«Фальшыўка, зробленая ў Польшчы». Наш ці не наш Кастусь Каліноўскі?
Гісторыя Беларусі ўвесь час перакройваецца на патрэбу палітычнай кан'юнктуры, а яе выбітныя постаці з герояў ператвараюцца ў ворагаў — як гэта спрабуюць зрабіць прыхвасні Лукашэнкі з Кастусём Каліноўскім.
Час ад часу ў інфармацыйнай прасторы з’яўляюцца рэзанансныя выказванні: маўляў, ніякага дачынення да нашай гісторыі асобы кшталту Кастуся Каліноўскага не маюць. А калі і маюць, то зусім неадназначнае.
І ў якасці доказаў звычайна прыводзяцца некаторыя міфы, што склаліся ўжо сапраўдным арэолам вакол ягонай асобы. Карыстаючыся такой самай логікай, «Будзьма» разбірае і разбурае самыя папулярныя з іх.
Міф № 1. Каліноўскі не мае дачынення да Беларусі
Мае. І справа нават не ў тым, што ён паходзіць з гістарычна беларускіх абшараў. Будучы выхаваным у польскай культуры, Кастусь Каліноўскі, як і многія яго папярэднікі, адчуваў, разам з тым, і сваю адасобленасць ад яе.
Прыкладна гэтаксама пачуваліся Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля і многія іншыя: з аднаго боку, яны гаварылі і пісалі па-польску, але з іншага, былі патрыётамі найперш свайго краю, то-бок не былі «палякамі» ў вузкім сэнсе гэтага слова — этнічным.
Сама ідэя незалежнасці прарастала ўсё ХІХ стагоддзе ў колах беларускай і літоўскай шляхты, нягледзячы на відавочнае дамінаванне польскай культуры. Напрыклад, сваю шматтомную «Гісторыю літоўскага народа», якая была напісана па-польску, Тэадор Нарбут скончыў на Люблінскай уніі 1569 года: маўляў, нічога цікавага далей ужо і не было...
Міф № 2. Каліноўскі змагаўся за аднаўленне Польшчы
Кастусь Каліноўскі сапраўды змагаўся разам з паплечнікамі за аднаўленне Рэчы Паспалітай, але, як памятаем з гісторыі, гэта была федэратыўная дзяржава, а не монакультурная і монаэтнічная Польшча.
Да ўсяго варта дадаць, што паўстанне 1863 года ў Літве і Беларусі пачалося на тыдзень пазней пасля выступленняў у Варшаве, бо было поўнай нечаканасцю для яго ўдзельнікаў на нашых землях. Ім давялося падтрымаць сваіх польскіх паплечнікаў, і 1 лютага 1863 года Літоўскі правінцыйны камітэт апублікаваў праграму, дзе называў сябе часовым урадам.
Разам з тым, менавіта Кастусём Каліноўскім, а таксама некаторымі яго паплечнікамі была канчаткова аформлена ідэя незалежнай Беларусі і беларускай ідэнтычнасці ў сучасным яе разуменні. Самы яскравы доказ таму — газета «Мужыцкая праўда», якая выдавалася на беларускай мове і для беларускіх сялян.
Францішак Багушэвіч, які лічыцца бацькам новай беларускай літаратуры, таксама браў удзел у паўстанні 1863 года, а ўжо пасля яго паражэння заняўся літаратурай і сфармуляваў на доўгія дзесяцігоддзі сам канон беларушчыны.
Пэўна, з гэтай прычыны ў сучасных польскіх альбомах ці кнігах, якія прысвечаны Студзеньскаму паўстанню — а менавіта так яно называецца ў гістарыяграфіі Польшчы, вы не адшукаеце змястоўнай біяграфіі Кастуся Каліноўскага. Згадкі пра яго калі і будуць, то выключна эпізадычныя — па прынцыпе «быў і такі чалавек».
Міф № 3. Каліноўскі быў за паноў і шляхту
Гэта няпраўда. Кастусь Каліноўскі належаў да найбольш радыкальнай, але колькасна нешматлікай плыні паўстанцаў — «чырвоных». Яны выступалі за рэспубліканскі лад, шырокія дэмакратычныя рэформы і стварэнне больш справядлівай у сацыяльным сэнсе дзяржавы.
Адзін з яго псеўданімаў — Хамовіч, дзе важнае значэнне маюць першыя тры літары. Каліноўскі, нягледзячы на сваё шляхецкае паходжанне, імкнуўся наблізіцца да простага народа, сялян. За гэта сучаснікі звалі яго «халопаманам», або проста «хамам». Здаецца, яму нават падабалася злаваць і дражніць шляхцюкоў.
Іншая плынь паўстанцаў — «белыя» — былі збольшага кансерватарамі і буйнымі землеўласнікамі. Вось акурат яны і выступалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года з усімі існуючымі там парадкамі. «Не рушыць старыны, не ўвадзіць навіны» — як было прынята на нашых землях яшчэ ў часы ВКЛ.
