Топ-10 лепшых фільмаў на Оскары-2023. Шчырая крытыка

У ноч на панядзелак у сонечным Лос-Анджэлесе адбудзецца чарговая цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў самай знакамітай і ўплывовай кінапрэміі ў сьвеце. У намінацыі «Лепшы фільм» былі вылучаныя 10 стужак, якія мы праглядзелі з задавальненьнем (і без). Паспрабавалі сумленна і шчыра расставіць іх па месцах — ад найгоршага да найлепшага фільма.

Фота: Oscars.com

Фота: Oscars.com

Адзначым, што нядаўняе рашэньне кінаакадэміі пашырыць колькасьць фільмаў з 5 да 10 у галоўнай намінацыі на «Лепшы фільм» падаецца вельмі і вельмі сумнеўным. З аднаго боку, акадэмікі бралі пад увагу агульнае падзеньне папулярнасьці трансляцыі і самой прэміі, бо выбар звычайна быў дастаткова прадказальны і меў мала цікавасьці да кінаманаў, якія спажывалі блёкбастары. Разам з тым атрымалася амаль штучнае разьдзьмуваньне. Што было ў гэтым годзе, перадаем на ваш суд.

Нумар 10. Усё паўсюль і адразу (Everything Everywhere All at Once). 2022

everything_everywhere_all_at_once.jpeg

Пачнем з разгляду суб’ектыўна найгоршай стужкі. Аўтары знаёмяць гледачоў з кітайскай сям’ёю, што пасьля пераезду ў ЗША займела дробны бізнэс — прыватную пральню. На фоне цяжкасьцяў з падатковымі органамі бачная складанасьць у сямейных адносінах паміж трыма пакаленьнямі перасяленцаў. Цікавы пачатак для патэнцыйна жыцьцёвай драмы. Далей адбываецца фарш стылю, жанраў, візуалу.

Галоўная гераіня замест таго, каб падаць падатковую дэклярацыю, становіцца ключавой фігурай мультысусьветных разборак, а існаваньню ўсяго жывога ва ўсіх магчымых сусьветах пагражае Вялікі Пончык. У выніку гераіня (хаця першапачаткова ў галоўнай ролі мусіў быць мужчына — Джэкі Чан, які ўсё ж адмовіўся ад удзелу) спрабуе разабрацца ў існаваньні бясконцых вэрсій сябе і іншых пры дапамозе Кунг-Фу-Мезінчыка.

Калі вы здолееце працягнуць пакуту і глядзець фільм далей — убачыце тое, чым лепш не забруджваць глузд.

У адным з сусьветаў людзі маюць пальцы-сасіскі, а пры чарговай бойцы ўсіх з усімі працоўным рэквізітам стане тавар з сэкс-шопу, які будуць выкарыстоўваць як кунчакі з фільмаў Бруса Лі.

Каб дадаць яшчэ больш трэшу і дзікасьці, стваральнікі карціны ўключылі ў яе Янотатуя (так-так, гэта Янот, які сядзіць на галаве ў кітайскага повара і кіруе ім — так зьяўляюцца кулінарныя шэдэўры).

Кініматаграфічным жа шэдэўрам тут і не пахне. Дарэчы, карціна цягнецца амаль 2,5 гадзіны. Недзе на сярэдзіне стужкі мы бачым надпіс «Канец фільма» і фінальныя тытры. Але гэта яшчэ не ўсё. Нашая парада: скарыстайцеся момантам і выключайце ўжо тады.

Чым жа абумоўленая такая цікавасьць крытыкі да гэтага кінафаршу? Верагодна, спробай рэжысэраў сумясьціць несумяшчальнае, сказаць новае слова ў кіно. Але спроба не ўдалася, і яна дакладна не вартая вашых пакутаў.

 

Нумар 9. Жанчыны размаўляюць (Women Talking). 2022

women_talking.webp

Сара Полі зьняла фільм, у якім пад выглядам барацьбы з хатнім гвалтам прызнаецца ў нянавісьці да мужчынаў. Шырокавядомы тэрмін «мізагінія», які апісвае нянавісьць у адносінах да кабетаў, а вось антонім — «мізандрыя» — знаёмы мала каму. Што не так з фільмам, які мусіў паказаць жахі масавых згвалтаваньняў у супольнасьці менанітаў?

