Беласток: у Беларусь і з Беларусі. Як горад зьмяняў гаспадароў у 1939-1944 гадах
У 1939 годзе Беласток быў запісаны ў беларускія гарады тагачасным чырвоным рэжымам, каб праз пяць гадоў тымі ж рукамі быць аддадзеным Польшчы. Дзіўныя адміністрацыйныя падарожжы старажытнага месца – у нашым артыкуле.
Ад заснаваньня да 1921
Беласток, паводле паданьня, заснаваў яшчэ ў 1320 годзе (на 3 гады раней за Вільню) вялікі князь літоўскі Гедзімін. З сучаснай назваю тады яшчэ вёска Беласток першы раз датуецца 1514 годам, і ўваходзіла, натуральна, у Падляскае ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага.
У 1569 годзе скарыстаўшыся спрыяльнымі геапалітычнымі ўмовамі, нашай дзяржаве была па-сутнасьці навязаная Люблінская вунія, адным з наступстваў якой стала «дабраахвотная перадача» Падляскага ваяводзтва ў склад каралеўства Польскага.
Але, як кажуць, было і было, акрэсьлім наступныя перыяды ў жыцьці Беластока. Ужо ў якасьці горада, у 1692 годзе Беласток атрымлівае Магдэбурскае права (па іншых зьвестках – на некалькі дзесяцігодзьдзяў пазьней).
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Беласток апынуўся ў складзе Прусіі, дзе стаў цэнтрам дэпартамэнта. Па паразе Прусіі ў вайне з Францыяй паводле Тыльзыцкага міру ў 1807 годзе Беласток апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі, дзе ў 1808 годзе стаў цэнтрам вобласьці.
У 1843 годзе горад стаў цэнтрам павету Гарадзенскай губэрні.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Беласток абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары горада атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Беласток увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам падраёну Гарадзенскага раёну.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Беласток апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам ваяводзтва.
З рук у рукі
З таго часу і да трагічнага 1939 года нічога не зьмянілася. 23 жніўня 1939 года два дыктатары — Іосіф і Адольф — заключылі дамову аб ненападзеньні з патаемнымі пратаколамі аб перафарматаваньні Эўропы. У доўгую шуфлядку гэта не адклалі, і ўжо праз некалькі дзён, 1 верасьня Гітлер нападае на Польшчу. А 17 верасьня нападае на Польшчу Сталін — са свайго боку, і разам яны зьнішчаюць польскую дзяржаўнасьць. Гэта было пачаткам Другой сусьветнай.
17 верасьня па-над Берасьцейскай крэпасьцю вісеў сьцяг са свастыкай. У гэты дзень сталінская Чырвоная Армія напала на тэрыторыю Польскай Рэспублікі. 22 верасьня чырвоныя войскі дайшлі да Берасьця. Згодна з пагадненьнем аб мяжы, заключаным паміж СССР і Нямеччынай, крэпасьць павінна была ўвайсьці ў склад савецкай дзяржавы. Савецкі Саюз, у сваю чаргу, перадаў горад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы як адміністрацыйны цэнтар новастворанай Берасьцейскай вобласьці. Савецкая прапаганда паведамляла: «Польскія паны падпарадкавалі працоўны народ Заходняй Беларусі, кінулі яго на поле імпэрыялістычнай вайны. Значыць, мы ідзем не заваёўваць, а вызваляць».
Адпаведным чынам гісторыя прайшлася і па Беластоку: з пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Беласток акупавалі войскі Трэцяга Рэйху, але праз тыдзень горад перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. Ад сябра – сябру.
Другая сусьветная ўжо ўва ўсю зьнішчала жыцьці, а ў саўдзельніцы яе пачатку – СССР імкліва прымалі заканадаўчыя акты. 28-30 кастрычніка ў Беластоку прайшоў Народны сход Заходняй Беларусі.
22 кастрычніка 1939 года прайшлі выбары на той самы Народны Сход Заходняй Беларусі. Паводле Палажэньня пра выбары было створана 929 выбарчых акругаў. Удзельнічаць у выбарах мелі права ўсе жыхары, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту. На выбарах з 929 кандыдатаў было абрана 927 дэпутатаў. Конкурс на адна месца склаў фантастычныя 1 чалавек на 1 месца дэлегата (па двух акругах выбары не адбыліся).
