У лукашыстаў гісторыя Беларусі пачынаецца з 1917 года. І гэта зусім не жарт

Днямі кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Ігар Сергяенка зрабіў дзве знакавыя заявы. Па-першае, што трэба распрацаваць метадычку па гістарычнай палітыцы. Па-другое, што трэба адмяніць Каліноўскага і Касцюшку. Як у выніку ў вачах рэжыму выглядае гісторыя Беларусі, распавядае «Н*ша Ніва».

20181107_img_7045_logo_2_1.jpg

У пачатку 2021 года Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі правёў сацыялагічнае апытанне па стане гістарычнай памяці беларусаў. Выявілася, што яна абапіраецца ў сучаснага беларуса на два стаўпы — часы Вялікага Княства Літоўскага і шлях БССР да незалежнай Беларусі. У людзей назіралі станоўчае стаўленне да часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, а таксама да бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня». А вось да эпізодаў накшталт 17 верасня 1939 года, як высветлілася, стаўленне абыякавае.

І вырашыў рэжым, што час пераламаць трэнд.

2022-і абвясцілі Годам гістарычнай памяці і стварылі пад гэту справу камісію, якую і ўзначаліў генерал Сергяенка. Набралі туды розных людзей накшталт Марзалюка, не забыўшыся і на Гігіна. І каб было зусім добра, паклікалі гісторыка ад Службы замежнай разведкі Расіі Аляксандра Дзюкава. Ён даўно жыве на нашай паляне, завязаў кантакты з архівамі.

Паводле шаблонаў гэтага Дзюкава і будуецца праца ў галіне гістарычнай палітыкі беларускага рэжыму. Дзюкаў — спецыяліст па войнах памяці. І заходзіць ён праз генацыд. Вы ж вось супраць генацыду? І Дзюкаў супраць. І таму ён вам раскажа, як у балтыйскіх краінах ці Польшчы падчас вайны праводзілі генацыд. Спачатку вы пагодзіцеся, а потым раз — і вы супраць балтаў і палякаў і адначасова за Расію. А вось Гітлер і нацыянал-сацыялізм тут аказваюцца ўбаку. Такая маніпуляцыя з праўдай.

Праз год працы сваёй камісіі Сергяенка загаварыў аб стварэнні метадычкі па гісторыі.

Не трэба мець ілюзій: гаворка ідзе пра цэнзуру. «Навуковая» аснова пад гэту метадычку закладзена ў манаграфіі БІСІ накладам у 99 асобнікаў, якую перадалі прыстойныя людзі.

Груба кажучы, там прапануюць падзяліць гісторыю Беларусі на дэструктыўную і канструктыўную для «нацыянальнага адзінства».

Да «дэструктыўных» падзей адносяць: 25 сакавіка 1918-га, 1863-ці, 1830-ты, 1569-ты.

Да «канструктыўных»: 1994-ты, 1945-ты, 17 верасня 1939-га, 1919-ты — утварэнне БССР.

Калісьці быў жарт, што ў лукашыстаў гісторыя пачынаецца з 1917 года, а выявілася, што гэта зусім не жарт.

І заява Сергяенкі пра Каліноўскага — гэта крок да пашырэння тэндэнцыі разбурэння магіл салдат польскага антыфашысцкага супраціву часоў Другой сусветнай вайны, таксама як і на магіл паўстанцаў 1863-64 гадоў. Нездарма Дзюкаў усё посціць пра гэта паўстанне.

У канчатковым выніку лукашэнкаўцы хочуць, кажучы іх птушынай мовай, «перафарматаваць гістарычны код», «перапрашыць нацыянальную свядомасць». І ў гэтым яны паслядоўныя: спачатку ў краіне зачысцілі беларускае поле, цяпер яго хочуць напоўніць сваімі савецкімі сюжэтамі.

Гэтая спроба наноў адмяніць беларускую гісторыю — выклік для незалежных гісторыкаў. Трэба закасаць рукавы і пісаць больш.