Вы, відавочна, зьдзівіцеся, калі ў кадры зьявіцца аўто з заклікам прыняць удзел у перапісе насельніцтва 2010 года. Справа ў тым, што стваральнікі карціны дзівосным прыёмам ад пачатку даюць зразумець, што мы маем справу з паселішчам XVIII-XIX стагодзьдзяў. Нават калі паглыбіцца ў гісторыю пратэстанцкай дэнамінацыі, даведацца, па якіх законах жывуць менаніты ў далечыні ад дасягненьняў сучаснага сьвету, увесь флёр зьнікае ў выпадку пераносу той самай гісторыі ў звыклыя гледачу 2010-я гады любога горада. Немагчыма ўявіць, як у наш час у сьвеце адбываецца падобнае масавае злачынства, якое апісваецца ў стужцы.

Па сюжэце ўсіх жанчынаў паселішча (а іх сотні) падчас сну перманэнтна гвалтуюць мужчыны таго ж паселішча. Аднойчы ў кабет атрымліваецца злавіць аднаго гвалтаўніка. З мэтай вызваленьня злачынцы усе астатнія мужчыны зьяжджаюць у горад. У той жа час жанчыны зьбіраюцца ў сараі і бясконца абмяркоўваюць план далейшых дзеяньняў: што рабіць — застацца і зьмірыцца, застацца і змагацца, ці сысьці ўсім разам.

Му чуем жорсткія абвінавачаньні на адрас усіх мужчынаў. Але іх голас цалкам адсутнічае ў фільме. Адзіны мужчына, які зьяўляецца сьведкам доўгай размовы – маўклівы, дрыготкі настаўнік хлопчыкаў, якога запрасілі занатаваць прамовы кабетаў, бо ніхто зь іх не ўмее чытаць і пісаць. У момант, калі прадстаўнік мужчынскага полу намагаецца вымавіць сваё меркаваньне, яго са злосьцю затыкаюць жанчыны.

Мы знаходзімся на судзе над мужчынамі, віна якіх, як згаджаецца і бок абвінавачаньня, у тым, што яны мужчыны. Ці мелі яны адносіны да сапраўдных злачынстваў, што адбыліся з кабетамі паселішча — не істотна. Вінаватыя ўжо таму, што не зрабілі нічога, каб злачынстваў не было.

Сам фільм — звычайная агітка. 

Складана пабудаваныя прамовы непісьменных гераіняў гучаць цалкам непраўдзіва. У адным з эпізодаў жанчына са зьдзіўленьнем пытае ў настаўніка, што гэта за знак, маючы на ўвазе коску, і разам з тым яны ў агульным парыве заяўляюць пра пацыфізм як фундамент жыцьця. 

Вельмі шкада, што кожная сапраўдная трагедыя згвалтаваньня робіцца маніпуляцыяй у такога кшталту мастацкім выказваньні.

 

Нумар 8. Аватар: Шлях вады (Avatar: The Way of Water). 2022

avatar_the_way_of_water.webp

Трынаццаць гадоў чаканьня працягу самага касавага фільму ў гісторыі, які зьняў Джэймс Кэмэран, выліліся ў тры зь лішкам гадзіны, якія неабходна ахвяраваць, каб убачыць, што было пасьля тытраў папярэдняй карціны. А перанясемся мы з джунгляў у водны сусьвет. За 13 гадоў паміж фільмамі можна заўважыць, якіх вяршыняў дасягнуў тэхнічны бок кінематографу. Кадры, у якіх сінія істоты пагружаныя пад вадою, уражваюць рэалістычнасьцю, ідэальнымі дэталямі і прапрацоўкамі дробных элемэнтаў.

Нагадвае дакумэнтальныя фільмы Жака-Іва Кусто пра акіян. Але ў француза мэтай было не толькі паказаць прыгажосьць і загадкавасьць падводнага сусьвету, але і заахвоціць іншых вывучаць стыхію і жывых істотаў у ёй. Мэта Кэмэрэна, апроч фінансавай (а другая частка Аватара заняла 4 радок у сьпісе самых касавых за ўсю гісторыю), не праглядаецца. Інакш складана растлумачыць, чаму за доўгія 13 гадоў не здолелі выдумаць якой-кольвек лягічнай пабудовы фільму. Навошта «нябесным людзям» ствараць місію, каб забіць галоўнага героя першай часткі, калі ён не ўяўляе пагрозы, даўно выйшаў на пэнсію і гадуе дзяцей?