На мерапрыемстве, якое нагадвала так званыя ўсебеларускія сходы Лукашэнкі, дыскусія быць, вядома, не магло. Дэлегаты ў Беластоку разглядалі наступныя пытаньні:
Пра ўваходжаньне Заходняй Беларусі ў склад БССР.
Пра дзяржаўны лад.
Пра канфіскацыю памешчыцкіх зямель.
Пра нацыяналізацыю банкаў і буйной прамысловасьці.
29 кастрычніка 1939 года Сход зацьвердзіў Дэклярацыю Беларускага Народнага Сходу па пытаньні аб уваходжаньні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, у якой адзначалася: «Прынята аднагалосна Беларускім Народным сходам 29 кастрычніка 1939 года.»
2 лістапада 1939 года на пятай пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савета СССР Сяргей Прытыцкі, вядомы камуніст з Заходняй Беларусі, выступіў з заявай Паўнамоцнай камісіі Народнага Сходу Заходняй Беларусі пра далучэньне яе, Заходняй Беларусі, да БССР. На сэсіі Вярхоўнага Савета СССР таксама выступіў чалец Пастаяннай камісіі, беларускі пісьменьнік Піліп Пестрак і іншыя.
Таксама 2 лістапада 1939 года быў прыняты Закон СССР «Пра ўключэньне Заходняй Беларусі ў склад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік з узьяднаньнем яе з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай». Беласточчына стала часткай БССР. Польшча на гэты момант была разадрана паміж Гітлерам і Сталіным.
У лістападзе 1939 году места ўвайшло ў склад БССР, дзе 4 сьнежня стала цэнтрам раёну і вобласьці. Такая сітуацыя была да 23 чэрвеня 1941 года, калі горад занялі нямецкія войскі другі раз за 2 гады.
1944
Пасьля выгнаньня нямецкіх акупантаў рэй пачалі весьці новыя, савецкія. У верасьні 1944 году Сталін перадаў Польскай Народнай Рэспубліцы 17 раёнаў Беластоцкай вобласьці і 3 раёны Берасьцейскай вобласьці, хаця фармальна гэтая тэрыторыя кіравалася БССР да 16 жніўня 1945 году — часу прыняцьця закону аб савецка-польскай мяжы.
Што гэта было? Для крамлёўскіх гаспадароў гэта была гульня, пры якой нейкія надзелы зямлі пераразьмяркоўваліся ў межах камуністычных сатэлітаў. Дзеля подкупу паспалітых літоўцаў такім жа чынам была забраная ў Беларусі Вільня ў 1940 годзе, а дзеля подкупу польскіх камуністаў – ім кінулі костку ў выглядзе кавалку былой «Другой Рэчы Паспалітай» на ўсходзе. Якая розьніца Сталіну, каму фармальна падначальваецца Беласток – беларусам ці палякам, абы ён дбайна ўзначальваўся вернымі халуямі пад патранажам Масквы.
Нагадаем, што Беларусь – адзіная краіна сярод пераможцаў у Другой сусьветнай вайне, якая страціла (і ня мала!) свае тэрыторыі на карысьць іншых.
У 1946 -1 955 гадах мяжа паміж БССР і Польшчай паводле рашэньня савецкага ўрада перасоўвалася на ўсход 4 разы. Польшчы былі перададзеныя дадаткова некалькі дзясяткаў вёсак Сапоцькінскага, Бераставіцкага і Сьвіслацкага раёнаў.
Падрыхтоўка, падпісаньне і ратыфікацыя дамовы з Польшчай былі ажыцьцёўленыя без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў БССР. Ён не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах дзяржаўнай улады Беларусі, чые нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы непасрэдна закранаў.
На сёньня дзейнічае дамова аб добрасуседзтве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 23 чэрвеня 1992 года. У ёй бакі пацьвердзілі існыя паміж імі межы, вызначаныя дамовай ад 16 жніўня 1945 года, у якой беларусы не прымалі ўдзелу. Але гэта, відаць, дробязі, на якія зьвяртаць увагу мала хто прагнуў.