Алесь Пушкін: Калі будзе нязломнай творчая эліта — паўстане і нацыя
«Яго творчасць была ўвасабленнем нязломнага духу беларускага народа», — выказалася пра смерць Алеся Пушкіна Святлана Ціханоўская. НЧ сабралі згадкі пра Алеся Пушкіна асобаў, якія ведалі мастака-палітвязня.
Лявон Вольскі: Забілі мастацтва
Безумоўна, першая рэакцыя: гэта памылка! І надзея на гэта ёсць і цяпер, хаця інтуіцыя гаворыць: не, усё так і ёсць. І Алеся Пушкіна — вясёлага, вельмі натуральнага, шчырага, шумнага, эпатажнага — ужо няма сярод нас.
З Алесем я быў знаёмы з пачатку 90-х. Быў у ягонай колішняй майстэрні ў Віцебску, у ягонай хаце ў Бабры…
Гэта быў сапраўдны Мастак. Не мастак паводле прафесіі, адукацыі, працы, а чалавек, які жыў мастацтвам. І сёння яго пазбавілі жыцця. Забілі мастацтва.
І гэтая вестка не ўкладаецца ў галаве.
І спадзяешся на нейкую памылку.
Але, калі ўсё сапраўды так, значыцца ім нельга здавацца! Нельга, бо яны заб’юць цябе ў палоне, у сваіх канцэнтрацыйных лагерах, нягледзячы на тое, хто ты — мастак, паэт, доктар навук ці нобелеўскі лаўрэат.
І хай толькі цяпер цывілізаваны свет з ягонымі самітамі выразіць глыбокую занепакоенасць…
Святлана Ціханоўская: Людзі не павінны паміраць у турмах
«Сёння ўночы Беларусь страціла таленавітага і бясстрашнага чалавека. У рэанімацыі пры нявысветленых абставінах памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін. Пра гэта паведаміла яго жонка Яніна.
Алесь быў зняволены за сваю творчасць, якая была ўвасабленнем нязломнага духу беларускага народа. Ён марыў пра свабодную і дэмакратычную Беларусь. І нашая мэта – разам працягваць справу Алеся і наблізіць Беларусь яго мары.
Прашу ўсіх, хто ведае нешта пра смерць Алеся, – перадайце інфармацыю яго жонцы, незалежным медыя ці праваабаронцам. Людзі не павінны паміраць у турмах. Мы будзем даведвацца праўду.
Кожная смерць палітзняволенага – адказнасць рэжыму і асабіста Лукашэнкі, які трымае іх у нечалавечых умовах. Зусім незразумела, як знайсці адказ на пытанне: колькі яшчэ павінна памерці людзей за кратамі, каб рэжым пачаў дыялог з грамадствам і вызваленне людзей з турмаў?
Я выказваю шчырыя спачуванні жонцы Алеся, яго блізкім і сябрам. Памяць пра Алеся і яго творчасць застанецца з намі назаўжды».
Альгерд Бахарэвіч: Яго забілі за мову, за талент і смеласць
Апошні раз мы бачыліся з Алесем падчас аднаго з вераснёўскіх маршаў 2020-га. Сустрэліся выпадкова і прайшлі разам ад ГУМу да Палаца Спорту. Алесь нёс у руках партрэт Каліноўскага.
Мы былі знаёмыя з 90-х. І чым даўжэй былі знаёмыя, тым радзей бачыліся і тым менш супадалі нашыя погляды. Адзіным, дзе паміж намі заўсёды была згода, былі беларуская мова і беларуская незалежнасць. Калі я пісаў пра ягоны самы славуты перформанс для адной са сваіх кніг, дык паказаў яму тэкст, каб нічога не наблытаць. Тэкстам ён быў задаволены. Дагэтуль памятаю фразу з аднаго ягонага інтэрв’ю: "Народ без нас як бараны рассеяныя..." Ён верыў у тое, што калі будзе нязломнай творчая эліта — паўстане і нацыя.
Алесь быў неймаверна таленавітым, правакацыйным і смелым мастаком і добрым чалавекам. Такім для нас і застанецца. Астатняе ўжо не важна. Застанецца мастаком і чалавекам, якога забілі ў турме. Забіла гэтая ўлада. Яго забілі за мову, за талент і смеласць. За тое, што ён беларус Алесь Пушкін.
І гэтае забойства дараваць нельга. Як жа хочацца дажыць да суду над судзьдзямі і катамі. Калі мне кажуць, што Беларусь не канцлягер, я прызнаю, што тым, хто жыве ў ёй, лепш відаць і ведаць. Не дык не. Я толькі ціха прашу: тады скажыце, што ўсё, што мы чытаем тут у навінах, тое, што расказваюць нашыя знаёмыя і сябры - няпраўда. Скажыце, што гэта няпраўда. Маўчаць. Цікава: як адгукнуцца на гэтае забойства іншыя беларускія мастакі. Члены саюзаў, удзельнікі мілых бясьпечных выставаў, тыя, хто робіць выгляд, што ўсё нармальна.
Але ўсё гэта і праўда ня важна. Нацыяналізм, нашыя спрэчкі, нашыя падзелы на правых, левых, кансэрватараў, нацыяналістаў, постмадэрністаў. Алеся няма. А тыя, хто яго ведаў - хто сядзіць, хто маўчыць, хто ўцёк, хто застаўся. Усім нам балюча.
Светлая памяць.