Сюжэт стужкі амаль дублюе ўсё тое, што гледачы ўжо бачылі ў першай частцы. Дыялёгі прапісаныя прымітыўна і пасуюць бадай толькі кардонным героям.

Гэта благі фільм, але прыгожы.

Але прыгажосьць можна было б упісаць у 90 хвілінаў замест 192.

 

Нумар 7. Фабэльманы (The Fabelmans). 2022

the_fabelmans.webp

Стужка іншага «дыназаўра» Галівуда Стывена Спілбэрга апавядае пра інтымныя моманты дзяцінства і сталеньня будучага рэжысэра. Кінаакадэмікі любяць фільмы пра кіно, таму абмінуць новую працу жывой легенды яны не змаглі. На жаль, у адрозьненьне ад падобнага ж аўтабіяграфічнага фільма «Новы кінатэатар Парадыза» (1988), што зьняў Джузэпэ Тарнаторэ, дзе маленькі герой сутыкаецца з дзівосным новым сьветам кінематографу і разам са сталым кінамеханікам праз сяброўства атрымлівае пакліканьне здымаць, у стужцы Спілбэрга магія амаль адсутнічае.

Несумненна ўдалымі зьяўляюцца пачатковыя сцэны з маці і першая спроба зьняць крушэньне дзіцячай чыгункі на татаву камэру, а таксама апошнія, дзе малады Спілбэрг на некалькі хвілінаў апынаецца ў кабінэце легендарнага рэжысэра Джона Форда. Атрымалася б цудоўная кароткамэтражка на хвілінаў 20.

А вось тое, што ўключанае паміж — выклікае няёмкае пачуцьцё, нібы зазірнуў на кухню незнаёмых людзей, а яны акурат занятыя тым, што высьвятляюць ці наадварот спрабуюць замоўчваць нюансы адносінаў. Кадры, калі юнак-юдэй трапляе да маладой паненкі-хрысьціянкі ў пакой, і яна прымушае яго маліцца, вартыя напэўна толькі моладзевых фільмаў кшталту «Амэрыканскі пірог» канца 90-х. Тое самае тычыцца і ўзаемадзеяньняў паміж школьнікамі ў стужцы. 

Не абышлося, вядома, і без антысэмітызму. 

Штучным выглядаў эпізод, у якім адзін са школьнікаў просіць Фабэльмана (Спілбэрга) нікому не распавядаць аб падзеі, што здарылася напярэдадні. Спілбэрг кажа: «Не, вядома нікому не скажу, магчыма толькі калісьці здыму пра гэта фільм». Праз 60 гадоў зьняў.

Хутчэй за ўсё гэтая стужка пераможа ў панядзелак у намінацыі «Лепшы фільм», але не тут.

 

Нумар 6. Трохкутнік смутку (Triangle of Sadness). 2022

triangle_of_sadness.jpg

Вельмі іранічная камедыя швэдзкага рэжысэра Рубэна Эстлунда ўжо пасьпела перамагчы на апошнім Канскім кінафэсьце. Стужка складаецца з трох частак, кожная зь якіх раптоўна выходзіць з папярэдняй. Трэба адзначыць, што гумарам насычаны амаль увесь экранны час, і бліжэй да фіналу можна нават стаміцца ўсьміхацца.

Фільм — цудоўны прыклад правільнага і іранічнага падыходу да сучаснага сьвету, і дзякуючы гэтай працы мы можам без пагрозы кэнсэлінгу ад душы пасьмяяцца з самых тонкіх тэмаў сёньняшняга дня. Вудзі Харэльсан грае капітана круізнага лайнэра, які зьяўляецца ідэйным марксістам, дадайце туды самалійскіх піратаў, пару мадэляў, брытанскіх вытворцаў зброі, расейскага алігарха і нямецкую кабету-інваліда – усе зьмяшаюцца ў прывабны ансамбль. Кожны са шматлікіх герояў фільма вельмі таленавіта раскрываецца і ўдзельнічае ў трагікамічных сцэнах.

Гэтая стужка вартая таго, каб быць прагледжанай, але лепш не ўжываць ежу падчас прагляду, бо марская хвароба, як і ў герояў, можа распаўсюдзіцца і на вас.

