артыкулаў — «змова або іншыя дзеянні з мэтай захопа дзяржаўнай улады» (ч. 1 арт. 357 КК), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК), «стварэнне экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК), «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК) і «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК).
Паведамляецца, што судовая калегія вырашыла прысуд пакінуць без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення.
Журналіста Ігара Ільяша перавялі ў СІЗА ў Калядзічы
З гэтага вынікае, што яму афіцыйна прад’яўлена крымінальнае абвінавачанне, паведамляе "БАЖ".
Нагадаем, пра затрыманне Ігара Ільяша стала вядома 22 кастрычніка. Праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што Ільяш займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням» — даваў інтэрв'ю незалежным СМІ, а таксама нібыта «займаўся зборам звестак для замежных разведак» — даваў каментары ўкраінскім выданням.
Жонка Ігара — палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева.
У Рэчыцы за «распаўсюд экстрэмізму» судзяць настаўніцу, а ў Ельску — намесніка дырэктара школы
29 кастрычніка ў Ельску паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) судзілі Пятра Міхайлавіча Патапенку. Гэтыя асабістыя звесткі цалкам супадаюць з асабістымі звесткамі намесніка дырэктара сярэдняй школы № 1 горада Ельска. Разглядаў судовы працэс суддзя Яўген Карнеявец. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
А 31 кастрычніка ў Рэчыцы суддзя Станіслаў Іванюценка паводле таго самага артыкула адміністрацыйнага кодэкса будзе судзіць настаўніцу англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Вольгу Валер’еўну Герус.
70-гадовага былога палітвязня будуць судзіць за «распаўсюд экстрэмізму»
Аляксандр Патапаў з вёсцы Хатоля Віцебскай вобласці быў затрыманы напрыканцы жніўня 2022 года ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў каментарах у «Аднакласніках».
Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур'ёзна параненая. Пасля гэтага, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 года Патапаў размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла «абразлівымі». Пазней мужчыну асудзілі да 2 гадоў калоніі.
Пенсіянер вызваліўся гэтай вясной, цалкам адбыўшы тэрмін.
Заўтра Патапава будуць судзіць у судзе Віцебскага раёна. Цяпер мужчыну абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Судзіць будзе Міхаіл Зубеня.
За два дні кастрычніка ў Расіі па запыце Беларусі затрымалі больш за 140 чалавек
У краінах СНД 23 і 24 кастрычніка прайшло міждзяржаўнае комплекснае спецмерапрыемства «Вышук».
Падчас гэтай аперацыі шукалі абвінавачаных, зніклых без вестак, людзей, якія хаваюцца ад крымінальнага пераследу ці ўхіляюцца ад адбыцця пакарання, а таксама адказчыкаў па грамадзянскіх і эканамічных справах, піша «Еўрарадыё».
Агулам на тэрыторыі СНД былі затрыманыя больш за 300 чалавек, абвешчаных у вышук у Беларусі. Прычым амаль палова з іх (больш за 140) была затрыманая ў Расіі.
Стала вядома, за што будуць судзіць кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука
50-гадовы Дзмітрый — былы старшыня партыі «Зялёныя» (партыю ліквідавалі ў ліпені 2023 года). Ён узначальваў адкрытае акцыянернае таварыства «МС Заходняя» — гэта прадпрыемства, якое збірае і перапрацоўвае адкіды. Мае дарослую дачку.
Дзмітрыя затрымалі 16 лютага каля расійскай амбасады. Кучук прыйшоў, каб ускласці кветкі ў памяць пра памерлага палітыка Аляксея Навальнага. Праз месяц стала вядома, што супраць Дзмітрыя завялі крымінальную справу.
Імя Кучука з'явілася ў раскладзе судоў. Разглядаць яго справу пачнуць 22 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах — «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).
Судзіць яго будзе Алена Шылько, піша «Наша Ніва».
У Мінску адмянілі канцэрт у клубе «Рэактар» з нагоды Дзядоў
У мінскім клубе «Рэактар» 3 лістапада меў адбыцца канцэрт з нагоды Дзядоў. Сярод выступоўцаў — легендарны музыка Іван Кірчук, спявачка Іва Саціва, акапельны фолк-гурт Guda. Аднак сёння стала вядома, што канцэрт адменены.
«Мы толькі што атрымалі ліст пра скасаванне гастрольнага пасведчання», — паведаміў у сацсетках арганізатар.
Прычыны адмену канцэрту не называюцца. Як піша «Наша Ніва», цалкам імаверна, што руку прыклала сумнавядомая даносчыца Вольга Бондарава. Яна абуралася канцэртам, пішучы, што «запланаваны чарговы шабаш неверагодных скакуноў па плошчах».