«Белыя», у адрозненне ад «чырвоных», спадзяваліся на тое, што ім дапамогуць заходнія краіны — Францыя і Англія. Іх паўстанне было паўторам папярэдняга — 1830–1831 гадоў, якое таксама вылучалася кансерватыўным падыходам да пытання сацыяльнай справядлівасці і таму сярод простых людзей папулярнасці не мела.
«Чырвоныя» шукалі найперш падтрымкі ў насельніцтва. І ў гэтым абсалютна не прагадалі, бо, згодна са статыстыкай, там, дзе распаўсюджвалася «Мужыцкая праўда», сяляне больш ахвотна далучаліся да паўстанцкага руху. А без іх удзелу любыя спадзяванні на перамогу былі марнымі, таму «белыя» ў хуткім часе прынялі сваё паражэнне і пачалі адыходзіць ад спраў.
Міф № 4. Каліноўскі — прадукт савецкай пары
Часта можна сустрэць такую думку, што міф пра Кастуся Каліноўскага быў створаны за савецкім часам. Але гэта не зусім праўда, або хутчэй наогул няпраўда. Бо першыя згадкі пра Каліноўскага ў прэсе адносяцца яшчэ да пачатку ХХ стагоддзя.
Ці не самым вядомым можна назваць артыкул Вацлава Ластоўскага «Памяці Справядлівага» ў першым нумары газеты «Гоман», якая выдавалася ў Вільні ў 1916–1918 гадах. Там Каліноўскі яшчэ не Кастусь, але ўжо Касцюк, а канчатковае складванне легенды пра яго адбылося ў ранняй БССР.
І тут важна разумець вось што: без народнай памяці, якая данесла згадкі пра ягоную асобу, нічога гэтага не было б. Найперш на Гродзеншчыне беларускія сяляне памяталі і расказвалі пра Кастуся Каліноўскага як пра свайго героя.
Яно і лагічна: было б вельмі дзіўна, калі б камуністы прыдумалі нешта літаральна з паветра і прывілі яго насельніцтву. Яны ўзялі тое, што было ў народных «гушчах», і скарысталі з уласнай мэтай. Бо асоба Каліноўскага і праўда добра клалася ў тагачасны мэйнстрым — змаганне з царызмам.
Яму відавочна сімпатызаваў першы прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі Усевалад Ігнатоўскі, які займаўся даследаваннем гісторыі паўстання 1863 года. Даследавалі асобу Каліноўскага і іншыя навукоўцы.
Да ўсяго варта памятаць, што, як і ў нашы часы, стаўленне да асобы Кастуся Каліноўскага не было аднолькавым. У 20-я гады ХХ стагоддзя пра яго пісалі навуковыя артыкулы і літаратурныя тэксты, пра яго жыццё ставілі п’есы і нават знялі фільм. У 30-я гады стаўленне рэзка памянялася: яго пачалі лічыць рэакцыянерам і спрабаваць выкараніць з памяці. Але калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, то да ягонай асобы зноў вярнуліся — як да народнага героя.
Так, у лістападзе 1943 года была створана партызанская брыгада імя Кастуся Каліноўскага, якая дзейнічала на тэрыторыі гістарычнай Гродзеншчыны і Беласточчыны, а вядомы беларускі паэт Пятрусь Броўка ў тым самым годзе напісаў вядомы верш «Кастусь Каліноўскі». Гаворка ў ім ідзе пра вяртанне легендарнага паўстанца, які цяпер вядзе змаганне ўжо з немцамі.
Міф № 5. Каліноўскі не пакінуў заўважнага следу
Гэта таксама няпраўда. Бо тыя ці іншыя згадкі пра Кастуся Каліноўскага ў вершах ці прозе лёгка адшукаць у беларускай літаратуры і даваеннай, і пасляваеннай пары. Прычым пісалі пра яго як вядомыя аўтары, так і абсалютна другарадныя, якіх цяпер не прыгадае ніхто, акрамя спецыялістаў.
Відаць, самы вядомы твор, прысвечаны асобе Кастуся Каліноўскага — гэта раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
Белетрызаваная гісторыя паўстання 1863 года, безумоўна, мае прысмак юнацкага максімалізму, але вартая прачытання.
Нездарма менавіта гэтая кніга рэгулярна перавыдаецца як па-беларуску, так і па-руску даволі вялікімі накладамі і б’е ўсе рэкорды продажаў. Сапраўдны бестселер у беларускай літаратуры, якому цяжка скласці канкурэнцыю.
Што да грамадскага ўшанавання асобы Кастуся ды іншых паўстанцаў, то варта прыгадаць перапахаванне 2019 года. Болей за ўсё ў Вільні было беларусаў, якія прыехалі для ўдзелу ў працэсіі не толькі з розных беларускіх гарадоў, але нават і іншых краін.