 

Нумар 5. Топ Ган: Мэвэрык (Top Gun: Maverick). 2022

top_gun_maverick.webp

Па шчырасьці, нечакана мець фільм з Томам Крузам у галоўнай ролі на пятым месцы з ліку выбраных кінаакадэміяй карцінаў. Але маем, што маем. «Топ Ган» — выдатны прыклад стужкі-атракцыёна, які несумненна падаруе хвіліны эмацыйнага ўздыму для гледачоў, а таксама будзе ўдала трымаць увагу. Том Круз ніколі не быў акторам зь вялікім талентам, але ў дадзеным выпадку гэта ніяк не сапсавала стужку, ён выглядае ў ёй арганічна.

Што цікава, нават калі вы не бачылі першай часткі «Топ Ган», што пабачыла сьвет у 1986 годзе, стваральнікі другой часткі пастараліся, каб вы не адчувалі, што прапусьцілі нешта надзвычай істотнае. Насуперак таму, што адбываецца на вайне сёньня, мы навучымся берагчы кожнае жыцьцё.

Фільм удала паказвае канфлікт з неназваным ворагам, які плянуе стварыць ядзерную бомбу ў шахце пад зямлёю. Лепшыя пілоты ВПС ЗША мусяць прайсьці хуткую падрыхтоўку і зьдзейсьніць заданьне па зьнішчэньні злачыннай інфраструктуры ворага. Але засяроджваюцца стваральнікі стужкі на ўзаемаадносінах і ўзаемапавазе, што ўзрастае праз канфлікты і супярэчаньні. Кожнае жыцьцё істотнае, нават калі гаворка ідзе пра выкананьне вайсковага загаду. Да плюсаў стужкі дадамо яшчэ і той факт, што акторы выконвалі свае палёты ў сапраўднасьці, а не на зялёным экране, таму ўсе цяжкасьці пілотаў праадчувалі на сваёй скуры, а не з ролікаў Ютуба.

Добры галівудзкі блёкбастэр, які цягне за сабою прыемны шлейф пасьлясмаку.

 

Нумар 4. Элвіс (Elvis). 2022

elvis.jpg

Новы фільм База Лурмана ўяўляе сабою цікавы падыход да паказу кар’еры караля рок-н-ролу. Гледачы становяцца сьведкамі першых музычных спробаў Элвіса і росквіту яго таленту праз вочы яго мэнэджэра, палкоўніка Тома Паркера ў выкананьні Тома Хэнкса. На думку палкоўніка, без яго не было б ніякага Прэслі. З гэтым неабходна пагадзіцца, але якім коштам было дасягнутае становішча звышчалавека ў музыцы. Чым спатрэбілася ахвяраваць, каб стаць самым крутым у гісторыі ро-н-ролу? Як гэта прывяло да сьмерці Элвіса ва ўзросьце ўсяго 42 гадоў?

Чаго не хапіла фільму? Падбору актора на галоўную ролю. Нягледзячы на тое, што Осьцін Батлер атрымаў намінацыю за выкананьне ролі Элвіса, ён не пакідае ўражаньня электрычнага запалу, які сыходзіў ад сапраўднага караля музыкі. Нельга не адзначыць і добрае трапленьне ў ролю, але добрае не азначае выдатнае.

Чаго будзе дастаткова? Крыку прыхільніцаў на канцэртах, сутычак з палітыканамі і паліцыяй, а таксама песьняў, якія ведае кожны. Агулам стужка выглядае добра і па-майстэрску зьнятай, з пэўнымі непазьбежнымі хібамі для баёпікаў. Таму ў бліжэйшы вольны вечар запрашаем вас на прагляд.

 

Нумар 3. Тар (Tár). 2022

tar.jpg

Яшчэ аздін фільм на музычную тэматыку. Фантастычная Кейт Бланшэт выконвае ролю звышпасьпяховай дырыжоркі Бэрлінскага аркестру з прозьвішчам Тар. Яе жыцьцё і кар’ера складваюцца больш чым удала, дадаць здаецца мала што і можна. Яна можа абіраць новых музыкаў у свой аркестар, ставіць умовы донарам, бо яна — суперзорка, да таго ж жанчына, якая сама прабіла шлях на вышыню сапраўднай музыкі.

І тут мы сутыкаемся з сытуацыяй, калі цень абвінавачаньня, яшчэ толькі вуснага, бяз доказаў, проста чутак, пра яе недобрасумленныя паводзіны сярод калегаў прыводзяць да фактычнага адштурхоўваньня яе з кар’еры. Дзякуй Богу, што стваральнікі фільма не пабаяліся зрабіць галоўную гераіню менавіта жанчынай. Амаль увесь час стужкі камэра сфакусаваная на Кейт Бланшэт, што б яна ні рабіла: ці то размаўляла, ці тое ела, ці тое дырыжавала. Мы нібы ўвесь час сочым за яе рухамі, учынкамі, і высьвятляецца, што менавіта гэта робіць невядомы нам чалавек праз свой смартфон.

Сьмелыя заявы ў стужцы супраць папулярнага і распаўсюджанага зараз эфэкту «заўжды пакрыўджаных». Галоўная гераіня вэрбальна ставіць на месца чорнаскурага вучня, які адмаўляецца выконваць творы Баха, бо той быў белым цысгендарным мужчынам.

Мы на свае вочы ўбачым увесь той жах, зь якім сутыкаюцца абвінавачаныя (і як жа часта цалкам беспадстаўна) у непрыстойных паводзінах. Маніпуляцыя фактамі, лёгкі мантаж — і абвінавачаньне гатовае. А грамадзтва зь яшчэ большай лёгкасьцю кэнсіліць па першым званку. Безумоўна, лепшае выкананьне жаночай ролі Кейт Бланшэт.


Нумар 2. На Заходнім фронце бяз зьменаў (Im Westen nichts Neues). 2022

im_westen_nichts_neues.jpg

Новая экранізацыя несьмяротнага гіта Эрыха Марыі Рэмарка. Стужку можна назваць антываенным гімнам нашага часу. Бессэнсоўнасьць і жахлівасьць любога кожнага новага дня на вайне становіцца крыштальна зразумелай дзякуючы шыкоўнай апэратарскай працы. І калі сюжэт верагодна зьяўляецца агульна вядомым, яго раскрыцьцё на экране выклікае поўнае захапленьне. Хвіліны прапагандысцкай апрацоўкі падлеткаў напярэдадні іх адпраўкі на фронт, дзе іх, па словах генэралаў, чакае хуткі марш па цэнтральных вуліцах варожай сталіцы (у дадзеным выпадку Парыжа) рэзка кантрастуюць з рэальным становішчам.

Моцныя кадры, калі яшчэ нядаўна фанабэрысты юнак, які з ахвотаю апрануў форму, скуголіць у акопе і кліча маму. Але наперадзе чакаюць бязглуздая жорсткасьць і ганебная будучыня.

Пры праглядзе задайце сабе пытаньне, ці суперажываеце вы гэтым жаўнерам, у якіх ня будзе нічога добрага.

 

Нумар 1. Баншы Інішэрына (The Banshees of Inisherin). 2022

the_banshees_of_inisherin.webp

Марцін МакДона стварыў па-за фільм па-за часам, дзеяньне якога адбываецца недзе на выспе каля Ірляндыі. На фоне — даносяцца зьвесткі аб нейкай барацьбе кагосьці з кімсьці са зброяй у руках, што праўда не вельмі зацягвае жыхароў Інішэрына. Яны жывуць простым жыцьцём, калі надвячоркам мужчыны зьбіраюцца ў бары, каб перамагчы пінту-другую піва.

Гледачы становяцца сьведкамі ідэальнай акторскай гульні ад Коліна Фарэла і Брэндана Глісана (тую ж пару той жа рэжысэр здымаў у культавай стужцы «Залегчы на дно ў Бруге»). Гэтым разам сябры, ці як мы заўважаем з першых кадраў, былыя сябры займаюцца вырашэньнем сваіх душэўных перажываньняў. Глісан адмаўляецца сябраваць далей з героем Фарэла праз яго «павярхоўнасьць». У сваю чаргу той імкнецца наладзіць адносіны.

Як у найгоршым фільме гэтага сьпісу, дзе былі пальцы-сасіскі, тут вялікая ўвага будзе прысьвечаная чалавечым пальцам. Сапраўдная, шчырая гісторыя пра сяброўства.

Хто такія Баншы, вынесеныя ў назву фільма? Гэта феі, якія зьяўляюцца прадвесьніцамі сьмерці.

Стужка, вартая для прагляду кожнаму.